А мог быць раман Лявона Валасюка “Вяртанне берасцейскай стралы” і першым. “Выходзіў у часопіснай версіі раней”, – патлумачыў аўтар, калі я дапытваўся, ці паўплываў “Рыбін горад” Наталкі Бабінай на напісанне тэкста.
Дапытваўся, таму што не напісаць пра такое нельга. Таму што гэта з’ява – два раманы-фэнтэзі для аднаго горада.
Чытаючы абодва, думалася пра жывапіс. Па прачытанні згадаўся побыт у Нямеччыне, першае ўражанне ад ілюстрацый да казак братоў Грым у велічыню карціны швабскага мастака Фрыдрыха Хэхельмана, калі наведвалі ягоны палац-рэзідэнцыю Існы з цудоўнай галерэяй класічнага выяўленчага мастацтва і ўласна паверхам Хэхельмана, – туды чаргой шыхтуюцца групы наведнікаў! А гэта вёска! Мая рэакцыя на яго карціну “Карабель” (нос-уцёс рассякае зялёнку, але і сам карабель ужо ў палоне зялёнага – “дык гэта Беларусь? Хэхельман беларускі мастак можа быць!”) І адказ мастачкі на мае версіі: “Думаю, гледзячы на павароты ліній, як своеасабліва ўспрымае свет мастак нетрадыцыйнай арыентацыі”.
Гэты адказ мне надта палягчае бачанне абодвух раманаў пра Брэст. Арыентацыя Хэхельмана (у палацы нам потым сапраўды паказалі ягонага сябра) у выпадку беларускіх аўтараў плаўна вяртаецца ў берагі простага раздзялення на мужчыну і жанчыну. Бабіна больш пісьменніца і па-жаночаму дакладная ў дэталях, карункаватая нават. Лявон Валасюк — больш”мужчыністы”, шырокакостны, піша вялікімі ўзмахамі, захоплівае больш.
У Валасюку мастак, якім ён і з’яўляецца, наогул на першым плане. Ганяць яго ці хваляць («лініі не трымае, прымітыўны стыль”) – мы можам нават пагадзіцца: “так, ёсць такі стыль прымітівызм, – і што, такія карціны не адкрываюць нам Сусвет лепш за фатаграфіі?” А гэта і ёсць пацверджанне, што маем справу з фактам мастацтва.
У гэтым параўнанні Бабіна бадай што адназначна выйграе ў чыста тэхнічнай частцы працы: тэкст лепш вычытаны, мною не было заўважана спрэчных месцаў, не казаць ужо пра прыкрыя “жукі” і “стрэмкі”, якія, на жаль, сустракаюцца ў Валасюковым тэксце. Мяркую, сказваюцца перагрузкі нашы тых, хто цяпер здабывае хлеб і заадно засейвае культурніцкую ніву (улучна з рэдактарам).
Найбольш збліжаюцца абодва ў паказе перапляценняў роднаснасці, пашане да крэўных продкаў, да голасу крыві. Ну, ды як пераказваць чатырохмерныя палотны часу і прасторы Берасця – вам проста трэба іх перачытаць. І менавіта ў параўнанні. Упэўнены: цудоўная пляцоўка для трэніроўкі і адточвання мозгу, асабліва шкалярам ды студыёзусам.
Мяне асабліва кранулі на прэзентацыі ў гарадской бібліятэцы імя Пушкіна 28 сакавіка дзве рэчы. Адна адмоўная. Наколькі многія прызвычаіліся да скуры ”зрабі мне прыгожа”. Пачынаюць ліць ялей, і нават не па-цыганску неяк, а… па-савецку. Суперлатывы на суперлатывах. Проста махровы правінцыялізм, і маладых няма, каб узбунтаваліся, запярэчылі, перапынілі нават. Па Лявону бачыў, што яму не надта падабаецца, а ён чалавек сціплы.
Другая — гэта надта шляхетны жэст арганізацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў, якая выдала раман нябожчыка ўжо мастака Івана Сычыка “Крыж пакут і надзей”. У асноўным, намаганнямі ягонага сябра Лявона Валасюка.
