– Пытаецца ў мяне Саша аднойчы: “Праз 7 месяцаў у мяне выстава, ды не ведаю, дзе правесці”, — расказвае кобрынскі разьбяр на адкрыцці выставы “Асоба на падворку”. – Ну, я і ляпнуў: “На падворку зрабі”. Я думаў, пажартаваў, а Саша паслухаў.
Каб не гэтае прызнанне Чыквіна, нікому і ў галаву не прыйшло б, што выстава паўстала з нявіннага жарту. Усё тут сур’ёзна, як і належыць быць на тэрыторыі мастака-філосафа. Гасцей сустракае чыста прыбраны зялёны двор з бетоннай сцежкай, уздоўж яе стаяць калоды. Яны служаць пастаментамі для драўляных скульптур, пакуль што схаваных ад цікаўнага вока белымі прасцінамі. Накрытыя таксама і мальберты з графічнымі работамі.
Воку першых наведвальнікаў даступныя толькі некалькі скульптур. Сярод іх і тая, дзякуючы якой мы з Лазеркам раней пазнаёміліся, – работа “Ён яшчэ вернецца”. Скульптура і цяпер спыняе каля сябе многіх. Павешаныя нібыта анёлам, які сам адсутнічае, на вешалцы для вопраткі крылы прымушаюць не толькі задумацца пра суадносіны дабра і зла ўвогуле, але і перапытаць сябе самога: а ці на месцы мой анёл?
Пачатак трохі зацягваецца, бо спазняюцца апошнія госці. Адкрыццё плануецца незвычайнае, таму гаспадар чакае ўсіх. І вось нарэшце пад гукі фіяланчэлі ён падыходзіць да першай накрытай скульптуры. Чытае верш – зноў жа філасофскага зместу – і на апошніх словах здымае покрыва з фігуры віяланчэлісткі, якая грае на чалавечым пазваночніку доўгім цвіком. Ідзе далей, зноў чытае верш, і на гэты раз увазе гасцей прапануецца чалавек-крэсла скульптуры “Цярпенне”. І так з кожнай работай. Толькі графіка абыходзіцца без слоўнага суправаджэння.
Госці моўчкі назіраюць. Сваё захапленне яны выкажуць трохі пазней, калі ўсім ахвотным дасць слова загадчык аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога ГКЦ Ларыса Быцко. Са слоў калег мастака старонні чалавек можа лёгка вывесці для сябе асноўныя якасці Аляксандра Лазеркі: абсалюную шчырасць, талент і здольнасць дзяліцца гэтым талентам з дзецьмі. Ну а з-за свайго філасафічнага складу розуму мастак і ўвогуле займеў мянушку мясцовага Сальвадора Далі.
Прагучаць у віншавальных словах і не надта ўрачыстыя ноткі. Але толькі з адной прычыны: шкадуюць Аляксандравы сябры, што выціснулі яго з мясцовага Дома культуры, дзе ён вёў узорную дзіцячую мастацкую студыю “Калібры”. Асабліва пранікнёна і пераканаўча скажа пра Лазерку як пра педагога выкладчыца з БрДУ імя А.С. Пушкіна Марына Марчук і зробіць відавочным, што Вістычы маюць цудоўнага настаўніка, які дзіўным чынам стаў незапатрабаваны.
Увогуле ўсё ідзе неяк па-добраму і настройвае на добры лад увесь падворак, дзе, апроч духоўнага падмацавання, з’яўляецца і фізічнае. Пакуль праходзілі ўрачыстасці, гаспадыня Алена паспела накрыць гасцям добры стол, на якім нават ёсць бульба-таўканіца. Адразу памацнелі размовы пра тое, што прысядзібныя выставы трэба зафіксаваць як жанр. Ларыса Быцко кідае ў паветра думку, што можна рабіць серыю “Асоб на падворку” – мастакоў, і падворкаў для гэтага досыць.
Аляксандр жа відавочна радуецца ўдалай задуме. А яшчэ таму, што якраз у гэты дзень, 29 мая, выпісалі з бальніцы любімую дачку Насцю, якая падарыла яму не менш любімую ўнучку Дар’ю. Нараджэнне ўнучкі падштурхнула яго на стварэнне яшчэ аднаго філасофскага твора. Жанчына са збаном замест галавы трымае ў руках дзіця. Збан нахілены: “Жанчына ўлівае ў дзіця Сусвет”, — тлумачыць аўтар, калі дорыць скульптуру Брэсцкаму мастацкаму музею, прадстаўленаму на выставе дырэктарам Васілём Гуляевым.
Падаецца, падарыў Лазерка самую дарагую для сябе скульптуру. І гэта ў яго стылі, не іначай.
Ответить