Выснова №1 – дарожная
Трапіць у Моталь я спрабую спярша з Мінска, дзе напярэдадні фэсту застрагла ў камандзіроўцы. Ёсць цудоўная магчымасць апынуцца ў Іванаве пасля шостай гадзіны раніцы і няспешна дабірацца да аграгарадка, але магчымасць гэтая аказваецца чыста тэарэтычнай – білетаў няма.
Прыходзіцца вяртацца ў Брэст і выбудоўваць новую лагістычную стратэгію. На гэта ідзе больш за гадзіну часу, але ўрэшце высвятляецца, што дабрацца з абласнога цэнтра можна спачатку на дызелі да Янава-Палескага, пасля на аўтобусе. Аўтобус “Іванава – Моталь” усяго адзін, і сыходзіць ён задоўга да прыходу ў Іванава дызеля. Але гляджу на карту раёна і вырашаю, што аўтобус “Іванава – Тышкавічы” таксама падыходзіць. Моталь – вялікі населены пункт, але на сайце іванаўскага аўтавакзала ў маршрутах аўтобусаў не пазначана, якія з іх яго праязджаюць.
У Іванава прыходзіцца затрымацца недзе з гадзіну. Бяру білет да Моталя (нават з месцам, што, як мне здаецца, сведчыць пра малую колькасць пасажыраў) і накіроўваюся на пошукі пітной вады. Гэта, дарэчы, аказваецца дэфіцытам – звычайная пітная негазаваная вада, знайсці яе атрымліваецца толькі ў трэцяй па ліку краме. Па дарозе заўважаю платны туалет з коштам такім жа, як на мінскім чыгуначным вакзале (850 рублёў), і вырашаю, што шмат вады перад ад’ездам піць не трэба.
А вось гэта ўжо цікава. На аўтавакзале вісяць аб’яўкі, што для падвозу людзей на “Мотальскія прысмакі” і назад арганізаваныя два дадатковыя рэйсы. Чамусьці нідзе пра гэта не гаварылася і на сайтах аўтавакзалаў не адлюстроўвалася.
Нарэшце прыходзіць аўтобус, якога чакае чалавек 30. Маленькая машынка ледзь змяшчае ўсіх нават у Іванава, а на кожным наступным прыпынку яшчэ падсаджваецца па чалавек 5-8. Я стаю, бо месца маё занятае хамаватым маладзёнам, і злуюся на адсутнасць арганізацыі пасадкі, на неадпаведнасць памерам аўтобуса колькасці ахвотных дабрацца да Моталя, а яшчэ на 30-градусную спёку, якая асабліва пакутліва перановіцца ў натоўпе. Падобны настрой не толькі ў мяне – сваркі ўспыхваюць маланкава па ўсім аўтобусе па розных прычынах. Пабіцца ўсе між сабою, аднак, не паспяваем – прыехалі.
А першая выснова – ехаць на “Мотальскія прысмакі” лепш уласным транспартам. Калі ён ёсць.
Выснова №2 – дажынкавая
Высаджваюся на гэтым свяце жыцця недзе а пачатку першай гадзіны дня – гэта максімальна ранні час, у які можна прыбыць сюды з Берасця на грамадскім транспарце. Але ёсць у гэтым несумненны плюс, бо начальніцкія дэфіляды да гэтага моманту заканчваюцца, і фэст бачны як з параднага (яшчэ), так і непараднага (ужо) боку.
Паколькі я ехала менавіта на кулінарны фэст “Мотальскія прысмакі”, а не “Дажынкі”, свята славянскай пісьменнасці ці “Ружанскую браму”, разлічваю, што ў вочы адразу кінуцца непаўторныя фішкі мерапрыемства. Але за штучнай брамай з шыльдай “Сардэчна запрашаем” пачынаецца традыцыйны горад майстроў, за ім не менш традыцыйны гандаль выпіўкі і закускі з абмежаванай колькасцю сядзячых месцаў вакол. Са сцэны, праўда, даносяцца дыялогі на мотальскім дыялекце з мясцовымі жартамі. Гэта сапраўды цікава, і, каб не спёка ці каб недзе ля сцэны быў нацягнуты тэнт, я б з задавальненнем спынілася тут даўжэй.
Павандраваўшы, я ўсё ж бачу некаторыя рэчы, якія выдаюць месца і мэту правядзення фестывалю. Па-першае, у некалькіх шапіках мясцовыя вытворцы гандлююць мяснымі таварамі, рыбай і хлебабулачнымі вырабамі. Цэны напісаныя на адмысловых этыкетках з назвай фестывалю. Па-другое, перыядычна трапляюцца кулінарныя і харчовыя атракцыёны – напрыклад, дрэва-каравай, воз з печывам, ровар з каўбасы. Некаторыя з гэтых атракцыёнаў выклікаюць змешаныя пачуцці. Цяжка зразумець, навошта трэба было запіхваць у вузкія клеткі курыц і выстаўляць у месцы масавага перасоўвання людзей. Тое самае і з каровамі, якія стаяць у загонах. Пытаюся ў персанала, ці не прадаюць іх, і таксама, што гэта за ўкол зрабілі толькі што быку. Адказ: не, не прадаюць, а ўкол – гэта наркоз, бо бык знерваваўся вялікай колькасцю людзей.
Каб яшчэ больш адчуць адметнасць фестывалю, трэба выйсці з брамы, куды нас сардэчна запрашаюць, і пайсці ў іншы бок. Тут размяшчаюцца сталы з тымі самымі мотальскімі прысмакамі. Судзячы па подпісах, прысмакі гэтыя рыхтуюць не маталяне, а розныя сельсаветы Іванаўскага раёна. Так і ўяўляецца, як старшыня сельсавета размяркоўвае паміж бухгалтаркай і сакратаркай, хто што з іх будзе гатаваць.
