Сталіца мігрантаў
Першай з савецкіх рэспублік – зноў жа, выключаючы Прыбалтыку – Балонскі працэс падтрымала Расія, уступіўшы ў яго ў 2003 годзе. За 10 год наша суседка ў нейкай ступені паспела падцягнуць сваю вышэйшую школу да еўрапейскіх патрабаванняў, але надта паспяховай працу ў гэтым накірунку назваць нельга. Калі замежнікі і імкнуцца паступаць у расійскія ВНУ, то хутчэй па добрай памяці, што засталася ад часоў Саюза.
Вось і берасцейка Елізавета Марчук не думала ні пра які Балонскі працэс, калі ехала паступаць у Маскву. У школе, а пасля ў профільнай гімназіі яна атрымлівала дадатковую музычную адукацыю і хацела рэалізаваць сябе прафесійна менавіта ў гэтай сферы. Беларускія ВНУ эстэтычнага кірунку яна ніколі нават не разглядала, як яна сама кажа, “хацела займацца творчасцю ў поўным сэнсе гэтага слова. Таму імкнулася ў лепшыя тэатральныя ВНУ, якія былі ў былым Савецкім Саюзе. Чамусьці з дзяцінства рвалася менавіта ў Маскву, сталіцу Расіі”.
У першы год Ліза нікуды не паступіла – ні ў Гнесенку, якая вабіла найбольш, ні ў Шчукінскую і Шчэпкінскую вучэльні. Спрабавала паступіць некуды яшчэ, але дакладных устаноў дзяўчына не пералічвае па вядомай прычыне: у Расіі можна падаваць дакументы адразу ў некалькі месцаў, чым яна і спрабавала карыстацца. “У эстрадна-джазавы каледж я паступіла на платнае навучанне. Але, самі разумееце, я толькі просты смяротны беларус”.
Знайсці ўстанову, якая б адпавядала патрабаванням настырнай абітурыенткі, якая не з’язджала з Масквы, не дабіўшыся свайго, атрымалася праз два гады. Універсітэтам-абраннікам стаў Маскоўскі дзяржаўны гуманітарны ўніверсітэт імя Шолахава, факультэт культуры і музычнага мастацтва. “Прайшло два гады пасля школы, а я так і не стала студэнткай. Трэба было тэрмінова кудысьці паступаць. Выпадкова даведалася пра гэтую ВНУ, прыйшла на дзень адчыненых дзвярэй і вырашыла прыкласці ўсе намаганні, каб паступаць толькі сюды”. Паступіць атрымалася на гэтак званае вочна-завочнае, ці вячэрняе, аддзяленне, на бясплатнай аснове. Умовы паступлення для грамадзян Рэспублікі Беларусь нічым не адрозніваюцца ад умоваў для расіян. Задаволена Ліза і сваёй будучай спецыяльнасцю: “Мой профіль –мэнэджэр-прадзюсар. Я, шчыра, не ведаю: такое ёсць у Беларусі?”.
Балонь — не Балонь…
У Расіі ўніверсітэт універсітэту – розніца. Гэта выклікана тым, што вельмі нераўнамерна разыходзяцца сродкі на іх утрыманне і мадэрнізацыю. Дзяржава зусім запусціла вышэйшую школу ў мінулых дзесяцігоддзях і цяпер усё яшчэ не можа паставіць яе паўнавартасна на ногі. Каб змяніць сітуацыю, у Расіі дзейнічае конкурс праграм развіцця ўніверсітэтаў, накіраваны на адрасную падтрымку ВНУ.
Страката выглядае карціна і па прывядзенні ўніверсітэтаў да агульнаеўрапейскага назоўніка. У выкладзеных у сеціва дакладах адукатараў-навукоўцаў стала гучыць думка, што Балонская сістэма ў некаторых ВНУ працуе вельмі плённа, дзесьці – не працуе зусім, а ў цэлым карціна не вельмі вясёлкавая. Вось і з Лізай Марчук гаварыць пра Балонскі працэс на прыкладзе МДГУ імя Шолахава аказалася складана. Бадай, адзіная кропка судакранання гэтай установы з еўрапейскімі ВНУ, як вынікае з апісанняў студэнткі, гэта наяўнасць трацічнай структуры падрыхтоўкі кадраў, якая, аднак, вельмі падобная да беларускай: “Каб атрымаць дыплом бакалаўра, трэба правучыцца 4-5 гадоў, у залежнасці ад спецыяльнасці. Большасць на гэтым і спыняецца, але некаторыя ідуць у магістратуру, у якой вучацца 2-4 гады, таксама залежыць ад спецыяльнасці. Пасля магістратуры – аспірантура”.
Еўрапейскай сістэмы крэдытаў пры ацэнцы ведаў тут няма, Ліза нават не разумее адразу, пра што мы ў яе пытаемся. Пасля, праўда, прыгадвае, што пра такую сістэму ім распавядаў выкладчык гісторыі і казаў, быццам яна дзейнічае ў некаторых расійскіх універсітэтах у якасці эксперыментальнай.
