Пісьмо
У канцы красавіка я атрымала ад знаёмай ліст.
“Была ў сваёй роднай вёсцы Заполле (Івацэвіцкі раён), і пайшлі мы з дачкой на калгасны двор паглядзець каровак. Убачанае мяне вельмі ўсхвалявала: цэлы статак галодных, заскарузлых цялкоў, пабачыўшы нас, пабег у наш бок з несканчоным мычаннем. У кармушках – пустэча, пад нагамі – бяскрайняе гаўно. Калі я запыталася ў бабулі, то яна мне расказала вось што.
Колькі год таму гэтую гаспадарку прадалі італьянцам. Гаспадарка прыйшла хутка ў нягоднасць: тэхніка знікла, людзі атрымліваюць мізэр, дый наогул няма гаспадара. Больш за ўсіх мучаецца жывёла. Зараз яе кормяць проста саломай, ды і то адзін раз на дзень. Сіласу нарыхтавалі мала. Самае непрыемнае, што людзі, адказныя за кармленне жывёлы, ільвіную долю корму забіраюць сабе, а пасля нахабна едуць прадаваць па людзях. На бедных жывёлін з голаду і абыякавага догляду вошы напалі (тон і выраз твару бабулі вельмі выразна далі зразумець, што гэта здараецца ў самых жудасных выпадках). Людзі пісалі ў Івацэвіцкі райвыканкам, але воз і цяпер там.
Чаму табе пішу? Можа, падкажаш, што рабіць, куды звяртацца? Бо, калі з людзьмі гаварыла, дык казалі: “Можа, ты там у Брэсце каму скажы, бо тут управы на іх няма”.
Сведчанні сыходзяцца
Гэтае паведамленне прымусіла вельмі хутка на яго адрэагаваць і неадкладна накіравацца ў падарожжа. Нават не з-за яго пераканаўчай эмацыйнасці і пералічаных фактаў, а таму што сітуацыя падалася вельмі тыповай. Праблема абыякавага гаспадарання, а часта і негуманнага стаўлення да жывёл на такіх фермах даўно прасілася на паперу, таму ліст, так бы мовіць, упаў на ўзараную глебу.
У Івацэвіцкім раёне два Заполлі – косаўскае і быценьскае. Нам патрэбнае быценьскае, што знаходзіцца за 3 кіламетры ад цэнтра сельсавета Быцень. Дабрацца туды без уласнага аўтатранспарту цяжка. На цягніку можна пад’ехаць толькі да прыпынку “Даманава”, адтуль прыкладна 10 кіламетраў пехатой. Я ж і ўвогуле павялася на назву чыгуначнага прыпынку “Быцень” і ішла каля 20 кіламетраў, як ацанілі мой шлях жыхары бліжэйшай ад станцыі вёскі Прыбырава. Яны ж сказалі, што я далёка непершая ахвяра жарту чыгуначнікаў.
Прыйшоўшы нарэшце ў Заполле, вырашыла не ісці адразу на ферму, а папытацца, што думаюць пра стан яе спраў карэнныя запольцы. Так выйшла, што першым маім суразмоўцам аказаўся былы брыгадзір калгаса, ветэран вайны Аляксандр Ядчэня. Ён распавёў пра мінулую, па ўсім відаць яшчэ савецкую, магутнасць калгаса і фермы і сказаў, што цяпер тут пануе бардак: “Вы на адну траву паглядзіце – у пояс вырасла і ніхто яе не косіць. Часам як на ферму зайду, дык здаецца, што зноў вайна паўтарылася. Адны разваліны”. У такім жа ключы – супастаўляючы былое і цяперашняе не на карысць апошняму – гаварылі пра ферму ўсе старэйшыя запольцы.
Праўда, гэта яшчэ мала пра што гаворыць, бо вядома ж, што старому чалавеку заўсёды “раней было лепей”. Аднак у працэсе руху да фермы пачынаюць трапляцца і маладзейшыя жыхары вёскі, сярод іх і работнікі аб’екта, які нас цікавіць. Разгаварыць іх не надта проста – яны баяцца страціць нават тое нямногае, што маюць. “Дайце да пенсіі дапрацаваць”, — гавораць старэйшыя з іх. “А вы што, мае словы недзе будзеце выкарыстоўваць?” – у тон ім выказваюцца маладзейшыя.
