Візавыя непарадкі
Надта актуальнай для памежнага рэгіёна застаецца тэма атрымання віз у польскім консульстве. У кожнага на слыху, як цяжка зарэгістравацца па сістэме электроннага кансулята і як нахабна на гэтым зарабляюць асобныя фірмы.
Чытачка нашай газеты Ірына просіць звярнуць на гэтую праблему ўвагу яшчэ раз. Яе сын вучыцца ў Варшаве, і яна з лютага не можа атрымаць візу. Вось і апошні раз, расказвае яна, 22 чэрвеня ў 12 00 з’явіліся даты на рэгістрацыю бланкаў для гасцявых нацыянальных віз , а праз адну хвіліну іх ужо не было. У адной з фірм, куды яна звярнулася, прапанавалі аформіць рэгістрацыю за 100 даляраў, не ўлічваючы кошт самой візы. Чытачку цікавіць, чаму ніхто не рэагуе на факты крадзяжу і перапродажу дат.
Узнятая Ірынай тэма ўжо даўно абмяркоўваецца як у беларускай, так і польскай прэсе. Адно з самых поўных тлумачэнняў сітуацыі падае дэпутат польскага сейма Роберт Тышкевіч у інтэрв’ю Радыё Рацыя.
– Гэта сітуацыя заклятага кола. З аднаго боку, Польшча выдае ўдвая больш візаў, чым усе краіны Еўразвяза разам узятыя ў Беларусі. Польшча заангажаваная ў тое, каб адносіны паміж Беларуссю і Польшчай, беларускім грамадствам і польскім грамадствам былі як найбольш інтэнсіўнымі. Але па прычыне таго, што Беларусь на працягу дзесяці год не дазваляе павялічваць колькасць польскіх консулаў, мы дасягнулі парога сваіх здольнасцяў у абслугоўванні сістэмы выдачы візаў. Падаецца, што 300 тысяч візаў – гэта мяжа, якую без павелічэння персаналу консульстваў у Беларусі не атрымаецца перакрочыць. Таму мы карыстаемся паслугамі знешніх візавых агенцтваў, каб штогод мець магчымасць апрацоўваць хаця б гэтыя 300 тысячаў заяў. Гэта не ідэальная сістэма, мы хацелі б, каб выключна супрацоўнікі консульстваў займаліся абслугоўваннем грамадзянаў Беларусі, якія хочуць падаць заяву, але тады б гэтых заяў было б не 300 тысяч, я думаю, што іх колькасць не перавысіла б лічбы ў 100 тысяч. Узважваючы гэтыя дзве справы, падаецца, што лепш выдаваць 300 тысяч візаў з усімі гэтымі недасканаласцямі і праблемамі, якія стварае супраца з унутранымі фірмамі, дзе мы не да канца ў стане сачыць за іх сумленнасцю, якасцю іх працы.
У паліклініку з перасадкамі
Ганна Міхайлаўна жыве на вуліцы Кіеўскай. Яна патэлефанавала ў рэдакцыю, каб пераказаць тыповыя праблемы жыхароў мікрараёна “Кіеўка”.
– Наш раён абдзелены з усіх бакоў, — расказвае жанчына. – Напрыклад, у нас няма паблізу гаспадарчай крамы. Раней быў «Лотас» на Янкі Купалы і прамысловы аддзел чыгуначнай крамы на Брэст-Усходнім. Цяпер не засталося нічога. Нават гаспадарчае мыла няма дзе купіць. Трэба ехаць або ў ЦУМ, або на Усход.
А па-другое, працягвае аповед Ганна Міхайлаўна, з Кіеўкі цяжка дабірацца да паліклінікі №4, да якой дадзены раён адносіцца. Напрамую туды ходзіць толькі гарадскі аўтобус №16, які не адрозніваецца асаблівай частатой курсавання. Моладзі гэта не асабліва істотна – яны могуць і пешшу прайсціся, а пажылым і хворым людзям такая сітуацыя стварае сапраўдную праблему.
– Хіба гораду цяжка змяніць маршрут якой-небудзь маршруткі, якіх шмат ходзіць па Партызанскім праспекце? Можна ж зрабіць так, каб нейкая з іх заварочвала не на праспект, а на вуліцу Савецкай Канстытуцыі.
Да першай праблемы жыхароў “Кіеўкі” мы заклікаем прыслухацца не толькі мясцовыя ўлады, але і бізнэсоўцаў. Нават дзіўна, што пры наяўнасці попыту дагэтуль не ўзнікла прапановы.