Не выбіраюць тут і рэктара – яшчэ адно разыходжанне з балонскай нормай. Таму наўрад ці прыходзіцца весці гаворку пра нейкую аўтаномію ўстановы. Што тычыцца студэнцкай самаарганізацыі, то наша зямлячка ацэньвае яе як высокую: “Наш універ славіцца студэнцкай палітыкай! Студэнтамі выдаюцца газеты і часопісы. У нас магутная важацкая школа, якая арганізуе вялікую колькасць рознага тыпу мерапрыемстваў па Маскве”. Як бачым, моладзевы рух тут хутчэй працягвае савецкія традыцыі, бачачы галоўную сваю функцыю ў арганізацыі вольнага часу студэнтаў і ў іх выхаванні. Таму і галоўная місія Студсавета Маскоўскага дзяржаўнага гуманітарнага ўніверсітэта гучыць так: “Сфармаваць і выхаваць з шэрагавага студэнта сапраўдную асобу, канкурэнтназдольнага спецыяліста ХХІ стагоддзя, даючы магчымасць самарэалізацыі і прыстойнага вольнага часу”. Хоць студсавет і абяцае студэнтам дапамогу ў вырашэнні іх праблем, аднак рэальнай сілы не ўяўляе.
Не з’яўляецца МДГУ і паўнавартасным навуковым цэнтрам, хоць якраз гэта ў хуткай будучыні плануецца змяніць, паколькі ўніверсітэт нядаўна выйграў конкурс на дзяржаўную праграму развіцця.
…і не Беларусь
Як бачым, ва ўніверсітэта, дзе вучыцца наша берасцейка, не шмат агульнага з тымі еўрапейскімі ўстановамі, пра якія мы расказвалі раней. Але міжнародныя пагадненні і патрэбы сённяшняга дня ўсё ж абавязаюць, і ад савецкай вышэйшая школа краіны-суседкі паступова адыходзіць, апераджваючы ў гэтым нас.
Па-першае, у расійскіх ВНУ няма абавязковага размеркавання выпускнікоў. “Ёсць у некаторых ВНУ, на нейкіх асобных факультэтах і кафедрах. Але гэта адзінкавыя выпадкі”, — гаворыць Ліза. Патрэбы ў размеркаванні асаблівай няма ні для дзяржавы, ні для спецыяліста: “у Расіі і так усе працуюць з першага курса, — дзеліцца назіраннямі студэнтка. – У маёй групе, у асноўным, усе ўжо ўладкаваныя па спецыяльнасці. У кагосьці ўжо свая справа, хтосьці ў гурце спявае, хтосьці ў хоры, а хтосьці ўдзельнічае ў розных праектах. Студэнты з самага пачатку навучання думаюць пра сваю будучыню. Гэта Масква, тут ёсць рух, і кожны стараецца працаваць хаця б на чвэрць стаўкі”.
Падабаецца Лізе і тое, што ў яе навучальнай праграме амаль адсутнічаюць прадметы не па спецыяльнасці. Але, напэўна, дзякаваць за гэта трэба хутчэй вячэрняй форме навучання. “Матэматыкі ў нас было некалькі пар – і залік. Тое самае з фізкультурай. Акцэнт робіцца на спецыялізаваныя прадметы, а гэта ў нас мэнэджмент, хор, гармонія, музычная літаратура, руская мова, сусветная гісторыя і гісторыя мастацтва”. Гэты фактар – канцэнтрацыя на спецыялізацыі – дзяўчына лічыць найбольшай перавагай свайго навучання перад навучаннем яе былых аднакласнікаў у беларускіх ВНУ. “Вучыцца цікава, і атрымліваеш сапраўды адукацыю, а не пустую зубрылку”.
Што тычыцца палітычных свабод студэнтаў у МДГУ, Ліза Марчук у гэтай сферы не бачыць асаблівых праблем: “Думаю, ніхто тут асабліва не сочыць за тым, хто пра што гаворыць. Пуціна тут крытыкуюць на кожным кроку”.
Калі ж звяртацца да экспертнага меркавання, то добра характарызуе адрозненне расійскай сістэмы вышэйшай адукацыі ад беларускай эксперт Беларускага незалежнага балонскага камітэту Алег Граблеўскі:
– Адпачатку і Расія, і Беларусь мелі аднолькавую галоўную праблему. Сутнасць якой – празмерная прысутнасць дзяржавы ў адукацыйным асяроддзі. З-за гэтага вынікаюць і іншыя: няздольнасць дзяржавы хутка рэагаваць, актыўна ўводзіць змены, знаходзіць механізмы заахвочвання грамадства да асэнсавання і прыняцця ўдзелу ў рэформах.
Цяпер урад Расіі асэнсаваў, што дэкларацыі аб ухваленні прынцыпаў Балонскага працэсу мусяць адпавядаць рэальным дзеянням. І тыя працэсы і дасягненні, якія сёння мы бачым у гэтай краіне, накіраваны на ўдаскаленне сістэмы адукацыі згодна з заяўленымі мэтамі.
Кім быць прадзюсару ў Брэсце?
Як і кожны маскоўскі студэнт, Ліза задумваецца пра сваю будучыню. Але, будуючы планы, яна не забывае, як лёгка яны ў маладых дзяўчат мяняюцца: “Вельмі сумую па доме, але не ведаю, ці вярнуся пасля заканчэння ўніверсітэта ў Брэст. Я жанчына, і маё месца залежыць ад таго, за каго я выйду замуж. Калі за масквіча, то застануся ў Маскве, а калі прыдзецца з’ехаць – я не супраць. – І тут жа дзяўчына дадае больш праблемнае: – Калі шчыра, не ўяўляю, дзе і кім са сваёй спецыяльнасцю магу працаваць у Брэсце. Педагогам-арганізатарам хіба”.
І ў гэтым кантэксце не на карысць пайшла Лізавеце Марчук студэнцкая мабільнасць.
Больш інфармацыі пра сістэму вышэйшай адукацыі ў Беларусі і пра Балонскі працэс можна знайсці на сайце Грамадскага Балонскага камітэта http://bolognaby.org.
Іна ХОМІЧ
Ответить