А што сувязі былі і раней, дык у гэтым перакананы кандыдат філалагічных навук і проста дасведчаны у нашай старажытнасці чалавек Генадзь Праневіч. Паводле яго, кантакты паміж Швецыяй і Беларуссю – рэч гістарычна абгрунтаваная.
– Генадзь Мікалаевіч, наколькі натуральна выглядае культурнае супрацоўніцтва Беларусі і Швецыі?
– Абсалютна натуральнае. Я б нават сказаў, глыбіннае і перспектыўнае. У нашых сённяшніх культурных стасунках пераважна дзейнічае паралель “Захад – Усход”. Мы забываемся, што Сярэднявечча і эпоха Рэнесансу мелі яшчэ адну лінію судакранання. Гэта той самы шлях “з вараг у грэкі”. На гэтай лініі адбываліся ўсе кантакты, і на гэтай лініі з’явілася ўсходнеславянская дзяржава. Паводле нарманскай тэорыі, Старажытная Русь узнікла з вялікім удзелам варагаў, або скандынаўскага насельніцтва. Ажывіць гэтую лінію вельмі важна.
– Чаму важна?
– Таму што гэта дае нам гістарычную глыбіню, поўнае разуменне шляхоў, якімі развіваліся беларусы. Прычым гісторыя кантактаў са Скандынавіяй не завяршаецца Сярэднявеччам. Яна ўключае ў сябе гісторыю пазнейшую, час Вялікага Княства Літоўскага, Паўночную вайну Расіі са Швецыяй, якая адбывалася і працякала на землях Беларусі. Вядомыя гравюры Берасця XVI стагоддзя былі кім зроблены? Шведам Дальбергам. Шведы двойчы падыходзілі да Берасця, а аднойчы нават заваявалі яго. Так што нават наша лакальная гісторыя ўключае шведскі элемент. Цывілізацыя ствараецца не толькі шляхам мірных кантактаў, яна ствараецца і падчас ваенных сутычак.
Ажыўленне беларуска-шведскіх кантактаў у розных галінах мне ўяўляецца вельмі перспектыўным напрамкам, у духу нашага часу, калі Еўропа становіцца адзінай. Гэта добра для раскрыцця нашай еўрапейскай ідэнтычнасці.
– А мы які-небудзь уплыў на Скандынавію аказвалі, ці толькі яна на нас?
– Кантакты заўсёды двухбаковыя. Іншая справа, наколькі даследаваныя з таго ці іншага боку. Безумоўна, прысутнасць варагаў на нашай тэрыторыі і іх уплыў на гэтыя землі больш даследаваныя. Але і наша прысутнасць у Скандынавіі мусіць быць. Краіны Паўночнай Еўропы і Скандынавіі былі цэнтрам рэфармацыі − на гэтай глебе дакладна былі кантакты. У архівах Капенгагена маюцца лісты Сымона Буднага да швейцарскага рэфарматара Генрыха Булінгера. Гэта значыць, што Будны, як адзін з лідараў рэфарматарскай думкі, аказваў уплыў на культуру Скандынавіі.
Былі, канешне, і стасункі асабістыя, магчыма, нейкія шлюбныя сувязі, сваяцкія. Але пакуль гэта па-за навуковай сферай.
– Чаму кантакты пачалі ажыўляцца адносна нядаўна?
– Па-першае, знікла жалезная заслона, адкрыўся свет, адкрыліся гвалтоўна перапыненыя кантакты. Па-другое, той рух унутраны, звязаны з заканчэннем фарміравання беларусаў як нацыі – ён запатрабаваў гэтых кантактаў. Пазнаць сябе больш глыбока можна толькі праз супастаўленне з іншымі. Якія мы былі? Якія мы сталі? Якімі мы хочам быць? Пошук адказаў на гэтыя пытанні запатрабаваў адкрыцця адваротнага шляху − “з грэкаў у варагі”.
І тут аказваецца, што Скандынавія ў многім блізкая нам. Найперш сваёй дэмакратычнасцю, сацыяльнымі арыенцірамі. Яны ж першыя пабудавалі той самы сацыялізм з чалавечым тварам, пра які гаварылі ў савецкія часы і пра які марылі, але ажыццявіць не маглі. Я думаю, Беларусь па-ранейшаму тоіць у сабе жаданне развівацца менавіта па такім тыпе.
Што яшчэ немалаважна, шведы – людзі ад прыроды. Яны любяць прыроду, шануюць яе, яны здолелі знайсці залатую сярэдзіну і сумясціць тэхнічны прагрэс з камфортным пражываннем у прыродзе. Думаю, беларусам і гэта блізка.
– Як думаеце, напружаныя палітычныя стасункі паміж Беларуссю і Швецыяй не пашкодзяць тым культурным сувязям, якія як след не паспелі ўмацавацца?
– Безумоўна, такая пагроза існуе, таму што палітычны чыннік заўсёды ў нас дамінаваў над чыннікам культурным. Культура ў сваім аб’ектыўным значэнні – гэта самая важная пляцоўка для дыялогу. Калі палітыка і ідэалогія не вынікаюць з культурнага кантэксту, гэта можа пашкодзіць кантактам, якія якраз з такога кантэксту вынікаюць. І ў рэшце рэшт пашкодзіць развіццю самой Беларусі.
Але мне здаецца, што ўсё ж такі перспектыва існуе і што гэтыя цяжкасці часовыя. Аб’ектыўны стан рэчаў павінен спрыяць пашырэнню дыялогу, павінен пераадолець палітычныя непаразуменні. У гэтых кантактаў ёсць будучыня, бо яны вынікаюць з рэальных патрэб народаў і прадстаўнікоў культуры, якія шукаюць у гэтых кантактах узаемнага ўзбагачэння.
