За што судзімся?
Наша калега, фотакарэспандэнт Мілана Харытонава знаёмая многім як актыўны барацьбіт за правы журналістаў. Сутыкаецца з парушэннямі закона “Аб СМІ” — не прамаўчыць, як большасць з нас, а напіша скаргу. Розныя людзі, праўда, па-рознаму да гэтага і ставяцца. Некаторым уяўляецца, што Мілане проста падабаецца ўсяляк звяртаць на сябе ўвагу.
Але на гэты раз гаворка не ідзе пра стасункі “чалавек- дзяржава”, бо высвятляла Мілана Харытонава адносіны з прыватнай асобай. Хоць і гэта прыцягнула шмат увагі, бо прыватнай асобай аказаўся журналіст гарвыканкамаўскай газеты “Брэсцкі веснік” Уладзімір Міневіч. Цікавая, што ні скажыце, сітуацыя: журналіст-незалежнік судзіцца з дзяржаўным журналістам.
Прадметам судовага разбіральніцтва сталі каментарыі на сайце “Віртуальны Брэст”, дзе ў сакавіку мінулага года быў размешчаны фотарэпартаж Харытонавай з акцыі “Хопіць друкаваць фанцікі”. Многія з каментароў пакідаюць сумненні ва ўзроўні ай-кью іх аўтараў, але журналістку абразілі некалькі, падпісаныя рознымі псеўданімамі. Пасля міліцэйска-пракурорскіх праверак аказалася, што выразы “Фууу, блевать хочется от таких акций оппозиции. А от Харитоновой и ее муженька уже давно воротит” , “А таки как Харитонова и ее дружки — бездарные, глупые молодые люди”, “Недаром гласит народная поговорка -«Свинья всегда грязь найдет». Просто удивительно где какая скандальная акция, то обязательно рядом трется эта хрюшка Харитонова” належаць менавіта Міневічу. Мілана Харытонава прызнаецца, што гэты факт яе надзвычай здзівіў. Яны з Уладзімірам былі больш-менш знаёмыя, і ніякіх прыкмет антыпатыі ён ніколі не паказваў. А тут такія каментары з яўным пераходам на асобы.
Тут бы самы раз працытаваць у адказ Уладзіміра Міневіча, але ён, на жаль, у самым пачатку ад размоў адмовіўся. Спачатку яшчэ вагаўся: “Приду на суд – возьмёшь комментарий, не приду – не возьмёшь”, але тут жа, калі мы папрасілі пракаментаваць сітуацыю па тэлефоне, раз ён не ведае, ці пойдзе на пасяджэнне, ён перадумаў і паклаў трубку. Так што яго пазіцыю прыходзілася чуць толькі ў судзе.
Разбіральніцтва
З пазіцыяй адказчык і сам доўга не мог вызначыцца. З упэўненасцю ён сцвярджаў толькі адно, пра што раней ужо сказаў міліцыі: гэта сапраўды ён пакідаў каментарыі на сайце. Адносна астатняга Міневіч падчас суда выпрацоўваў розныя падыходы. Па-першае, паўтараў, што напісанае – не абраза. Праўда, з гэтым асабліва ніхто не спрачаўся. Навошта, калі Харытонава скардзілася не на абразу (гэта сфера ўгалоўнага права), а на знявагу гонару і дзелавой рэпутацыі? Па-другое, аўтар сумняваўся, што напісанае ім тычыцца непасрэдна Міланы. І па-трэцяе, ён увогуле не памятаў, ці пісаў каментары сам, можа, ён скапіраваў іх з іншага месца і ўставіў.
Справа дайшла да лінгвістычнай экспертызы. Адвакат Міланы хадайнічаў аб яе правядзенні ў сталічнага эксперта з ліцэнзіяй і пастаноўцы пытанняў па сутнасці іска. Уладзімір у адказ пахадайнічаў пра экспертызу ў БрДУ імя Пушкіна і пастаноўцы пытання пра абразу. Суд, нягледзячы на важкія контраргументы, прыняў хадайніцтва Міневіча.
Зразумела, што эксперт у асобе загадчыка кафедры агульнага і рускага мовазнаўства Вольгі Пераход дала адказ, што абразы ў каментарах няма, хоць у тэксце заключэння прысутнічае ўскоснае пацверджанне таго, што падобныя пісьмёны здольныя прымушаць чалавека маральна пакутаваць, закранаць яго гонар і рэпутацыю.
Каменты былі прызнаныя рэалізацыяй канстытуцыйнага права аўтара на свабоду выказвання.
І гэта добра!
Безумоўна, выдатна, што наш суд раптам стаў на пазіцыі правоў чалавека. Практыка Еўрапейскага суда такая, што публічнага чалавека можна назваць дурнем, і гэта таксама будзе простым выражэннем меркавання. Праўда, у адносінах да маленькага чалавека такое не пракаціць.
Вось толькі чаму наш суд такі непаслядоўны? Чаму калі гарвыканкамаўскі журналіст называе іншых “хрюшкамі” – гэта выражэнне меркавання, а калі гурт “Дай Дарогу!” публічна, не хаваючыся за псеўданімамі, у культурных выразах абвінавачвае начальніцу аддзела па справах моладзі Таццяну Барышчык у тым, што яна сарвала яго канцэрт, – гэта знявага?
Ці не пахне тут двайнымі стандартамі, наш дарагі суд?
P.S. А за тое, што афіцыйна дазволілі публічна называць усіх непрыемных асоб хрушкамі – асобны дзякуй. Абавязкова пакарыстаемся.
Фото — Александра Шульгача
0 комментариев
Anonymous User
27.03.2013 в 23:14Вадим
27.03.2013 в 23:14Получила по делу!
Пусть ваша «обиженная» ответит за то, что в своём Живом Журнале людей, которые приходят на митинг 9 Мая в крепость, БЫДЛОМ называет. Наши ветераны БЫДЛО? Наверное БЫДЛО неотесанное кое-кто другой.