На адмысловай старонцы ў інтэрнэце гледачоў папярэдзілі: не спадзявайцеся на чыстую класіку, спектакль хутчэй пра сучаснасць. І гэта, шчыра сказаць, вельмі абнадзеіла. Не было асаблівага жадання пабачыць поўнае ўвасабленне горкаўскай п’есы, напісанай пра другі час і для другога гледача.
Спектакль пачаўся… не, не з вешалкі. Прычым тут яна? Спектакль пачаўся з заслоны. Сцэну закрывалі не звычайныя кулісы, а будаўнічыя тэнты, добра знаёмыя жыхарам горада. На іх красаваліся звычныя надпісы Condor і такія ж звычныя графіці. Гэтак жа як і большасць рэальных – чыстая мазня.
Будаўнічы антураж як заявіў пра сябе на пачатку, так і не сыходзіў да канца пастаноўкі. Статычнымі, але ўсё ж героямі хадзілі па сцэне, корпаліся на высокіх лясах будаўнікі, час ад часу чуўся тыповы будаўнічы шум. Праўда, адназначна ўлавіць, чаму такая ўвага нададзена будаўнічай тэме, якая з дзеяннем у п’есе яна ніяк не пераклікаецца, цяжка. І гэтае неразуменне раздражняе, але прымушае ўвесь час разгадваць складзены рэжысёрам рэбус. Па тым, як гаспадар начлежкі Кастылёў звяртаецца да будаўнікоў, можна здагадацца, што яны яго рабочыя. Відаць, будаўніцтва – асноўны бізнэс асучасненага прадпрымальніка. Прынамсі гэта тлумачыць яго заможнасць. Але не тлумачыць, навошта здалася яму гэтая, таксама асучасненая начлежка. Калі для горкаўскіх часоў тыповая з’ява, калі асобны прайдоха ўмудраўся такім чынам зарабляць на беднаце, то цяпер, у часы сацыяльна арыентаваных дзяржаў, гэта страціла актуальнасць.
Але другі варыянт – што наведваюць Кастылёвы зусім не начлежку. Іх адносіны з жыхарамі выдаюць фразы тыпу “Маёй міласцю тут жывяце”. Але па нашых часах лёс людзей у старых дамах і вырашаецца вось такімі бізнэсменамі, якіх прынята называць інвестарамі. Можа, нездарма Ільеўскі высяляе герояў з падвала, дзе павінна адбывацца дзеянне паводле Горкага, і засяляе ў невялікі двухпавярховы хлеўчык-дамок ля вакзала. І вакол яго так і круцяцца будаўнікі. Усё нешта выглядваюць, нешта мераюць, а ў канцы, нягледзячы на смерць гаспадара, пачынаюць паціху разбіраць.
Прычым на разбурэнне свайго апошняга прытулку героі не рэагуюць. П’еса гэтага не прадугледжвае, ды ім і не да таго. Іх жыццё даўно ператварылася ў дабыванне выпіўкі, іх не закранае нават смерць бліжняга, не кажучы пра такія дробязі, як месца для начлегу.
І вось гэтая праблема – не беднасць, а менавіта алкагалізм, сапраўды гучыць у пастаноўцы вельмі актуальна, без часавых алагізмаў. П’юць тут усе ад старога да маладога, нават мусульманін, якому вера цалкам забараняе ўжываць. П’юць па адным і разам, з бутэлек, шклянак, грэлак, на раніцу, як і паложана, моцна мучаючыся ад пахмелля. Нічога з часоў Горкага не змянілася, устрымліваюцца ад спіртнога па-ранейшаму адзінкі. Гэта божы адуванчык Лука, пасланы ў сацыяльнае дно, каб прымусіць яго насельнікаў задумацца пра іншае жыццё, ды носьбіт маральных каштоўнасцяў Наташа. Не заўважаюцца п’янымі і гаспадары – Кастылёў з жонкай, не моцна прыкладаецца злодзей Васька. Людзі, занятыя хоць якой працай.
А вось працаўнік Клешч не ўспрымаецца надта сучасным. Нейкі ён аж занадта бездапаможны, занадта адчайны. Ёсць, канешне, такі тып людзей, якія высілкаў прыкладваюць шмат, а нічога ў рэшце рэшт не маюць, ды не да такой жа ступені. Словам, глядзіш на Кляшча і пастаянна памятаеш, што гэта дарэвалюцыйны герой, тым і тлумачыш яго дарэмныя намаганні нават на хлеб сабе зарабіць.
Моц любой пастаноўкі паводле класічнага твора вымяраецца тым, наколькі сучасна яна глядзіцца. Спектакль “На дне” цяжка ацаніць з гэтага пункту погляду адназначна. З аднаго боку, сучаснасць у ім выразна праступае, з другога – не стыкуецца дастаткова добра з горкаўскім тэкстам. Ідэальна сучасныя бомж Сацін, ігрок Бубнаў, алкаголік Актор, нават злодзей Попел, а вось сцэна, дзе па логіцы п’яныя героі выразным і чыстым голасам, звяртаючыся ў залу, прыгожа спяваюць пад гітару, неяк дысануе і з сучаснасцю, і з арыгіналам. Калі браць герояў, то такім супярэчлівым персанажам, акрамя Кляшча, з’яўляецца яшчэ Насця.
Затое самы моцны момант спектакля – з’яўленне на сцэне нябожчыкаў Ганны і Актора – таксама чыстая выдумка рэжысёра. Ад таго, што адзіным спосабам ажыццяўлення мар стала смерць, наварочваюцца слёзы. Бо пры жыцці, згодна і з Горкім, і з Ільеўскім, ні ў кога з насельнікаў начлежкі няма шансаў.
Ответить