Праўда, калі за смяротнае пакаранне мы ўпарта трымаемся, то супраць “балоньі” нібыта не маем нічога. Кансалідавацца з еўрапейскімі, а цяпер ужо і азіяцкімі ўніверсітэтамі ды чэрпаць ад гэтага выгаду мы гатовыя. Але нас пакуль у Балонскі працэс не бяруць па вядомай прычыне: Беларусь не робіць нічога, каб даказаць, што яна гатовая следаваць фундаментальным прынцыпам еўрапейскай вышэйшай адукацыі, сярод якіх найважнейшым з’яўляецца наяўнасць акадэмічных свабод у ВНУ.
Чарговы раз пытанне аб’яднання нашай адукацыйнай сістэмы з Балонскай будзе вырашацца ў 2015 годзе. Аднак многія маладыя беларусы не чакаюць ля мора надвор’я і едуць ужо цяпер у “балонскія” ўніверсітэты, нягледзячы на тое, што дыпломы і самых прэстыжных ВНУ ў нас не прызнаюцца.
Як ацэньваюць студэнты і магістры падрыхтоўку ў абраных установах? Якія плюсы і мінусы бачаць у Балонскай сістэме? Як збіраюцца рэалізоўваць атрыманыя веды? Пра гэта нам распавядуць розныя маладыя людзі.
У Тарту вучыліся Радзівілы
Нашымі героямі будуць пераважна берасцейцы, якія, паверце, рассеяліся на еўразійскім кантыненце вельмі густа. Аднак першым да размовы мы запрашаем гамельчука Ігара Случака, з імем якога слушна звязваюць “Справаводства па-беларуску!”. Пра дасягненні гэтай персанальнай кампаніі час ад часу мы пішам у “Беларускім лістку”, таму Ігар не выглядае на Берасцейшчыне чужым элементам. Тым больш што і нашых чыноўнікаў ён закідвае лістамі-прапановамі пра пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы.
Аднак мы не казалі, што сваю актыўную грамадскую дзейнасць Ігар Случак сумяшчае з паспяховай вучобай у Тартускім універсітэце. Эстонія ж у Балонскую сістэму ўваходзіць ад самага пачатку, з 1999 года, і фактычна з’яўляецца адной з яе заснавальніц. З гэтага можна меркаваць, што архітэктура і змест вышэйшай адукацыі тут мае тыповыя для Еўропы абрысы.
У Тартускім універсітэце навучанне вядзецца на эстонскай мове, і выбар Ігара з першага погляду падаецца дзіўным. Але ўстанову для вывучэння права за мяжой ён, адвучыўшыся да гэтага тры з паловай гады ў родным Гомельскім дзяржуніверсітэце, выбіраў свядома. Як для беларуса, нават нязвычна свядома: “Выбраў Тартускі ўніверсітэт з-за таго, што гэта найстарэйшая навучальная ўстанова нашага рэгіёну – быў заснаваны ў 1632 годзе. Папярэднічаў яму Іезуіцкі Калегіўм, заснаваны ў 1582 годзе, калі Тарту быў у складзе Рэчы Паспалітай і выкладалі ў ім беларусы і палякі. Тут вучыліся Антон Луцкевіч, Усевалад Ігнатоўскі, Радзівілы – гэта таксама паўплывала на выбар ВНУ”. Ужо падчас навучання Ігар працягнуў аналізаваць беларускую прысутнасць у Тарту і прыйшоў да высновы, што з 1632 па 1918 гады ў ім вучылася каля 2300 нашых суайчыннікаў.
Што ж тычыцца матываў выбару самой краіны для навучання, то тут усё прасцей. Эстонская праграма для замежнікаў, якая прапаноўвала бясплатнае навучанне і выплату стыпендыі, аказалася першай, на якую наткнуўся гамяльчук. За гэта ён і ўхапіўся, заадно прыпомніўшы, што яго бабуля – удмуртка, а гэта тая ж этнічная група, што і ў эстонцаў, – фіна-ўгорская.
Ніякіх зніжак замежнікам
Экзаменаў у новы ўніверсітэт Ігар Случак не здаваў. Дастаткова было школьных дакументаў і тых адзнак, што засталіся з часоў навучання ў ГДУ. Бадай, толькі ў гэтым і выразіліся льготы для ўдзельніка замежнай праграмы. “У навучальным працэсе я на роўных з мясцовымі: ніхто ніякіх зніжак не робіць. На жаль”, — уздыхае без пяці хвілін бакалаўр. Прызнае, што вучыцца цяжка, але цяжкасці найперш выкліканы тым, што прыходзіцца асвойваць не толькі юрыспрудэнцыю, але і эстонскую мову. Прычым бясконца, паколькі гаворка ідзе пра адмысловую тэрміналогію. Моўны аспект Ігар бачыць галоўнай прычынай, чаму на яго факультэце мала замежнікаў, а беларусаў дык няма зусім: “Па-першае, мова. Па-другое, гэта ўсё ж юрыспрудэнцыя, на 80% мы вывучаем эстонскае заканадаўства, хоць і ў агульнаеўрапейскім кантэксце. Замежнікі ў большасці вучацца на англамоўных праграмах, на славянскай філалогіі ці на медфакультэце. Сярод медыкаў шмат фінаў, бо вучыцца ў Эстоніі ім нашмат танней, а ў Еўропе няма значэння, дзе ты атрымаў дыплом”.
