Цяпер у Малых Сяхновічах ёсць не толькі адзіны ў Беларусі помнік Касцюшку, але і музей. Мясцовыя жыхары не завуць яго іначай, як музей Касцюшкі, цалкам ігнаруючы афіцыйную назву «Жабінкаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы”. Жывыя яшчэ тут успаміны пра Тадэка Касцюшку, паколькі з пакалення ў пакаленне перадаваліся ўражанні сялян ад добрага і далікатнага пана. Цікавыя ўсё ж выкрунтасы часу – матэрыяльных адзнак ад прысутнасці знакамітага рэвалюцыянера не засталося амаль ніякіх, затое з успамінаў ён паўстае, быццам памёр не больш як гадоў 50 таму.
Музей у Малых Сяхновічах працуе ўжо ці ўсяго два гады, і надта папулярным назваць яго нельга. Прыязджаюць сюды пераважна палякі – ускласці кветкі да помніка, ды расіяне — пастаяльцы санаторыя “Буг”, якім чамусьці гісторыя Жабінкаўшчыны цікавейшая, чым самім беларусам. Грае значную ролю ў невялікай папулярнасці асяродку і тое, што з Касцюшкам звязваюць толькі больш раскручаны музей-сядзібу ў Мерачоўшчыне Івацэвіцкага раёна.
Але сёлета зоры сышліся так, што сяхновіцкі музей ажно да сярэдзіны лета будзе ў цэнтры ўвагі. Менавіта на яго базе вырашана рэалізоўваць жабінкаўскую частку праекта “Вёска, якая не павінна знікнуць”. Праект ажыццяўляецца, праўда, не столькі ў музеі, колькі ў самой вёсцы, аднак публічныя мерапрыемствы праходзяць усё ж у грамадскім месцы, з функцыяй якога ён выдатна спраўляецца. А ягоны персанал – малады дырэктар Сяргей Дзямідаў і навуковы супрацоўнік Таццяна Чапялевіч – істотна дапамагаюць каардынатарам праекта ў арганізацыі імпрэз. Першай з іх сталі традыцыйныя майстар-класы па традыцыйных рамёствах для школьнікаў, што прайшлі на мінулых выходных.
І калі ў вялікіх і пустых памяшканнях музея з’явіліся дзеці і дарослыя, стала зразумела, што гэта вельмі арганічна, калі музей – не толькі склад экспанатаў, але і няспынны рух. Павінны быць у ім гурткі, цэнтры рамёстваў, камерныя канцэрты – усё, што запатрабуе публіка. Я б, напрыклад, у сваім горадзе з вялікім задавальненнем хадзіла б карыстацца ткацкім станком. Што перашкаджае аказваць падобныя платныя паслугі? Усяго толькі трэба замовіць мадэрновы станок і здаваць яго ў арэнду наведвальнікам, прыстаўляючы чалавека, які б навучыў ім карыстацца. Зразумела, што чарга не стаяла б, але пэўны кантынгент гэта прыцягнула б.
Так што на Жабінкаўшчыне праект “Вёска, якая не павінна знікнуць” міжволі выконвае дзве функцыі. Асноўную, па працы з пажылымі людзьмі і вязнямі вайны, і дадатковую, па папулярызацыі мясцовага музея. Такога больш як за двухгадовую гісторыю праекта яшчэ не было. Расце ён, аднак.
Ответить