У Еўропу – легальна
Сёння наш герой – выпускнік Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна Дзяніс Кіцель – асоба, вядомая ў экалагічных і біялагічных колах. Яшчэ падчас свайго студэнцтва Дзяніс узначальваў Брэсцкую абласную арганізацыю “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, працаваў у міжнародных праектах.
Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 2010 годзе Дзяніс вырашыў працягнуць навучанне ў Еўропе. На сайце ngo.by ён знайшоў абвестку аб праграме “Эразмус Мундус” для магістрантаў. Умовы праграмы традыцыйна вельмі спакуслівыя – аплочваецца праезд, медыцынская страхоўка і выплочваецца прыстойная стыпендыя. Адзіны мінус – дамова заключаецца толькі на адзін год, у той час як само навучанне ў магістратуры патрабуе мінімум двух.
То-бок атрымаць у Еўропе дыплом магістра за кошт адной толькі праграмы не свяціла.
Універсітэт Алгарве
Спецыяльнасць, дзеля атрымання якой Дзяніс Кіцель адбываў у Партугалію, называлася “Марская біялогія”. І вывучаць азы гэтай навукі хлопцу пашансавала ля самага мора – ва ўніверсітэце Алгарве.
Што там паўнацэнна працуе Балонская сістэма, Дзяніс адчуў адразу – ва ўніверсітэце навучаліся прадстаўнікі 80 краін свету, хаця большасць складалі ўсё ж партугалы. Яго акадэмічная група таксама была шматнацыянальная: “У гэтым універсітэце дзейнічаюць шмат праграм, не толькі праекты “Эразмус Мундус”, таму там шмат іншаземцаў. Былі нават людзі, пра чые краіны я ніколі не чуў”.
Жыллё замежнікі шукаюць сабе самі, ужо з гэтага моманту іх прывучаюць быць самастойнымі нароўні з мясцовымі. Дзяніс, напрыклад, першыя тры дні, пакуль афармляў від на жыхарства, банкаўскі рахунак і даведку пра адсутнасць крымінальнага пераследу ў Еўропе, жыў у хостэле. Пасля пераехаў у інтэрнат, на які цягам тыдня можа разлічваць той замежнік, што не знайшоў сабе жытло загадзя. За гэты невялікі час студэнт мусіць вызначыцца са сваім далейшым мяшканнем – зняць з такімі ж студэнтамі кватэру ці залічыцца ў інтэрнат. Апошні каштаваў 130 еўра на аднаго чалавека ў двухмясцовым пакоі. “Стыпендыя пакрывае цалкам усе выдаткі – я атрымліваў тысячу еўра ў месяц. Але чакаць яе трэба два месяцы, пакуль аформяцца ўсе дакументы. Гэта трэба ўлічваць, калі едзеш за мяжу вучыцца, бо студэнту з нашай краіны досыць складана без падтрымкі пражыць у Еўропе два месяцы”, — кажа вопытны Дзяніс Кіцель.
Прафесура
Балонская сістэма ў ідэале прадугледжвае не толькі студэнцкую, але і выкладчыцкую мабільнасць. Па словах магістранта, усё гэта мае месца ў Алгарве: “З выкладчыкаў там больш партугалаў. Усе яны добра валодаюць англійскай, гэта спецыялісты сапраўды высокага ўзроўню. Але прыязджалі да нас таксама выкладчыкі з Канады і ЗША – гэтакія мэтры, знакамітыя спецыялісты ў галіне марской біялогіі. Акрамя таго, былі неабавязковыя публічныя лекцыі, якія таксама чыталі замежнікі”.
Увогуле Дзяніс шмат добрага кажа менавіта пра выкладчыкаў. Падкрэслівае, напрыклад, тое, што ў сваіх лекцыях яны выкарыстоўваюць самыя свежыя дадзеныя: “Гэта не тое, што ты вучышся па падручніку 1986 года, дзе апісаныя вынікі эксперыментаў 70-х, а што было пасля гэтага, не ведаеш”. Кіцель робіць выснову, што студэнты Алгарве больш падрыхтаваныя як спецыялісты. “Нашыя валодаюць канцэпцыяй, але не могуць бачыць дынаміку. Калі шчыра, пасля навучання ў Еўропе гэтыя старыя падручнікі і незлічоныя ксеракопіі ўяўляюцца мне такім калгасам, што я проста не змог бы цяпер тут вучыцца”.
Безадсоткавыя крэдыты
Ацэньванне ведаў студэнтаў у Балонскай сістэме таксама адбываецца інакш, як у нас. Большасць еўрапейскіх універсітэтаў перайшлі на крэдыты – суму балаў, якую трэба набраць за навучанне. Напрыклад, за гады бакалаўрыяту студэнту неабходна назапасіць прыкладна 180 крэдытаў, якія ўтвараюцца пасля пацверджання ведаў па канкрэтных дысцыплінах. Гэтыя крэдыты можна набіраць у адной установе ці ў розных – пры змене ўніверсітэтаў папярэднія крэдыты залічваюцца. Час іх збірання таксама можна расцягваць, здаючы ў год менш дысцыплін, чым гэта прадугледжвае тыповая праграма. Трэба зазначыць, што еўрапейцы такім прывілеем з задавальненнем карыстаюцца.
