Пявуння і “каралева ганчарнага кола”
Баба Ліпа – афіцыйна Алімпіяда Дзмітрыеўна – узначальвае Цэнтр ганчарства з самага першага дня яго стварэння ў 2003 годзе. Да гэтага яна ўсё жыццё працавала ў школе. Спачатку важатай, пра што гаворыць з вялікім гонарам, пасля настаўніцай беларускай мовы. А затым пачалася ў яе жыцці эпоха ганчарства.
– Мны казалоса: “Господі, я ж нычого ны знаю. Шо таке гончарство? Гдэ про юго почітаты чі шо?”. А мны казалі: “Ты ны волнуйся. Тубі главное экскурсію провісты”.
З той пары баба Ліпа значна пашырыла свае веды пра ганчарства – экскурсіі, кажуць, праводзіць проста бліскуча. Часам нават сядае за ганчарнае кола, калі няма побач прафесійнага ганчара, а наведвальнікам Цэнтра трэба паказаць, як робяцца гліняныя гаршкі. “Караул! Я вам зара покажу шэдэвр! – і баба Ліпа нясецца да паліцы, дзе стаіць невялічкая міска з тоўстымі і крыху няроўнымі краямі. – А одного горшчыка-мамзэліка продалі муго! Дядько казав: “Быда заставыт білый хліб йісты”. Так і я – мусыла хоць азам навучітыся”.
Назад у аўтэнтыку
Баба Ліпа – сапраўдная душа Цэнтра ганчарства. Праўда, цвёрдай гаспадарскай рукі яму ўсё ж не хапае. Як і навуковай думкі. Не вядзецца тут даследчая праца па вывучэнні ганчарных дынастый, адсутнічаюць спробы адысці ад адносна сучаснага паліванага посуду і вярнуцца да аўтэнтычнага “папісанага”. Былы супрацоўнік Акадэміі навук, ганчар Сяргей Моўчан падкрэслівае, што каштоўнасць гараднянскіх гаршчкоў вымяраецца не толькі старажытнымі формамі, але і ўнікальным аздабленнем. І калі формы, на шчасце, захаваліся амаль без змен, то роспіс чырвонай глінай па белай цалкам страціўся ў сярэдзіне ХХ стагоддзя. Тлумачыцца гэта спажывецкімі патрэбамі – людзям захацелася бліскучай, хоць і шкоднай, палівы, якую лёгка мыць. У выніку аўтэнтыку можна ўбачыць адно ў музеях ды на старых фотаздымках. Але ж вяртанне ангобу ў Гарадную цяпер уяўляецца толькі справай часу, бо цікавасць да традыцый усё адно прымусіць маладзейшых ганчароў успомніць манеру продкаў.
Без пленэраў ніяк
Цэнтру ганчарства выстаяць і развівацца у многім дапамагла ідэя загадчыцы аддзела традыцыйнай культуры ГКЦ Ларысы Быцко і ўдзельнікаў клуба “Скарб” праводзіць у Гарадной міжнародныя пленэры. За тры сесіі пленэры паспелі вельмі палюбіцца і мясцовым жыхарам (прынамсі, калі верыць бабе Ліпе), і самім ганчарам. Гэтыя міжнародныя форумы і накіраваныя якраз на захаванне гараднянскіх мамзэлек ды семакоў, а таксама на развіццё самога Цэнтра ганчарства, ідэя якога – рэалізаваць пераемнасць пакаленняў праз разнастайныя віды супрацы старэйшых ганчароў і школьнікаў. Без пленэраў гэтую задачу выканаць было б няпроста. Бо паспрабуй давядзі сучаснаму, няхай і вясковаму школьніку, што яму трэба ў вольны ад урокаў час ісці на нейкія гурткі, перамазацца ў гліну, а пасля з гэтага нічога не мець. Тыя ж старшакласнікі выдатна ведаюць, што ганчарскі хлеб далёка не лёгкі, да таго ж не выветрылася ў гэтай мясцовасці грэблівасць да “гаршчкалепскай” прафесіі. А тут такая магчымасць убачыць, што займацца гліняным промыслам усё ж прэстыжна, а на прыкладзе грузінскага майстра Джамала Балаташвілі – яшчэ і грашова. На гонар гараднянцаў мусіць працаваць і той факт, што сёлета ў Швецыі адбылася выстава ўдзельніцы апошняга пленэру Элізабэт Халгрэн, якая прадставіла свету арыгінальную калекцыю керамічнай пліткі пад назвай “Гарадная”.
Абпалілі і глазурам палілі
Пленэры мы ўзгадалі не толькі таму, што з Гарадной яны пачалі настолькі ж стала асацыявацца, як і з самім ганчарствам, бабай Ліпай і яе “караулам”. Проста да 10-годдзя Цэнтра ганчарства было прымеркавана адно незвычайнае мерапрыемства абласнога грамадска-культурнага цэнтра. Фармальна яго можна было б назваць майстар-класамі па абпале і глазураванні гліны, на справе – гэта ўпарадкаванне зробленых падчас апошняга пленэру работ. Тлустая гараднянская гліна не паспявае звычайна высахнуць да канца пленэру, таму яе абпалам і глазураваннем займаюцца мясцовыя майстры. Вось і сёлета Валеры Марчук, Васіль Логвін і Сяргей Моўчан прыехалі ў Гарадную, каб з дапамогай агню муфельнай печы і хімічных рэактываў навесці прыгажосць на свае і чужыя вырабы. Першапачаткова мелі на мэце што-нішто абпаліць у горне, ды надвор’е таму не вельмі спрыяла. Вада ў гараднянцаў стаяла нават у хлявах, лёхах ды падвалах, не кажучы ўжо пра глыбокія разоры ганчарных печаў.
Але на вынік надворныя абставіны наўрад ці паўплывалі. Бо праз тры дні працы нястомных рук і творчай фантазіі майстроў з аднакаляровых і таму на першы погляд непрыкметнных формаў паўсталі каштоўныя калекцыі, да якіх страшна дакранацца рукамі – гэта ўжо музейныя экспанаты.
І безадносна да пленэраў, да юбілею і нават да Цэнтра ганчарства хачу згадаць дырэктарку Гараднянскага Дома культуры Анжэліку і мастацкага кіраўніка ДК Таццяну. Дзяўчаты пашкадавалі бяздомнага журналіста і запрасілі ў свой маленечкі дамок, які яны, маладыя спецыялісты, здымаюць. Хаця дарэмна я кажу, што не маюць яны да Цэнтра ганчарства ніякага дачынення. Яшчэ як маюць. І па-суседску, і таму, што ім часта прыходзіцца быць на падхопе ў бабы Ліпы і асабліва раённага начальства. І наўрад ці за гэта ім часта дзякуюць. То падзякуем мы.
Ответить