А транспартнае пытанне адрасуем начальніку аддзела транспарту, сувязі і бытавога абслугавання Брэсцкага гарвыканкама Віктару Ледаку. Чыноўнік адказвае, што разумее людзей, якія хочуць ад парога свайго дома пад’ехаць да парога патрэбнай ім установы, але гэтага не дазваляе сучасны стан аўтобуснага парка, які ўжо тры гады не папаўняецца новымі машынамі:
– Раней за ЦУМам быў дыспетчарскі пункт – канцавы прыпынак аўтобусаў, і ўсе ездзілі з перасадкамі. Вось і ў гэтым выпадку, калі пасажырам не хапае прамога аўтобуса №16, яны могуць пад’ехаць да Машэрава на 11-м аўтобусе, а там перасесці на іншы транспарт. Няма мэтазгоднасці пускаць туды яшчэ адзін аўтобус, пакуль у нас ёсць праблемы ў новых мікрараёнах. Напрыклад, вуліца Машэнскага вельмі разраслася, а рух пасажырскага транспарту там слабы.
Задалі мы пытанне Віктару Ледаку і пра магчымае змяненне маршрута нейкага маршрутнага таксі, як прапаноўвае зрабіць наша чытачка. Начальнік транспартнага аддзела адказаў, што змяніць маршрут гарвыканкаму не так і проста – гэта паўнамоцная зрабіць толькі камісія па каардынацыі пасажырскіх перавозак горада Брэста, якая збіраецца прыкладна раз на квартал і куды ўваходзяць транспартнікі, прадстаўнікі ДАІ і грамадскіх структур. Яна выязджае ў праблемнае месца і вырашае мэтазгоднасць зменаў.
Бадай, лепшым рашэннем для зацікаўленых жыхароў будзе пісьмова звярнуцца ў гарвыканкам, каб згаданая камісія прыняла пад увагу вашыя пажаданні. Лепш, калі зварот будзе калектыўным.
Што рабіць з курыцай?
Уладзімір Васілевіч расказаў пра свае спробы заняцца жывёлагадоўляй. Ён жыве ў прыватным сектары і завёў курэй. Праз нейкі час птушкі пачалі хварэць і губляць пер’е.
– Я некалькі разоў хадзіў у гарадскую ветэрынарную лячэбніцу. Там рэкамендавалі лекі, але яны не дапамагалі. Пасля мне прапанавалі праверыць мяса курэй у лабараторыі, што знаходзіцца каля рынку.
Пенсіянер так і зрабіў. Ён зарэзаў адну з хворых птушак і панёс на даследаванне. Але зрабіць экспертызу не атрымалася ні на рынку, ні ў абласной ветэрынарнай лабараторыі, куды перанакіравалі Уладзіміра Васілевіча. Апошняя інстанцыя выклікала ў яго найбольшае абурэнне:
– Яны мне пачалі казаць пра нейкае накіраванне, якога ў мяне не было. Пазванілі ў ветлячэбніцу, спраўдзілі, што я там быў, але курыцу ўсё роўна не ўзялі, прычым нават на платнай аснове.
Намеснік дырэктара Брэсцкай абласной ветэрынарнай лабараторыі Наталля Мельнікава дэтальна патлумачыла, у чым справа. Лабараторыя працуе выключна з юрыдычнымі ўстановамі – раённымі і гарадскімі ветстанцыямі. То бок, у яе не могуць звяртацца фізічныя асобы.
У выпадку, калі прыватнай асобе трэба праверыць свойскую жывёлу на наяўнасць хвароб, яму неабходна звяртацца да ветэрынара ў бліжэйшай лячэбніцы, які возьме біялагічны ці паталагічны матэрыял на аналіз і напіша суправаджальны дакумент у лабараторыю. Такі алгарытм прапісаны нарматыўнымі дакументамі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і мае лагічнае абгрунтаванне: без дакументаў, у якім напісана, на прадмет чаго будзе даследавацца матэрыял, лабарант проста не будзе ведаць, што правяраць. Тут працуе той жа парадак, што і ў звычайнай паліклініцы, калі ўрач піша накіраванне на аналіз, а лабарант выконвае заяўку.
Так што ў гэтай сітуацыі выклікаюць сумненні дзеянні ветэрынарнай станцыі, якая замест таго, каб накіраваць на даследаванне біялагічны матэрыял, адправіла чалавека гуляць летам з трупам курыцы.
Ні газу, ні аб’явы
Наталля Пятроўна, што жыве ў старым дома на вуліцы Камсамольскай, хоча звярнуць увагу на нядбайнае стаўленне да тэхнікі бяспекі з боку газавых служб.
– У нас стаяць газавыя калонкі. Я была дома, пабачыла, што мая газавая калонка не гарыць. Праверыла – у доме адключаны газ. Пры гэтым ніякіх аб’яў у пад’ездах. Пазваніла ў гаргаз, там растлумачылі, што ў адной з кватэр вядуцца рамонтныя работы і што нібыта жыхар гэтай кватэры павінен быў папярэдзіць астатніх. Але чаму работнікі гаргазу не пракантралявалі гэта?
Наталля Пятроўна націскае на тое, што ўсякія маніпуляцыі з газам – рэч небяспечная. Нехта з жыльцоў мог бы сысці з кватэры, не ведаючы, што ў яго ўключаны газ. І ў сваёй асцярожнасці мудрая жанчына несумненна мае рацыю.
Ответить