“Ферма знікае”
І тым не менш нават па іх скупых словах зразумела, што кожнае напісанае ў лісце слова – праўда. У 2009 годзе даволі паспяховую нават па ацэнках вясковай моладзі жывёлагадоўчую ферму ў складзе сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Быценьскі” аддалі італьянскай фірме “БелАгракультура”, якая прыйшла на беларускі рынак годам раней. Новыя гаспадары пачалі наводзіць свой парадак, які заключаўся, у асноўным, у звальненні нязручных спецыялістаў кшталту папярэдняга дырэктара гаспадаркі, у павелічэнні норм сярэднемесячнага прыросту вагі цялят (на запольскай ферме ўтрымліваецца маладняк) і ў адсутнасці хоць нейкіх капіталаўкладанняў у ферму.
Пры гэтым запольцы паказваюць на вялікі і пусты калгасны дом і распавядаюць у якасці прыкладу, што тут жыла шматдзетная сям’я, якая працавала на ферме ды вымушана была кінуць працу пасля рэзкага падзення заробкаў і пераехаць у іншае месца. “Ферма – адзінае месца працы тут. Не будзе яе, тады з Заполля з’едзе апошняя моладзь, якая тут яшчэ засталася”, — запэўнівае мяне жывёлавод і бацька траіх дзяцей. Па словах работнікаў, іх зарплата не дасягае і двух мільёнаў. Гэта пры тым, што ў наглядчыкаў цялят няма ні выходных, ні адпачынкаў.
Не дзіўна, калі гэтыя работнікі палічаць, што маюць права замест добрага заробку прыхапіць з фермы мукі, прызначанай для цялят. Хоць расследаванне ў гэтым накірунку я не праводзіла і абвінавачваць кагосьці не маю намеру.
На руінах фермы
Уражанне ад стану фермы сапраўды цяжкае. Гаспадарчыя пабудовы даўно не рамантаваліся, многія стаяць пустыя з абваленым дахам. Трымаюцца толькі тыя, дзе зараз стаяць цяляты і цялушкі. Але там затое пануе бруд, як на тыповай савецкай ферме. У брудзе стаяць цяляты і на вуліцы.
Да мяне яны таксама бягуць “з несканчоным мычаннем”, спадзеючыся, што я нясу ім нешта паесці. У іх кармушкках толькі грубае сена, якое, памятаю, нават старая бабуліна карова есці не хацела. А на двары сярэдзіна мая, вакол буяюць зялёныя травы.
Затрымліваюся на ферме, і знаёмлюся з яшчэ адной наглядчыцай. Пытаюся: “А чаму цяляты так крычаць? – Бо есці ўжо хочуць. Што ім тое сена!”. Яна рыхтуе ім ежу. Ежа – гэта мутная мяшанка мукі, вады і парашку, які замяняе малако. Усё гэта па кансістэнцыі не гусцей за ваду. Калі яно выліваецца ў кармушку, цяляты як вар’яцеюць: заскокваюць адзін на аднаго, каб хутчэй дастаць гэтай вадкасці. Іх у загоне каля двух дзясяткаў, і “норма”, пару літраў на цялушку, заканчваецца праз паўхвіліны з моманту, калі даглядчыца вылівае апошняе пітво. Тут жа яны пачынаюць аблізваць пысы суседзяў па кармушцы.
“Ім не мала гэтага?” – асцярожна пытаю даглядчыцу. Яна не адказвае прама на пытанне, але кажа: “Больш не паложана”. Дадае, што затое ім паложана зялёная маса, якую яны зусім не атрымліваюць – мінулагодні сілас закончыўся, а свежай травы чамусьці яшчэ не нарыхтавалі. “Вось і як даваць прывесы? – абураецца жанчына. – Калі была норма 300 грам у месяц, а цяпер стала 600. Паспрабуй нагані яго на сене ды вадзе!”. Пасвяць жа толькі старэйшых цялушак, якія неўзабаве мусяць перасяляцца ў іншы кароўнік да дарослых кароў.
