На гэта звяртае ўвагу старшыня грамадскага аб’яднання “Клуб дзелавых жанчын” Ларыса Істомава, калі гаворыць пра тое, што тэма гандлю людзьмі не ўсведамляецца грамадствам належным чынам. “СМІ шырока асвятляюць тэму сэксуальнага прыгнёту з прыцэлам на жанчын, таму апошнія ўжо дастаткова інфармаваныя пра магчымасць трапіць у небяспечнае становішча пры выездзе за мяжу. А мужчыны засталіся за бартом і думаюць, што з імі нічога дрэннага не можа стацца. У выніку яны трапляюць у яшчэ больш цяжкія ўмовы”.
Па словах экспертаў КДЖ, такую пастку для мужчын падрыхтавала само грамадства, калі прыпісала ім стэрэатыпны набор якасцяў тыпу самастойнасці, цвёрдасці і т.п.. Мужчына, які мусіць адпавядаць такім чаканням, не будзе надта асцярожным пры выбары працадаўцы, бо занадта ўпэўнены ў сваёй мужнасці і здольнасці супрацьстаяць усяму на свеце. А трапіўшы ў кабалу – не будзе шукаць кваліфікаванай дапамогі. Гэта добра паказвае статыстыка зваротаў на «гарачую лінію» “Клуба”: сярод амаль трохсот чалавек, якія звярнуліся за дапамогай як ахвяры гандлю людзьмі, толькі 30% складаюць мужчыны.
Засцерагчы моладзь ад стэрэатыпаў і ў выніку не дапусціць яе эксплуатацыі – як працоўнай, так і сэксуальнай – накіраваны новы праект “Клуба дзелавых жанчын”. Значную ролю ў ажыццяўленні праекта мусяць адыграць валанцёры клуба “Элпіс”, які размяшчаецца на базе інтэрната №4 БрДУ імя А.С. Пушкіна.
Валанцёрскі клуб існуе ўжо два гады і з’яўляецца добрым прыкладам эфектыўнасці метаду “роўны навучае роўнага”. “Элпіс” ствараўся для дзейнасці ў накірунку праблемы ВІЧ-СНІД і набыў вялікі вопыт працы з падлеткамі і моладдзю. Кіраўнік клуба і выхавацелька інтэрната Ганна Дабрадзей расказвае, што нават “цяжкія” падлеткі гатовы не толькі слухаць, але і прыслухоўваццца да валанцёраў. Як прыклад яна расказвае пра апошні паход клуба ў адну з сярэднеспецыяльных устаноў Брэста: “Нам далі вельмі складаную аўдыторыю з 30 хлопцаў з сямей, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Замест адной гадзіны мы займаліся 3,5. Канешне, гэта была не нудная лекцыя, а інтэрактыўная форма размовы. У канцы я спытала ў аднаго з хлопцаў: “Хто цябе можа засцерагчы ад крытычнай сітуацыі? Мама?” – “Не”. – “Тата?” – “Не”. “Старэйшы брат?” – “Можа быць…” – “А хто яшчэ?”. Хлопец падумаў і сказаў: “Вы”. Значыць валанцёры. Гэта вялікі паказчык таго, што прынцып “роўны навучае роўнага” працуе і з’яўляецца эфектыўным”.
Такі алгарытм дзейнасці валанцёраў мяркуецца ўжыць і пры супрацьстаянні праблеме гандлю людзьмі. Студэнты пасля адмысловага навучання зноў пойдуць да сваіх малодшых калег і будуць вучыць іх крытычна ставіцца да стэрэатыпаў, якія могуць несці небяспеку прадстаўнікам абодвух палоў. Дарэчы, скептыкам падкрэслім: гендэрная роўнасць не раўназначная роўнасці біялагічнай. Гендэр – гэта чыста сацыяльная роля. Напрыклад, думку, што жанчыне не месца на плошчы, бо яна павінна варыць боршч, падказаў Лідзіі Ярмошынай яе гендэрны светапогляд.
А пакуль валанцёры будуць працаваць з навучэнцамі, нагадаем ужо працаздольнаму насельніцтву: будзьце асцярожнымі пры выездзе за мяжу і пракансультуйцеся па ўсіх пытаннях па тэлефонах “гарачых ліній” 113 ці 8-801-201-55-55. Званок бясплатны і ананімны, так што можаце смела гаварыць нават пра тое, што працаваць і жыць у краіне прыбывання збіраецеся нелегальна. Для тых жа, хто ўжо трапіў у непрыемную гісторыю і шукае паратунку, ёсць нумар для званкоў з-за мяжы — +375 162 218888. Ахвяра працоўнай ці сэксуальнай эксплуатацыі можа разлічваць на юрыдычную, медыцынскую, псіхалагічную дапамогу і сацыяльную падтрымку сям’і.
Ларыса Істомава падкрэслівае таксама, што нават нелегальныя работнікі могуць пры граматных дзеяннях спагнаць з працадаўцы грошы.
А галоўнае, не варта пасля вяртання дадому папускаць злачынства ў адносінах да сябе. Бо калі яно паўторыцца ў дачыненні да вашага суседа, вінаватыя будзеце ў гэтым і вы таксама.
1 комментарий
Алесь
12.07.2020 в 22:51Будзем пільнымі)