На жаль, мае асабістыя стасункі склаліся так, што шмат каму з адораных Божай іскаркай старэйшых сваіх паплечнікаў не давялося, не паспеў зірнуць сумленна ў вочы і шчыра падзякаваць за адданае слугаванне слову, літаратуры. Адным з іх быў і Авечкін, найстарэйшы, найболей вядомы (і не толькі ў Беларусі) празаік.
Іх, сівавалосых і яшчэ густачубых “аксакалаў”, што са зброяй у руках прайшлі праз вайну, было шмат (Засім, Калеснік, Стэльмашук, Ласковіч, дзядзя Федзя Ляўчук, палкоўнік Затульскі, начальнік вайсковых майстэрняў на той час, архітэктар Сурскі, адданы сын Украіны Мыкола Тэлычко, масквіч родам Дзмітры Васільеў) у нашай гаманкой сям’і. І мы, падшыванцы вайны, гарнуліся да іх – франтавікоў, партызанаў, падпольшчыкаў, а яны да нас, прыпухлагубых студэнтаў і нават яшчэ вучняў гарадскіх і вясковых школак.
Амаль усіх з адных і другіх успомніў у сваёй распрамененай паэме “Літаратурны чацвер” адданы пяюн палескае старонкі Міхась Рудкоўскі. А вось Авечкіна ў ёй няма. Чаму?—думалася не аднойчы нам, сённяшнім, ужо нашмат сівейшым і лысейшым за аратых той вялікай вайны. Адказ, як і на шмат што, знайшоў у Калесніка.
Ваяваў сын Вяліканоўгарадскай зямлі ў начной авіяцыі, якую фрыцы ахрысцілі “чортавымі млынамі”. Вось што гаворыць пра баявога лётчыка з чатырохгадовым франтавым стажам Авечкіна, які вучыў сыноў нашае неабдымнае Радзімы біць немчуру ў нашым і ягоным небе і падрыхтаваў амаль 100 лётчыкаў , у тым ліку трох Герояў Савецкага Саюза, наш слынны крытык:
“Далікатна перабірае добрыя прыгаршчы ордэнаў сваімі буйнымі пальцамі, спакойна , не ўзвышаючы голасу, гаворыць, але бровы прыкметна ссоўваюцйца, і твар ягоны прымае велічны выраз”.
Во дзе яно, во дзе сабака зарыты. Якім цудам нам, вясковай басоце, адчулася ў гэтым прыгожым і станам , і тварам чалавеку нейкая “барская” костачка, Бог яго ведае. А, далібог, мне падалося нешта ў ім ад Траекурава. Страшнавата было побач з ім. І, галоўнае, яму падабалася тая адлегласць між намі, якую ён не жадаў скараціць. Таму, пэўна, і чытанне ягонай, адшліфаванай таленавітай рукою дакументальнай прозы , як ён сам вызначыў, “для сярэдняга школьнага ўзросту”, прыпала на сталыя мае ўжо гады.
Не першы раз лаўлю сябе на думцы, што літаратурнае пакаленне “бацькоў” нашых пісала, кожны ў моц свайго таленту, ці вершам , ці прозаю дзённік змагання ці з панам (Засім, Ляўчук, Ласковіч), ці з фашыстам (усе астатнія з вышэй пералічаных).
Першую аповесць Аляксандра Аляксеевіча “Саломка” Калеснік вызначыў як займальную, вострасюжэтную, насычаную прыгодамі, хочацца дабавіць — надзвычай шчырую — праўда, адзначыўшы ў ёй “некаторую псіхалагічную прастату”.
Перабраўся Авечкін да нас у Брэст у 1951 годзе і пісаў, акрамя журналістыкі, толькі тое, што дасканала ведаў. А ведаў ён да драбніц лётную і баявую справу, ведаў маладое пакаленне краіны, узгадаванае на рэвалюцыйнай героіцы, на сумленні і сапраўдным сяброўстве, любові да роднай зямлі. Героі ягоных аповядаў – прыгожыя душою, адданыя да апошняй кропелькі крыві народу і радзіме юнакі, падлеткі, што цаною ўласнага жыцця ратуюць жыцці тых, хто трапляе ў пасткі катаў.
І Васька Асокін з абразка “Выпадак на возеры”, і Рыгорка Шчаглоў з “Асобага задання” , і Клім Петушкоў з “Наперад, Буран!..”, і Настачка, і Юрка з аднаіменных навел, і асабліва наш палешучок Васілёк Саўчук з “Салдаты ішлі на Берлін” разам з братамі Барыскам і Пашкам Рамашкінымі з “Хлапечыя песні”, і шмат іншых юных герояў з кніжак “Подзвіг сігналіста” і “Асобае заданне” клічуць сённяшнюю моладзь на “славные і добрые дела”.
Браты Рамашкіны, рызыкуючы жыццём, пад носам вартавых цешаць, падтрымліваюць асуджанага на смерць фашыстамі палоннага рускага лётчыка баявымі песнямі бурапенных часоў, і ён адказвае ім надпісам галавешкаю на сцяне беларускае сялянскае лазенкі: ”Дзякую, хлопчыкі, за песні. Жывіце ў спакоі і сяброўстве. Няхай жыве Радзіма!..”
І я Вам шчыра дзякую, Аляксандр Аляксеевіч, за Вашу іскрыстую, самаадданную песню, як ніколі, напэўна, патрэбную нашам нашчадкам сёння. Светлая памяць Вам назаўжды. Няхай жывуць і Ваша Расія, і мая Беларусь!
Аляксей ФІЛАТАЎ
0 комментариев
Цапков Валерий
05.08.2013 в 00:19інфоліякрат
05.08.2013 в 00:19З вялікім натхненнем прачытаў гэты матэрыял — да 100-годдзя героя, пра якога сказана: «Роўна паўвека таму Уладзімір Андрэевіч Калеснік назваў берасцейскага рускамоўнага пісьменніка Аляксандра Авечкіна “чалавекам рамантычных прафесій”.) Цікава, а як шаноўны аўтар (У.А.Калеснік) рэагаваў на інніцыятывы БНФ?
І я Вам шчыра дзякую, Аляксандр Аляксеевіч, за Вашу іскрыстую, самаадданную песню, як ніколі, напэўна, патрэбную нашам нашчадкам сёння. Светлая памяць Вам назаўжды. Няхай жывуць і Ваша Расія, і мая Беларусь!
З павагай да аўтара.