Трыо з Лунінца і Брэста склалася ў адну каманду выпадкова і, падпёртае двума неслабымі гульцамі з Гомеля і Мінска, зусім дабразычліва і не менш пэўна перамагала на спартовым пляцы і ў інтэлектуальных гульнях. У каманду “зялёных” – такі колер нам выпаў – маглі б трапіць яшчэ зямлячкі з абласнога цэнтру, але жэрабя расцерусіла трох брэсцкіх удзельніц па другіх камандах. Ды фотасведчанні не хлусяць – БАЖЫНКІ ім спадабаліся. Бо прайграўшых на фэсце не было. Справа нават не ў тым, што журы старалася зраўняць шанцы. Проста людзі прыехалі на хутар дзядзькі Алеся Лося харошыя.
Спадар Лось гэтым разам парадаваў этнаграфічнымі кампазіцыямі сваёй капэлы і майстар-класам народнага танца. Маладыя журналісты ўпершыню пабачылі і пачулі беларускую дуду, падобную на ірландскую валынку. На ёй іграў кіраўнік капэлы. Яшчэ былі скрыпачка, гармонік і бубен. Танцавальная навука пайшла не так добра, – сітуацыя апісвалася шахматным тэрмінам “цэйтнот”. “Мала часу” па-нашаму.
Цудоўныя тры гадзіны ля вогнішча ўжо за поўнач падарыў удзельнікам БАЖЫНАК адзін з лепшых беларускіх шансанье Аляксандр Памідораў, які па сумяшчальніцтве быў вядучым фэсту. З просьбы літаральна ўзрослых на ягоных песнях журналістаў маладога веку ён выканаў некалькі шлягераў з “Народнага альбома”. Пад прагавор, які быў то канферансам, то адкрытай рагатлівай сцябоцінай, маэстра Памідораў прадставіў таксама песні, якія склалі аснову двух новых альбомаў. Адзін з іх мае зубаломна-зубаскальскі назоў “Чорныя грушкі пагрому” (яўна перакрыўляючы “Белую яблыню грому” Нескажукаго). Адну з песень з глабальна-аглабельнай паэтыкай шансанье зымправізаваў з капэлай Алеся Лося. Нібыта атрымаЛАСЯ.
ЗастаЛОСЯ нагадаць, што летась берасцейцы, у асноўным дзякуючы чыннаму ўдзелу жураў “Брэсцкай газеты”, таксама былі лаўрэатамі БАЖЫНАК. Маладыя, трэніруйцеся. Планка вам пастаўленая ўжо два разы. Падцягвайце цела, і не аддавайце цыгарэтам, алкаголю ды ляноце розум. Жыве гумар як рухавік карпаратыўнага (таксама) прагрэсу!
Фота аўтара
Яўген Бяласін, Брэст, 04.08.2013
Фота1. Каманда-пераможца з прымкнуўшым да яе катом Базыліё.
Фота 2. Унутраны рэдактар вядзе каманду жоўтых журналістаў (ЖЖ) са сцэны.
Фота 3. Мячом авалодаў юрыст БАЖа Андрэй Бастунец, аўтар адзінага гола ў адказ на сем нашых.
Фота 4. Этнаграфічныя напевы …
Фота 5. …і танцы пад кіраўніцтвам Алеся Лося.
Ответить