Паглядзець і плакаць
Нягледзячы на такую неаптымістычную сітуацыю на кніжным рынку, пісьменнікі працягваюць пісаць, а выдавецтвы супраць усіх законаў абарачэння грашовай масы працягваюць нешта выдаваць. І гэта ратуе тых бібліяфілаў, якія ў любы час дня і ночы могуць расказаць пра недахопы і вартасці сучаснай беларускай літаратуры. Тых дзівакоў, што пры пастаянна адмоўным сальда сямейнага бюджэту заўсёды гатовыя выдаткаваць грошы на кніжную навінку. Вось яна – катэгорыя, за якую не трэба ваяваць выдавецкім і крамным маркетолагам.
Побач з гэтымі адзінкамі існуе некаторая колькасць аматараў чытання, якія прыходзяць у кнігарню, каб купіць кнігу. Любую, якая спадабаецца. Але падабацца беларускія кнігі пакуль не хочуць ні афармленнем, ні коштам, ні граматным прасоўваннем у народныя масы. Дзякаваць богу, пакрысе адыходзіць ад такога непрыемнага сінанімічнага раду нецікавы змест, паколькі сучасныя літаратары, асабліва маладыя, прыкладаюць усе намаганні, каб сапраўды годна прадстаўляць нацыянальнае слова ў сусветным кантэксце.
Што і казаць, ствараць імідж мы пакуль не навучыліся і не зразумелі, што на яго часам варта выдаткаваць грошы. І няўцямна лыпаем вачыма, калі на творчую вечарыну польскага пісьменніка ў Берасці збіраецца цэлая зала, а каб забяспечыць прысутнасць пары дзясяткаў чалавек на сустрэчы з беларускімі творцамі, трэба ледзь не адміністрацыйны рэсурс падключаць. Дык вы ж паглядзіце на таго Вішнеўскага, які так выглядае, што пачынаеш зайздросціць пісьменнікам, і на большасць нашых, у якіх калі і хочацца купіць кнігу, дык толькі са шкадавання. І давайце не будзем спасылацца на адно палітычныя варункі.
Пайшоў прагрэс
Аднак вернемся ў краму, дзе няма пісьменніка, а ёсць толькі кнігі. Ці магчыма прымусіць патэнцыйнага чытача спыніць свой выбар на беларускамоўнай прадукцыі?
Магчыма, але выдавецтвам час забывацца пра такую сістэму працы, калі выдаў кнігу, адправіў у краму – і ўжо малайчына. Сёння трэба прымусіць купіць. І прыклады прасунутага маркетынгу нарэшце пачалі з’яўляцца ў нашых абсягах.
Грамадска-культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!”, што пастаянна прымяняе досвед сусветных піяр-агенцтваў на ніве папулярызацыі нацыянальнай культуры, узялася прапагандаваць і кнігі. Для гэтага яна наладзіла супрацоўніцтва з адным з выдавецтваў і ў некалькіх крамах пачала праводзіць акцыю, у межах якой пакупнік атрымлівае невялікія падарункі за набытыя кнігі беларускіх аўтараў. За адну кнігу маеш набор паштовак, да дзве – кампакт-дыск з беларускамоўнай музыкай. У Берасці такую акцыю падтрымала кнігарня “Іскра”.
Вынік? Будзе!
Загадчык кнігарні “Іскра” Святлана Юнчык расказвае, што спажыўцы акцыю заўважылі і на яе клюнулі. Хоць, зразумела, ажыятажу яна не выклікала: “Хто любіць беларускую літаратуру, той заўважыць і купіць. А хто не любіць… Тут і падарунак не дапаможа”.
Звяртае ўвагу Святлана Юнчык і на інфармацыйныя стэнды, на якіх красуюцца постэры толькі тых кніг, раскрутку якіх зноў жа ўзяла на сябе “Будзьма”. Выдавецтвы, відаць, і тут спяць у шапку.
“Яны нам прапаноўвалі зрабіць асобны стэлаж для беларускамоўных кніг, ды нам яго тут няма куды паставіць”, — рассакрэчвае новыя піяр-хітрасці грамадска-культурніцкай кампаніі і выдавецтва “Кнігазбор” загадчыца кнігарні.
Новай для нашых крам формай заахвочвання да пакупкі з’яўляецца таксама прэзентацыя. Кнігарні цяпер маюць права на іх правядзенне. Гэта абяцае быць цікавым, асабліва калі такія імпрэзы будуць адрознівацца ад аналагічных у бібліятэках і ўстановах адукацыі.
Канешне, крэатыў у продажных тэхналогіях не кампенсуе зануднага зместу ці негустоўнага афармлення. Дарэчы, у якасці вельмі небанальнага падыходу да стварэння друкаванага выдання падышоў блогер Глеб Лабадзенка, які спачатку ад рукі напісаў сваю “Дзіцячую замову”, а пасля адсканаваў і растыражаваў на абгортачнай паперы, складзенай у альбом. Пячатнай літары няма ніводнай. Нават рэклама і выходныя дадзеныя напісаныя ад рукі. Такую кнігу з гадзіну не выпускаюць з рук нават тыя дзеці, каго ад камп’ютара можна адагнаць толькі ў школу. Выданне ў момант стала папулярным, аднак і яно мела патрэбу ў піяры.
Ды пачатак пакладзены. Чакаем і надалей ад вас крэатыву, беларускія аўтары, выдавецтвы і кнігарні. І пакупнік абавязкова клюне.
Ответить