Назва гэтай установы культуры часцей за ўсё мільгаціць у СМІ ў сувязі з разнастайнымі культурнымі мерапрыемствамі, якія ў яго сценах праходзяць. Між тым асноўны накірунак працы “Палацыка” – усё-такі навуковы, пра што гаворыць, напрыклад, той факт, што толькі за апошнія 3 гады музей назбіраў і вывучыў у тры разы больш экспанатаў, чым за ўвесь ранейшы час. Але многія з экспанатаў не ўпісваюцца ў інтэр’ер музея або ўвогуле тэматычна не маюць нічога агульнага з гарадской сядзібай, і праз тое проста захоўваюцца ў фандах.
І вось 2-га жніўня некаторыя схаваныя рарытэты на адзін дзень з’явіліся ў аглядавых залах “Пружанскага палацыка”, дзе адначасова працавалі некалькі выстаў. Перад гледачамі, у прыватнасці, паўстаў старажытны аброз “Тайная вячэра”, стрэльба ХIV стагоддзя, а таксама зборная экспазіцыя пад назвай “Рэчы з гарышча”. Паказалі гасцям і новыя музейныя паступленні.
Акрамя таго, у дзень нараджэння “Палацыка” адбылася выстава двух карцін з прыватных калекцый з шагалаўскімі матывамі, а таксама прэзентацыя новай кнігі Леаніда Несцерчука «Беларусь у вайне 1812 года. Паміж Напалеонам і Аляксандрам». Гэта адметная рыса музея-сядзібы – спалучаць непасрэдную навуковую дзейнасць з культурнай. “Арганізацыя імпрэз дае дадатковы піяр музею. Без гэтага мы будзем мець імідж музейных пацукоў”, — гаворыць дырэктар установы Юры Зялевіч. У планах калектыву музея на наступны год – правядзенне музейна-педагагічных заняткаў для розных груп насельніцтва. Распрацоўка такіх заняткаў ужо ідзе.
Што ж да непасрэднай дзейнасці, то музей і надалей плануе збіраць экспанаты, звязаныя не толькі з гарадскімі інтэр’ерамі, як гэта прадугледжвае спецыялізацыя ўстановы, а ўсяго, што ўяўляе гісторычны інтарэс. “Калі б мы збіралі толькі прадметы сядзібнага быту, то гэта было б 5 экспанатаў у год, і ўсё самае каштоўнае ішло б у прыватныя калекцыі”, — кажа Юры Зялевіч.
Служба навін “БК”
Ответить