У Тарту Ігар навучаецца амаль тры гады, а гэта значыць, што пры паспяховай здачы экзаменаў ён атрымае пасведчанне бакалаўра. Гэта першая ступень еўрапейскай вышэйшай адукацыі, якую Случак па сваёй спецыяльнасці параўноўвае з заканчэннем нашага каледжа. То бок веды пэўныя ёсць, але каб атрымаць прэстыжную працу, гэтага яўна недастаткова. “Мала хто спыняецца на бакалаўрыяце, усе вучацца далей. Каб быць суддзёй ці адвакатам, трэба закончыць магістратуру”.
Праўда, наш герой пакуль мяркуе спыніцца на бакалаўрыяце – стаміўся, кажа, ад вучобы ў яе паўнавартасным выглядзе і надта прывязаны да Беларусі. Трагедыі ў гэтым няма, бо еўрапейская сістэма дазваляе яму працягнуць навучанне ў любой краіне Балонскага працэсу, калі яму тое будзе зручна. Нешта падобнае ёсць і ў нас, але значна больш загрувашчанае бюракратычнымі замарочкамі.
Бег ад фармалізму
Паколькі Ігар мае прыкладна аднолькавы вопыт навучання ў беларускай і эстонскай ВНУ, ён можа крытычна параўноўваць абедзве сістэмы. Першае яго выказванне на гэты конт: “У нас нашмат больш фармалізму”. Пад фармалізмам Случак разумее абавязковае наведванне пар і вызначаны план заняткаў. У Тарту абавязковымі з’яўляюцца толькі практыкі, “і тое пры жаданні выкладчыкаў”.
Вучэбныя нагрузкі Ігар ацэньвае як большыя, чым у Беларусі па аналагічных дысцыплінах. “Але з-за таго, што часам можна вальней распараджацца, гэта не надта адчувальна”.
Адносна зместу адукацыі і набору дысцыплін, “тут адрозненні спецыфічныя і звязаныя з адрозненнямі ў заканадаўствах краін. Але ў цэлым тое, што ёсць у нас, тое ёсць і ў іх. Няма, праўда, прадметаў кшталту радыяцыйнай бяспекі, асноваў дзяржаўнай ідэалогіі і аховы жыццядзейнасці. Логіка, эканоміка, філасофія ёсць таксама, але выкладаюцца яны па іншых методыках і канцэпцыях. Галоўны акцэнт па ўсіх прадметах – на практыку і самападрыхтоўку. Калі б я па такой схеме вучыўся ў Беларусі, то быў бы вольным чалавекам і лёгка б паспяваў”, – упэўнены будучы юрыст.
Агульныя месцы Ігар канкрэтызуе аповедам пра свой тыповы вучэбны дзень.
– Я стараюся ставіць свае пары так , каб яны пачыналіся ў 10-12 гадзін, лепш у 12. Ёсць магчымасць выбраць групу па практыках самому, і калі паспяваеш выбраць больш зручную, то пашанцавала. У пачатку семестра бывае па 2-4 пары ў дзень. У канцы семестра – па 1-2 пары. Стараюся рабіць пятніцу вольнай, каб было 3 выходных. Пасля пар 4-6 гадзін прыходзіцца яшчэ сядзець самастойна. Наогул, можна не рыхтавацца ўвесь семестр, амаль ніхто ніколі не кантралюе, проста аб’ёмы велізарныя, і гэта адаб’ецца на іспыце.
Татальная электранізацыя і лібералізм
Гумарысты ставяць Інтэрнэт патрэбай №1 для сучаснага чалавека ў пірамідзе Маслоў. У гэтым сэнсе больш камфортна наш герой зноў жа сябе адчувае ў Тартускім універсітэце, дзе паўсюль бясплатны Інтэрнэт. Падручнікі таксама пераважаюць электронныя, таму не дзіва, што ў студэнтаў на сталах ляжаць не кнігі, а лаптопы. З другога боку, гэта выклікае дэфіцыт звычайных папяровых выданняў для аматараў рэтрастайлу. “Часта папяровых кніг бывае толькі па некалікі асобнікаў на плынь, асабліва новых”, — кажа гамяльчук, яўна бачачы ў гэтым недахоп.