Інвестыцыі май змаяваў
Не надта адмаўляецца ад бядотнага становішча запольскай фермы і дырэктар “БелАгракультуры” Генадзь Фурса: “Што развал там, то развал”. Гаворыць шчыра, але таксама больш намёкамі, з якіх ясна, што кіраўніцтва вобласці не задаволенае гаспадараннем італьянскага замежнага прадпрыемства з абмежаванай адказнасцю: “У красавіку быў італьянец у Сумара, і яму апошні шанс далі, каб усё наладзілася”.
Усё – гэта пра гаспадарку ў цэлым, у актывах якой знаходзіцца цэлых чатыры фермы – дзве малочна-таварныя і дзве для цёлак. Адносна ж запольскай фермы аказваецца, што лёс яе вырашаны і да канца года яна скончыць сваё існаванне. Цялят расфарміруюць па іншых кароўніках.
Расказвае дырэктар і пра нормы спажывання корму для цялушак. У залежнасці ад узросту гэта прыкладна 2 кілаграмы замяняльніка малака ды 10 кілаграм зялёнай травы. Каб цялят так кармілі, то не бегалі б яны з мычаннем за кожным.
Дзіўна, але факт, што няма ў “БелАгракультуры” ні заатэхніка, ні ветурача. “Даем заяўкі і ў газеты, і ў цэнтр занятасці, і ва ўпраўленне, каб спецыяліста прыслалі. Чацвёрты год працую, дык ніводнага яшчэ не прыслалі”, — распавядае Генадзь Фурса.
Ды як жа магло стацца, што добры кавалак дзяржаўнай зямлі ў 2992 гектары, жывёлагадоўчы комплекс з 1522 галовамі крупнага рагатага быдла і 90 чалавек работнікаў трапілі ў рукі да не надта дбайных гаспадароў з-за мяжы? Хаця па якой прычыне аддалі, яшчэ можна зразумець, — шукалі інвестыцый, якіх на справе не аказалася. “Адрамантавалі толькі будынак канторы ў Быцені, ды яшчэ ўклалі шмат грошай у праект, які тут адхілілі. Пасля пачаўся крызіс. Няма грошай у іх”, — кажа Фурса.
Галоўнае пытанне іншае: чаму дзейнасць новых уласнікаў як след не кантралюецца? І нават ігнаруюцца звароты грамадзян адносна гэтай сітуацыі ў райвыканкам.
У аблвыканкаме ж за наш запыт адносна ўмоў інвестыцыйнага дагавору гавораць, што гэта канфідэнцыяльныя дадзеныя. А наконт формы кантролю, што “раённым выканаўчым камітэтам ЗТАА “БелАгракультура” штогод даводзяцца аб’ёмы вытворчасці і паставак у лік дзяржаўных патрэб асноўных відаў сегаспрадукцыі”. І ні слова пра тое, ці выконваюцца гэтыя аб’ёмы.
Будучыня ў тумане
Генадзь Фурса запэўнівае, што дзелавы настрой у італьянцаў захоўваецца. “Рабочыя месцы будуць”, — гаворыць дырэктар і расказвае, што ўласнікі прадпрыемства збіраюцца нават птушкагадоўляй заняцца.
Аднак на словах мы ўсе героі. Сумная карціна, што паўстае з запольскай фермы, не настройвае надта аптымістычна. Яна так і крычыць пра тое, што ні цялушкі, ні рабочыя нікому не патрэбныя – ні прышламу гаспадару, ні мясцовай уладзе. Як бы прыгожа яны ні баялі пра адваротнае.
0 комментариев
Anonymous User
24.06.2013 в 17:57Валентина Владимировна
24.06.2013 в 17:57Дикий ужас! Есть ли в области общественная организация по защите животных (поскольку местной власти пофигу), которая смогла бы инициировать проверку по факту жестокого обращения с животными? Ведь вроде бы Лукашенко А.Г. к таким фактам раздолбайства относится очень плохо. Может на президентский сайт инфу сбросить? Тогда все ответственные, а вернее, безответственные зачешутся? Я не кровожадная, просто люблю ЧЕЛОВЕЧЕСКОЕ отношение ко всему, в т.ч. и к животным.