Нягледзячы на тое, што цяжкая хвароба забрала яе амаль 8 год таму, філфак працягвае ўшаноўваць памяць чалавека, што стаў цэлай эпохай у гісторыі сучаснага беларускага мовазнаўства і методыкі выкладання роднай мовы. З нагоды юбілею ва ўніверсітэце прайшла рэспубліканская навуковая канферэнцыя, у якой прынялі ўдзел навукоўцы, аспіранты, магістранты і студэнты розных ВНУ краіны.
Кажам, што канферэнцыя навуковая, але, напэўна, усё ж не ў навуковасці яе значнасць, не ў колькасці і нават не ў актуальнасці дакладаў. Бо інакш яна нічым бы не адрознівалася ад іншых, якіх па вясне шмат праходзіць ва ўніверсітэтах. На пленарным пасяджэнні хоць і былі заяўленыя сур’ёзныя тэмы, але ніхто з выступоўцаў не мог звесці размову да сухіх тэрмінаў і дзяліўся сваімі ўспамінамі пра Галіну Мікалаеўну. Тон гэтаму задала загадчык кафедры беларускага мовазнаўства Марыя Новік, яе пераемніца і вучаніца.
Цікавосткай канферэнцыі было і тое, што на яе завіталі родныя прафесара – нявестка, дзве ўнучкі і дзве праўнучкі. Прычым праўнучкі прыйшлі сур’ёзна падрыхтаваўшыся. Старэйшая, Кацярына Нікіцюк, якая вучыца ў 5-м класе школы №3, з прафесійнасцю юнай спявачкі выканала песню, а малодшая, Рэната Гілязава, вучаніца 3-га класа той жа школы, прымусіла многіх плакаць аповедам-даследаваннем пра сваю прабабулю.
Выходзячы за межы канферэнцыі, адзначым такі адметны факт пра надзённасць навукова-метадычнай спадчыны прафесара. Зусім нядаўна свет пабачыла чарговая кніга за аўтарствам Галіны Малажай. Гэта “Школьны тлумачальны слоўнік беларускай мовы”, суаўтарам якога з’яўляецца дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства Ларыса Яўдошына. Аснову слоўніка складае лексіка, якая мала ўжываецца ў актыўным пласце мовы, але сустракаецца ў творах школьнай праграмы. Выдаць пры жыцці Галіна Мікалаеўна гэтую працу не паспела, хоць вельмі марыла. Не адразу гэта атрымалася і ў Ларысы Яўдошынай. Асабліва значны час заняла дапрацоўка слоўніка ў сувязі з рэформай правапісу. Затое ён нарэшце пабачыў свет у даволі вялікім па нашых часах тыражы – 5 тысяч экзэмпляраў.
І трохі сухой, але таксама выразнай інфармацыі. Галіна Малажай – гэта аўтар больш як 300 навуковых працаў. Аўтарка манаграфій, слоўнікаў, вучэбна-метадычных дапаможнікаў для студэнтаў. Складальніца вучэбна-метадычных комплексаў па беларускай мове для школ. Стваральніца асобнай навуковай школы. Вучаніца славутага Фёдара Янкоўскага, які пісаў ёй наступнае: “Вялікі дзякуй! За ліст! За тое, што бог паслаў Вас. І паслаў не дзеля паддобрывання, задобрывання, не нажывы, не якойсьці непрыстойнасці, а – дзеля служэння, дзеля роднага духу, сумлення, шчыравання за наша, за роднае, за людскае. То і за Беларусь”.
Ответить