У цэлым якасць адукацыі ён ацэньвае як больш высокую, чым у Беларусі. Юрыст, які закончыў Тарту, больш канкурэнтаздольны за выпускніка беларускай ВНУ, па меркаванні нашага суразмоўцы. “У нас адукацыя больш сацыяльна арыентаваная, даступная, але яна гадуе ў асноўным падначаленых, а не кіраўнікоў. Еўрапейская сістэма больш скіравана на тое , каб чалавек сам займаўся сваёй адукацыяй, ніхто за ручку не водзіць, таму тут і скончвае толькі палова”.
Перапыталі мы ў ініцыятара кампаніі “Справаводства па-беларуску!” і пра тое, ці не звяртаюць увагу ва ўстанове, дзе ён вучыцца, на палітычную і грамадскую дзейнасць студэнтаў. “Не, гэта нонсэнс. Рабі, што хочаш, толькі здавай іспыты”, — разумеючы, што мы маем на ўвазе, адказвае Случак.
Як жыць, дык жыць для Беларусі
Здавалася б, самым актуальным пытаннем для любога выпускніка еўрапейскай ВНУ мусіць быць пытанне працаўладкавання на тэрыторыі Беларусі. Аднак Ігар запэўнівае, што непрызнанне дыплома не мае асаблівага значэння. У Еўропу едуць за ведамі і вопытам, які пры жаданні можна будзе выкарыстаць і тут.
Сваё знаходжанне ў Тартускім універсітэце ён рэфлексуе наступным чынам: “Я зразумеў, што не трэба баяцца пачынаць нешта новае, што пры жаданні можна ажыццявіць усе памкненні. Ці паспрабаваць гэта зрабіць. Адчуў і ў поўнай меры ўсвядоміў, што трэба жыць не па нейкіх усталяваных грамадствам канонах «правільнага» жыцця, але так, як ты сам гэтага жадаеш”.
Заўважым, што ідэя пісаць ва ўсе ўстановы звароты ў падтрымку беларускай мовы прыйшла да Ігара Случака менавіта ў Тарту. Небяспечная ўсё-такі гэтая дэмакратычная Балонская сістэма для тых, хто сёння ля стырна.
0 комментариев
Anonymous User
25.05.2013 в 10:07Алесь
25.05.2013 в 10:07Знайшлі пра каго пісаць: хлопец піарыцца ды нічога ня робіць ні для мовы, ані Берасьцейшчыны. Закідаць лістамі на беларускай аблвыканкамы лёгка, для гэнага розуму многа ня трэба, а вось якая доўгатэрміновая стратэгія? Ён, ведаеце, што казаў некалі? «Пішыце проста, каб толькі пісаць на беларускай у дзярж. установы, няхай яны адказваюць нам, нават калі сэнсу ў вашых лістах няма.» Нормальны чалавек будзе заклікаць да падобнага й адрываць чынавенства ад працы? Так толькі можна адваротную рэакцыю да мовы выклікаць, а суздром не любоў ды павагу.
Іна Хоміч
26.05.2013 в 12:38Стратэгія ёсць, і даволі выразная, каб яе не бачыць. Баяцца адвярнуць чыноўнікаў ад мовы не варта — яны і так да яе не павернутыя. А пісьмовае пажаданне пашырэння сферы дзейнасці ад грамадзян у іх няхай будзе. яны на яго павінны рэагаваць і пасля ў сваіх справаздачах улічваць. Як ведаць, ці не дзякуючы «флэш-мобу» Случака, калі чыгунку закідалі такімі лістамі, у нас з’явілася беларускамоўная версія яе сайта. У кожнага свой метад папулярызацыі мовы. Думаю, што ў вас ён таксама ёсць. Няхай ён будзе і ў нашага героя.
Яўген
27.05.2013 в 00:40на дзіва, хочацца пары такіх «лядашчых» случакоў. Бо дзіва-асілкі на дзіва амёбныя. На вобласць усяго 2 (два) чалавекі запоўнілі дакументы і вырабілі карткі на белмове. Гэта пры афіцыйным адсотку беларусаў далёка за 70. У школе ім пра Машэку ды Купалу дзяўбуць, а інэрцыі не хапае нават беларусамі звацца. Партыйцы, хай іх і прэсуюць за апазіцыйнасць, з работы ўсіх павыганялі, але «засвяціцца» ім баяцца ўжо без патрэбы. Але нават «эліта» — па лініі найменшага супраціву. Такое ўражанне, што і кідалы зверху, і апазіцыянеры пад імі вечна жыць збіраюцца..