10 комментариев
Anonymous User
03.04.2013 в 20:39Paval
03.04.2013 в 20:39Не зусім зразумела, што хацеў сказаць у сваім высока інтэлектуальным уступленні да невялікай нататцы спадар Бяласин. Па-першае, што значыць «цудоўная галерэя класічнага выяўленчага мастацтва» у Існы? Класічнае выяўленчае мастацтва — гэта выключна мастацтва антычнасці. Што ў Існы ёсць збор мастацкіх твораў антычных аўтараў або iх выбітныя копіі? — Лухта, няма!
Па-другое, вядома, што творы Friedrich Hechelmann, выкананыя ў далікатных зялёных, блакітных и аквамарынавая тонах, дзе пырхаюць матылькамі, а ў паветры і на прадметах рассыпаны кроплі расы, больш за ўсё любяць дзяўчынкі 7-11 гадоў і незамужнія жанчыны сярэдняга ўзросту. Хіба, зыходзячы з гэтага, можна параўноўваць карціны Friedrich Hechelmann з Беларуссю, і казаць тым самым, што ў Беларусі жаночая душа? — Лухта! Бо былі ж у яе гісторыі і касiянеры Каліноўскага, і Слуцкі збройны чын, і партызанка Другой сусветнай!
аўтар
04.04.2013 в 20:14Павал, Вы папыталіся — я адказваю. Маркетынгавае ноў-хаў Хэхельманава сябра, які ўзяў на сябе немастацкую частку агульнага праекта, акурат у тым і палягала, што школьнікаў адукуюць праз копіі антычнай класікі (першы паверх). А заадно і недаадукаваных іншых. Прынамсі, так было. калі я гэта бачыў. Па-другое, гляньце ў нэце. Я не правяраў., пакідаю гэта Вам. Няўжо ж адны расінкі з галаву велічынёй намаляваў гэты Фрыдрых. Зычу Вам прыемнага прагляду, Пра жаночую душу для Беларусі дык гэта Вы напісалі, ня я. Беларусь зялёнага колеру, напісаў я — хiба гэта ня так? А жаноцкі стыль адрозьнівае НАТАЛКУ БАБІНУ зь яе раманам \»Рыбін горад\», у адрозьненьне ад натуральна не-жаноцкага стылю тэкста Л.В.
Найлепшага.
Адэль
05.04.2013 в 14:39Не зразумела, што хацеў сказаць аўтар у сваім артыкуле. Інфармацыйнай нагрузкі ніякай. Пры чым тут гэты мастак? Пэўна, для прыгожага слаўца, хоць і гэтага няма. І Бабіна тут не пры справах, дакладней ніякага дачынення да творчасці Лявона Валасюка яна не мае. Мякка кажучы, розныя ўзроўні…
Раскажыце, калі ласка, як прайшла прэзентація, хто прысутнічаў з літаратараў, якія думкі гучалі наконт новага рамана?
Paval
05.04.2013 в 20:17І праўда, мілая Адэля, навошта згадваць Наталку Бабіну і Лявона Валасюка, ды яшчэ нябожчыка Івана Сычыка, царства яму нябеснае, у адным кантэксце?
Я чытаў тэкст Наталкі Бабінай «Крыві ня павідна быць відна» — выдатная сучасная беларуская проза і надзвычай таленавітая. Прыемна, што яна з Бярэсця і з яго ваколіц.
Закранаючы нататак спадара Бяласін, варта па праўдзе сказаць, што зразумець яго «дыскурс» складана, але будзем спадзявацца, што ён будзе больш абачлівым ў будучыні.
А. Мрый
06.04.2013 в 20:51Спадар Бяласік, Вы напісалі вельмі халтурна. Калі няма ніякіх думак, то і ня трэба іх выціскаць з сябе. Калі б Вы больш уважліва вывучалі філасофію, то ведалі б, што шэрае рэчыва ня можа прадукаваць думку так, як пячонка прадукуе жоўць.
Бывае, што калі чалавек хварэе на пячонку, то і галава ў яго працуе дрэнна… Але навошта, каб пра гэта ведаў увесь сьвет?