Абмен ведаў на лічбы адбываецца на чатырох сесіях. Па кожным паспяхова засвоеным курсе залічваецца пэўная колькасць крэдытаў, што залежыць ад складанасці прадмета і колькасці адведзеных на яго гадзін. Складаныя курсы, як правіла, з’яўляюцца абавязковымі і больш важкімі. Але некалькі такіх дысцыплін за адну сесію здаць праблематычна, таму студэнты стараюцца камбінаваць іх з больш лёгкімі курсамі па выбары, якія можна паспяхова засвоіць у кароткі час. “Мне трэба было набраць за год 60 крэдытаў, — апавядае Дзяніс. – За кошт чаго я іх набіраю, ужо мая справа. Але калі нешта не здаў з першага разу – таксама не праблема, гэта можна здаць у наступным семестры, а таму, хто вучыцца даўжэй, і праз год”.
Дарэчы, курсы па выбары Дзяніс ацэньвае не толькі як больш лёгкія, але і як нашмат цікавейшыя за абавязковыя. Успамінае, як падчас прадмета “Паводзіны марскіх млекакормячых” студэнты выходзілі на караблі ў адкрытае мора і назіралі за марской фаўнай.
Кантроль
Кантроль па-за сесіямі ў Алгарве ёсць, хоць мае зусім іншыю прыроду і якасць, чым у ВНУ Беларусі. Ніхто не правярае прысутнасць на занятках, але разам з тым за акадэмічнай групай замацаваны супервайзер. Ён сустракаецца з кожным студэнтам прыкладна раз на месяц, каб супольна абмеркаваць індывідуальны навучальны план. То-бок гэта найперш дапамога і падтрымка, а пасля ўжо кантроль.
Што тычыцца кантролю палітычнага, то з гэтым наш суразмоўца не сутыкаўся. “Партугалія – досыць нестабільная краіна, там штомесяц нейкія маніфестацыі адбываюцца, у якіх і студэнты ўдзельнічаюць. Я не чуў, каб гэта неяк адбівалася на іх навучанні. Хаця тут я дакладна не магу казаць, бо не з’яўляюся грамадзянінам гэтай краіны. Магчыма, мясцовыя нешта такое адчуваюць”.
“Мінусы” і “плюсы”
Дзяніс Кіцель задаволены, што атрымаў вопыт навучання ў Еўропе. Яго не расстройвае, што ў Беларусі гэты год нідзе не ўлічыцца, і магістратуру, калі будзе вялікая ахвота, яму прыдзецца пачынаць спачатку. Не засмучае і той факт, што з гэтакай спецыялізацыяй – марская біялогія – цяжка знайсці сабе працу на радзіме. Ён хлопец актыўны, і прымяненне сваім ведам дакладна знойдзе. Яго аднагрупнікі таксама раз’ехаліся па ўсім свеце. Зрэшты, мабільнасць працоўных кадраў – тое, дзеля чаго і стваралася Балонская сістэма, і гэта яшчэ адзін яе “плюс”.
Каб неяк ураўнаважыць карціну, мы папрасілі героя назваць таксама “мінусы”. Трохі падумаўшы, выпускнік беларускай ВНУ і года аспірантуры ў Партугаліі зазначыў: “Пры Балонскай сістэме лёгка разляніцца, калі належным чынам сябе не кантраляваць. Студэнты, у чыіх бацькоў ёсць грошы, расцягваюць сабе навучанне і праводзяць увесь вольны час на пляжы”. Не спадабалася берасцейцу і тое, што заняткі раскіданыя на ўвесь дзень. Відаць, ён не паспеў скласці сабе зручны графік.
Але акурат Дзяніса Балонская сістэма не разляніла, а навучыла яшчэ большай самастойнасці ў мысленні. “Неяк мы з сябрам рабілі кантрольную работу. З тымі дазенымі, што ў нас былі, у нас нічога не атрымлівалася. Таму мы напісалі ў адказе, што дадзеных не хапае, эксперымент не можа быць пастаўлены. Бачылі б вы, як спадабалася гэта прафесару! Па сутнасці, мы не справіліся з заданнем, але ён нас хваліў перад усёй групай, бо мы выказалі сваё меркаванне. Не ведаю, шчыра кажучы, ці магчыма такое ў нас”.
Дзякуй Богу, што яшчэ магчыма.
0 комментариев
Цапков Валерий
21.08.2013 в 23:56