Конкурс “Тэатр у аб’ектыве” прывязаны да міжнароднага фестывалю асобых тэатраў “Непратаптаны шлях”, які праводзіцца грамадскім аб’яднаннем “Інвалід і асяроддзе”. Адначасна з заяўкамі тэатраў прымаюцца і заяўкі фатографаў, якія хацелі б здымаць фестываль і такім чынам прыняць удзел у конкурсе. Каардынатар праграмы “Непратаптаны шлях” Ірына Трацюк кажа, што конкурс, а па яго выніках і выстава, спрыяюць стварэнню пазітыўнага іміджу людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. “Такіх людзей часта баяцца, абходзяць бокам, — тлумачыць Ірына. – Гэта ад таго, што звычайныя людзі проста не ведаюць, як да іх ставіцца. Дык вось наша задача паказаць, у тым ліку на фота, што гэта такія ж людзі, як і мы”.
Пераможцаў конкурсу вызначала журы, якое ацэньвала непадпісаныя фотаздымкі. Хто іх аўтар, члены журы, як і простыя наведвальнікі, даведаліся ўжо на адкрыцці выставы. Пераможцамі такім чынам сталі Сяргей Талашкевіч у намінацыях “Вакол фестывалю” і “Партрэт”, Віталь Дарашук у намінацыі “Акцёры” і полька з Любліна Ёанна Штомпка, якая стала першай у намінацыі “Мастацкі погляд”. Абсалютным жа пераможцам “Тэатра ў аб’ектыве-2013” названы ўсё той жа Сяргей Талашкевіч з яго пяццю дыпломамі.
Конкурс-выстава “Тэатр у аб’ектыве” праводзіцца ў межах праграмы “Непратаптаны шлях” трэці раз. Сёлета ў ёй прадстаўлены працы сямі фотамастакоў, а таксама работы, што перамаглі ў мінулым годзе.
0 комментариев
Цапков Валерий
07.07.2013 в 13:11