Перад пачаткам мерапрыемства прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання памяць сяброў, што пайшлі з жыцця ў апошні час, – Івана Лагвіновіча, Міколы Мішчанчука, Ніны Паповай. Старшыня аддзялення Іван Мельнічук, які выступіў са справаздачным дакладам, расказаў аб зробленым за апошнія два гады. Галоўны набытак творцаў – кнігі. Іх, “харошых і розных”, выйшаў не адзін дзясятак. Іван Міхайлавіч спыніўся на асобных, якія мелі найбольш шырокі розгалас. Працягваецца выданне літаратурнага альманаха “Жырандоля”, заснавальнікам і першым рэдактарам якога была Ніна Мацяш, – цяпер адбіраюцца матэрыялы для пятага нумара. Умацоўваюцца добрасуседскія сувязі з валынскімі літаратарамі. У найбліжэйшы час у Луцку выйдуць творы берасцейцаў па-украінску, а таксама вершы і апавяданні нашых суседзяў на беларускай мове (анталогія мае назву “Думы і песні Валыні”). Дарэчы, украінскі бок знайшоў магчымасць фінансаваць абодва выданні.
Выступоўцамі былі ўнесены канструктыўныя прапановы адносна далейшай працы аддзялення. Так, выказвалась думка, што неабходна пашырыць “вектар сяброўства” з замежнымі калегамі, накіраваць яго ў бок Расіі, Польшчы, Прыбалтыкі. Аддзяленню неабходна больш увагі надаваць выхаванню творчай моладзі – пра гэта гаварылі Васіль Дэбіш, Іван Мельнічук, Аляксей Філатаў. Трэба як след наладзіць працу літаратурнага аб’яднання, падтрымліваць больш цесныя сувязі з літаратарамі, што жывуць у рэгіёнах.
І вось што яшчэ парадавала, а мо трохі і здзівіла мяне асабіста. Пісьменнікі не гаварылі – дакладней, амаль не гаварылі – пра грошы, праблемы з выданнем кніг. І гэта не таму, што грошай дастаткова, а праблем няма аніякіх – хутчэй, наадварот. Пэўна, творчыя людзі ўжо прызвычаіліся больш разлічваць на ўласныя фінансавыя магчымасці, у сваіх шэрагах шукаць рэдактараў і мастакоў-афарміцеляў…
Берасцейская літаратура жыве. У нас ёсць кнігі, за якія не сорамна перад чытачамі, у нас ёсць пісьменнікі, якія робяць гонар свайму краю. Пра гэта можна казаць з упэўненасцю. Мы ёсць!
P.S. Таму залогай і нязменная “Мядовая прэмія” – ганаровая літаратурная узнагарода, якую заснаваў паэт-пчаляр з Пружаншчыны Мікола Папека. Па выніках 2012 года яе атрымаў Васіль Дэбіш за выдаденую ў мінулым годзе кнігу вершаў.
Ответить