Хоць Вы і выказалі дасьведчанасць ў мясцовай берасцейскай літаратуры, усё ж такі ня трэба, вельмі шаноўны спадар Бяласік, так цыркаць абы як і абы чым — «напісанае застаецца». Хіба ж Вы хочаце, каб пра Вас, калі Вы ўжо будзеце ў нябесных сядзібах, а там мы будзем усе, казалі, што вось быў некалі такі спадар Бяласік, які цыркаў патроху, як мог і на што быў здатны — ну, як у «Мёртвых душах» незабыўнага Мік. Вас. Гогаля. Прабачце мне, калі не ўпадабаецца Вам маё шчырае пісанне. Але ж і мне не даспадобы чытаць нешта невырызна- як-бы-інтэлектуальнае. Напэўна, Вы — не журналіст і ня ведаеце ніякіх жанраў. А на што? А на тое, каб у добрых людзей ад чытання не псавалася здароўе: здэнерваваны чалавек небяспечны не менш, чым небяспечнае публічнае глупства, якое псуе «культурніцкую ніву». Цікава, ці маглі б Вы нешта «засяваць» у Нямеччыне такім чынам, як Вы гэта робіце ў «Брестском курьере»? Ці спатрэбіўся б ім інтэлектуалізм нашага хатняга гатунку? Але ж кажуць, што і немцы ўжо сталі трохі дурныя…
аўтар
07.04.2013 в 22:31Не магу не адказаць на рэфлексіі людзей прыкметна пакрыўджаных.
На пакрыўджаных ваду возяць, пытанне толькі хто. Я не збіраюся.
Выказванні з пераходам на асобы гэта нявартая рэч і прыкмета таго, што сказаць няма што.Але паспрабуйце, — чым «псаваць пячонку сабе і другім». Сядзьце і напішыце свой тэкст, хаця б водгук, і не надавайце маёй сціплай асобе збыт многа ўвагі, трымайцеся тэмы. У гэтым канкрэтным выпадку гэта раман «Вяртанне берасцейскай стралы». ЛІчыце, што гэта на парадак ніжэй за метадалагічна падобны, пагадзіліся-такі крытыкі крытыкі, раман Бабінай — так і напішыце. Гэта будзе лепш за крывадушныя дыфірамбы (калі будзе прадметна). Раю таксама апошняму пісулькіну (бо піша рэзка, але не называе сябе; я дык вось называю) — раю яму падчытаць у даведніках, хто такі Марсэль Райх-Раніцкі. І колькі яму гадоў.
А за прапанову стаць рабкорам нават і дзякаваць не буду. Адсталая яна. і …савецкая. Пішам тэксты.
Paval
08.04.2013 в 15:49Яўген, не трэба крыўдзіцца, бо ніхто не адмаўляе наяўнасцi у Вас добрага інтэлекту і стылістычных здольнасцяў у напісанні артыкулаў. Гаворка ідзе пра iншае, пра тое, што жадаючы пакрасавацца Вы зрабілі шэраг недапушчальных пасажаў, а калі аматары «Брэсцкага курьера» зрабілі некаторыя заўвагі, Вы пачалі несці поўную бязглуздзіцу, што даходзіць да абсурду.Я і мае знаёмыя чытаем «Брэсцкі кур’ер» са дня яго заснавання ўжо больш за 20 гадоў (гэта значыць з тых часоў, калі вы не мелі да яго ніякага дачынення) і ўважліва сочым за ўзроўнем газеты. Паважаны Яўген, калі ласка, прыслухайцеся да меркаванняў чытачоў і не трымаеце крыўды на іх, паколькі нашая любімая газета фінансуецца не за кошт дзяржавы.
аўтар
08.04.2013 в 23:47Усё-ткі не выкручвайцеся. Калі тое, што напісаў у каментах, бязглуздае, дык пакажыце Вы свае глузды, Павал. А я за сваё кожнае слова адкажу. Што ня так? Напэўна, тое, што нехта адчуў сябе закранутым асабіста. Але я ж не пісаў, хто казаў сіропам, хто спяваў дыфірамбы замест выступу на чалавечай мове. Напісаў пра ўражанне. Хадзіце на прэзентацыі, і зможам неяк ацаніць у дыскусіі, вочна або пост фактум, прапанаваўшы «БК» дублетны матэрыял.
З павагай да Вас. але не да Вашага меркавання, бо яно на пяску.
Вінцук Няглёбус
11.04.2013 в 22:36Якія нікі такія і вынікі… Сьмех: нацдэмы з глуздоў вылузваюцца. У калгас, і ручкамі, ручкамі: усё адно мазгамі буксуяцё.