0 комментариев
Anonymous User
15.05.2013 в 12:30prachytau
15.05.2013 в 12:30«Шведы двойчы падступаліся да Берасьця і нават аднойчы заваявалі яго». Цікавы аргумент, каб развіваць кантакты. «Стакгольмскі сіндром», — так гэта, па-мойму, называецца. З гэтай логікі пачынаеш узважваць, хто больш прыдатны:шведы, палякі, маскоўцы, немцы ці яшчэ хто. Выходзіць, маскоўцы — яны наогул сцерлі горад з зямнога аблічча, вытурылі з яго тыя 44 адсоткі палякаў, якія тут былі да апошняй вайны, вытурылі немцаў, якія да гэтага знішчылі 40 з нечым адсоткаў гараджанаў у яўрэйскім гета…
Жартаўлівасць нейкая з’яўляецца на фоне гульбішчаў крыважаднай чалавечай натуры.
А калі ўсур’ёз, то трэба выбіраць у сябры тых, хто знішчаў менш татальна. Тут будзе вострая канкурэнцыя паміж палякамі і немцамі. Але немцы менш ціснулі ў нацыянальным чынніку, па-мойму. І яшчэ — гістарычна народы мяняюцца ўсё ж. Вось шведы — сталі зусім мірнымі. І немцы імунітэт на гітлерызм выпрацавалі. З імі і кантачыць трэба.
Падумаў
15.05.2013 в 23:15Для prachytau
Хопіць наконт шведаў галаву попелам пасыпаць, як гэта рабілі дачкі Ізраілевыя. Паўночная Еўропа — гэта ўзор для развіцця Беларусі. Вось толькі калі б Беларусь у свой час у якасці веравызнання прыняла пратэстанцкі абрад, то сёння мы не мелі тых праблемаў, якія маем ужо на працягу стагоддзяў.
Скептык
16.05.2013 в 09:45Я думаю, дружыць трэба з тымі, хто кепскаму не навучыць. А ад вельмікультурнай Швецыі такога можна набрацца! Калі возьмем сабе за прыклад шведскія стандарты, то павінны будзем адмовіцца ад слоў “мама” і “тата” і замяніць іх суперталерантнымі “радзіцель №1” і “радзіцель №2”. І кабеткі нашы пачнуць прымяраць святарскія рызы і вянчаць пары “жаніх+жаніх”, “нявеста+нявеста”. І ювенальныя юстыцыя зробіць з нашых дзяцей стукачоў на бацькоў. Сам Бог паслаў нам сумны прыклад Вольгі Класкоўскай у Швецыі, каб папярэдзіць: не ўсё золата, што блішчыць.
Рэаліст
16.05.2013 в 16:55Наконт “радзіцель №1” і “радзіцель №2” — гэта, зразумела, перабор.
А ва ўсім астатнім цалкам згодна з хрысціянскімi традыцыям. Скептык, спадзяюся, не ў парафіяльнага дзячка хрысціянскую грамату спасцігаў. Чаму жанчына не можа быць святаром? Што ёй перашкаджае, мужчынскі шавінізм, мужчынскія фобіі перад пакладаннем (па Фрэйду) або адчуванне непаўнавартасці асобных прадстаўнікоў мужчын.
Здаецца, што Хрыстос усміхаўся і радаваўся толькі дзецям, — «Будте, як дзеці!» Што i хто абароніць слабых і безабаронных ад самавольства дарослых, бо частка дарослых упіваецца магчымасцю праявіць гвалт супраць іх. Толькі ювенальная юстыцыя! Чаго баяцца нашым скептыкам, калі з імі ўсё нармальна?
Стары Улас
16.05.2013 в 18:43Незразумела, што мае на ўвазе Генадзь Праневіч, калі кажа пра адносіны Швецыі і Беларусі » знікла жалезная заслона, адкрыўся свет, адкрыліся гвалтоўна перапыненыя канткатаў». Нейкая яшчэ гарбачоўская рыторыка. Ніякіх кантактаў і адносін паміж нашымі краінамі ні пры БНР, ні пры БССР не было. Сучасныя беларусы зусім маладая нацыя, якая знаходзіцца ў працэсе станаўлення, ёй крыху больш за 100 гадоў. Нацыі з’яўляюцца толькі ў індустрыяльную эпоху. Што тычыцца Сымона Буднага, то спачатку ён быў кальвіністам, потым перакінуўся да соцынiян, больш радыкальным пратэстантаў. Чаму ён мог вучыць Генрыха Булінгера вучня Цвінглі? Які уплыў ён зрабіў на культуру Скандынавіі? Незразумела. Скандынаўскія краіны пераважна лютэранскія, можа яны, пачытаўшы Буднага, зрабілі наадварот. Трэба сказаць больш, у ВКЛ магнаты і шляхта падзялялі кальвінскае веравызнанне, а мяшчане па перавазе былі лютэране, таму гэтыя супярэчнасці і добра вядомае ханжаствам магнатаў і шляхты не дазволiла ўкараніцца пратэстантызму на тэрыторыі ВКЛ і сучаснай Беларусі. Як гэта адбылося ў Скандынавіі, Германіі, Нідэрландах і іншых краінах Еўропы.
Правдаруб
17.05.2013 в 10:36Да, что-то льет мутную воду Генадзь Мiкалаевiч. Социанское братство только для Польши и ВКЛ характерно, а не для Скандинавии. Сымон Будны антитринитарием и социанином был. Наверное, вакантное место появилось с государственными чиновниками за государственный кошт в Швецию съездить, вот и приходится историю под обстоятельства подгонять.