Вернісаж выставы праходзіў у Мастацкім музеі надзвычай спакойна, як выказаўся сам Масеціч, — камерна. Быццам бы са сціпласці малады мастак вырашыў не адцягваць увагу гараджан ад іх паўсядзённых спраў. Ды не па вернісажы выставу сустракаюць, а ўсё ж па якасці прадстаўленых на ёй работ.
Свядома ўнікаем прэтэнцыёзнага слова “карціна”, калі вядзем гаворку пра графіку Генадзя. Яго працы пераважна невялікага паверу, таму больш да месца было б слова “карцінка”, каб яно не насіла такога зняважлівага значэння ў адносінах да мастацкай творчасці. Не падыходзіць сюды і “эцюд”, бо перад намі – закончаныя творы, а зусім не накіды. Так што з-за адсутнасці выбару далей будзем задавальняцца сухой “работай”.
Дык вось, чаму рыба? Чаму “Рыбны дзень” – ясна. Бо няма на выставе ніводнай работы, дзе ў тым ці іншым выглядзе не фігуравала б рыба. Здзекуецца аўтар з божага стварэння, як можа. Вось рыба, на якой трымаецца свет (“Вячэрні настрой”), а іншую рыбу трымаюць на сваіх галовах два мужчыны далёка не інтэлігентнага выгляду, адзін з якіх разлівае ў шклянкі гарэлку (“Фундамент дзяржавы”). І так паўсюль: рыбы-дэльтапланы, рыбы – дзіцячыя вазкі, рыбы-дарогі, рыбы-сталы, рыбы, рыбы, рыбы…
Дык вось, чаму рыба? Генадзь Масеціч гаворыць, што першапачаткова яго прыцягнула сама форма рыбы як прадмета. З ёй было лёгка працаваць, змяняць абрысы, накладваць сюжэты. І толькі пасля аформілася і сімвалічнасць гэтай графічнай нізкі. “Рыба – гэта старажытны славянскі сімвал дабрабыту”, — дае нам ключ да разгадкі Генадзь. І з гэтым ключом лёгка адмыкаецца любая яго праца.
Хаця гэта нават не абавязкова – разумець, які сэнс аўтар уклаў у той ці іншы сюжэт. Работы проста прыемныя воку, і ўнікаць у іх філасофію хочацца далёка не адразу і не заўсёды. Магчыма, таму іх ахвотна купляюць, асабліва замежнікі. Як прызнаецца мастак, у Беларусі яны выстаўляліся на продаж толькі на “Славянскім кірмашы”, але і там беларусы мала імі цікавіліся.
Па сутнасці, на рыбах Масеціч мог бы зарабіць неблагі капітал. Графіка адносна хутка выконваецца і – трэнд эпохі – добра прадаецца. Аднак мастак падкрэслівае, што графіка – не асноўны яго занятак. Найперш ён аддадзены жывапісу. “Я мог бы рабіць графічных работ больш, але я сам сябе спыняю. У галаве ідэй вельмі шмат, ды не ўсё раблю”, — дзеліцца Генадзь.
Каго слушна зацікавіла творчасць маладога пінчука, раім асабліва не разважваць і выбірацца ў культпаход у Мастацкі музей. “Рыбны дзень” прабудзе там не так і шмат – толькі да 27 сакавіка. Можа, вы таксама знойдзеце там сваю рыбку, якую вельмі шкада будзе пакідаць.
0 комментариев
Anonymous User
23.03.2013 в 14:14мяр-кую
23.03.2013 в 14:14Стыльныя працы. Тэкст адпавядае.