Куды прыехалі?
Другі раз разам з валанцёрамі давялося наведаць Столінскі раённы прытулак у рабочым пасёлку Рэчыца. “У нас ужо 29 дзетак”, — паведамляе дырэктарка Ала Цымбалюк. Успамінаю, што яшчэ ў студзені было 14, а месцаў тут да 20. Так і ёсць – дзеці цяпер ядуць у двух залах і спяць на ўзятых у арэнду ложках. Арганізацыя, што пазычыла мэблю, ужо просіць яе назад, але выхаванцаў прытулку менш пакуль не становіцца. Зрэшты, і тая мэбля, што ёсць, даўно просіцца на сметніцу. І не толькі мэбля: можаце ўявіць сямідзесятых гадоў мінулага стагоддзя матрасы пры ўмове пастаяннай змены выхаванцаў, якія да таго ж нярэдка хварэюць энурэзам?
Але ёсць у аддаленага ад спонсарскай увагі прытулка і радасць. Нейкім чынам удалося выбіць 5 сталоў з гуманітарнай дапамогі. Яны ўжо былі ў выкарыстанні, але выглядаюць, як новыя, у бедненькім інтэр’еры ўстановы. Стары ж столік для маленькіх дзетак, абапал якога стаяць крэслікі з абдзёртай зверху фанерай, і ўвогуле цягне на музейны экспанат.
З чым прыехалі?
Неўзабаве пасля першага візіту берасцейца Генадзя Дзедуха ў гэты сацыяльна-педагагічны прытулак тут з’явілася новае акно ў душавым пакоі. Цяпер жа Генадзь прывёз новую душавую кабіну, якую дырэктар прасіла ў першую чаргу. Разам з ім прыехала і кіраўніца валанцёрскай суполкі “Пасланнікі дабра” Марыя Галашчапава, якая захапіла мяхі сабранай добраахвотнікамі вопраткі, новага абутку і кніжак.
Генадзь Дзедух цікава падбірае сабе кампанію на падобныя выезды. Бярэ не толькі валанцёраў, але і проста прафесіяналаў, згодных папрацаваць бескаштоўна. Гэтым разам атрымаўся нейкі акторскі парад: акторы Брэсцкага акадэмічнага драматычнага тэатра Генадзь Чурыкаў і Міхаіл Ільіч прыехалі з забаўляльнай праграмай, акторка гэтага ж тэатра Ірына Пашэчка аквагрымам размалёўвала дзіцячыя твары, дапамагаў ёй калега Анатоль Бараннік, які, як вядома, грае галоўную ролю ў спектаклі “Над пропастью во ржи”. Нават цырульнік Вольга Арчабасава і то мае дачыненне да тэатра – працавала там некалі грымёрам.
Генадзь Дзедух заклікае далучацца да падобнай справы людзей розных прафесій, якія адчуваюць, што іх грошы, тавары або паслугі патрэбныя ці дзецям, ці ўстанове. Для ўласнікаў мэблевых фірм шматзначна паўтару, наколькі востра стаіць у прытулку праблема з ложкамі.
Да каго прыехалі?
29 чалавек, забраных ад бацькоў, — гэта шмат, улічваючы, што ў раёнах, у адрозненне ад Брэста, пакідаюць дзяцей у сям’і да апошняга, даючы і даючы шансы нягеглым бацькам. Па малышні асабліва не відаць, што іх нядаўна выцягнулі з крытычнага становішча, а вось на старэйшых дзецях пэўны адбітак заўважны. Яны зацятыя, часам нервовыя, закамплексаваныя. Пра іх лёсы не вельмі хочацца распытваць, але часам персанал прытулку дзеля нашага разумення маштабаў праблем, з якімі сутыкаюцца дзеці алкаголікаў, распавядае тую ці іншую “дзіцячую” гісторыю. На гэты раз нас усіх найбольш шакаваў аповед пра айчыма-педафіла, які спаў з непаўналетнімі падчаркамі пры маўклівай згодзе сваёй жонкі – іх маці, ды яшчэ і на вачах у астатніх дзяцей. У брэсцкім судзе, куды жонка неяк у помсту яму падала заяву, справу закрылі за адсутнасцю доказаў. У Столінскім, у які звярталіся сацыяльныя педагогі, маючы неаспрэчныя доказы, педафілу прысудзілі два гады ўмоўна. Кажуць, мяккі прыгавор звязаны з тым, што ўсе былі на такую сувязь згодныя.
Жонку педафіла і маці пяцярых дзяцей спрабуюць пазбавіць бацькоўскіх правоў, але ці атрымаецца нешта пры такім судовым падыходзе? Можа стацца, што дзецям прыдзецца вярнуцца дадому, куды ўжо вярнуўся героем іх камусьці бацька, камусьці айчым.
Седзячы ў горадзе, мы пакуль не ўсведамляем маштабы нацыянальнай катастрофы, якая разгортваецца найперш у вёсцы, дзе няма працы і культуры праводзін вольнага часу. Пакуль яна набірае тэмпы, у прытулках і надалей не будзе хапаць ложкаў для новых выхаванцаў.
Ответить