Усё. Больш ісці няма куды і шукаць няма чаго. Глядзім, каб у гэтым упэўніцца, праграмку кулінарнага фэсту. У яе змесце толькі адно мерапрыемства, звязанае з кулінарыяй, – гэта майстар-класы мінскага і ізраільскага кухараў.
Такім чынам, патэнцыйным гасцям “Мотальскіх прысмакаў” важна ўсведамляць, чаго яны чакаюць ад наведвання палескага аграгарадка. Калі ніколі не былі на масавым гулянні ў глыбінцы – вэлкам, гэта не горшы ўзор тыпавога мерапрыемства з бонусам – магчымасцю купіць свежых каўбас. Калі ж вы хацелі ўбачыць нешта непаўторнае і тэматычнае – гэта не ваша свята.
Выснова №3 – гастранамічна-шопінгавая
На “Мотальскіх прысмаках” можна як купіць дадому харчоў, так і паласавацца імі адразу на свяце. Для кагосьці прыярытэтнай задачай з’яўляецца першая, для кагосьці другая. Так, жанчына з Берасця, якую я перапыняю дзеля каментара, кажа, што прыязджае ў Моталь ужо трэці раз запар. Ёй падабаецца і культурная праграма мерапрыемства, і гандаль: “Палову багажніка загружаем – і паехалі!” — кажа яна. Наступнай лаўлю мясцовую бабульку: “З унукамі выйшла, прыглядаемся, што трэба купіць”, — яна так і трымае кашалёк у руцэ, не хавае далёка. Пра важнасць шопінгавай мэты гавораць і бясконцыя чэргі да шапікаў з мясной прадукцыяй. Трохі менш людзей ля рыбнага кіёску і пякарскіх вырабаў.
Аднак я тут прадстаўляю інтарэсы турыста, які не пацягне па спёцы ў заплечніку кілаграмы мяса, таму іду цікавіцца асартыментам гатовай прадукцыі на сталах тых самых сельсаветаў. Тым больш што праз гадзіну блуканняў маю вялікае жаданне нарэшце прадэгуставаць слынныя мотальскія прысмакі.
Найчасцей трапляюцца смажаныя кабачкі, галубцы з гароднінай ці фаршам, на розныя спосабы прыгатаванае мяса, запечаная рыба, дамашняя кандытарка. Цікаўлюся коштамі, і тут выяўляецца, што насамрэч для масавага гандлю гэтыя прысмакі не вельмі і прызначаныя. Кошты (сапраўды вельмі нізкія, што прыемна) усталёўваюцца на хаду, аднаразовы посуд ёсць не ўсюды, а месцы для прыняцца купленай ежы адсутнічаюць як клас. Увесь пір прызначаны хутчэй для начальства, якое першым ацэніць ударную працу сельсаветаў, а над далейшым маркетынгам ніхто і не задумваецца.
Такім чынам, галодным на “Мотальскіх прысмаках”, натуральна, не застанешся. Але думка, што госць ты тут не такі і чаканы, узнікае. Каб быць чаканым, трэба прыехаць у складзе афіцыйнай дэлегацыі.
Выснова №4 – забаўляльная
Што рабіць на фэсце, калі ты прыехаў сюды на цэлы дзень ці нават яшчэ і ноч? Добрае пытанне. Праграма фэсту не вельмі дапамагае на яго адказаць. Яна слаба насычаная, мае суцэльныя часавыя дзіркі, якія трэба самастойна нечым запаўняць.
Даросламу чалавеку з забаў тут прапануюць хіба выпіць і закусіць, затое дзеці адрываюцца і за бацькоў таксама. Працуе вялікая колькасць батутаў, можна ўзяць напракат машынку, а можна пагуляць у гольф бульбай ці пастраляць дроцікамі ў шарыкі. Зрэшты, два апошнія атракцыёны добра падыходзяць і для дарослых.
Дзяўчына, што гандлюе паветранымі шарыкамі ля ўваходу ў дзіцячую зону, расказвае, што наведвальнікаў шмат. А сама яна з Мінска, яны з сябрамі і яшчэ адной кампаніяй прыехалі сюды з камерцыйным інтарэсам – таксама прывезлі батуты. Калі я цікаўлюся, ці цалкам яны задаволеныя сваім падарожжам, то дзяўчына з крыўдай канстатуе, што арганізатары не вельмі добра да іх паставіліся. Хоць мінчане і прыехалі першымі, паставілі іх асобна, у такім месцы, дзе ходзіць няшмат людзей. Так што ў сталічных аніматараў таксама застаўся кіслы паслясмак ад “Мотальскіх прысмакаў”.
Сустракаю яшчэ адну знаёмую мінчанку. Яна прыехала сюды з намётам, збіраецца заставацца на другі дзень. Пытаюся, чым збіраецца сябе заняць. Яе планы мала звязаныя з фэстам – “на возера і як мага хутчэй!”.
А з гутаркі нейкіх дзяўчатак, што сядзяць побач са мной на аўтобусным прыпынку (толькі тут я нашла лаўку, дзе можна спакойна з’есці купленыя прысмакі), разумею, што і яны не знайшлі сабе занятку на фэсце. Прыехалі, пару гадзін пасноўдаліся і цяпер едуць дадому. Праз тры гадзіны яны збіраюцца вярнуцца на асноўны канцэрт і феерверк.
Так што хочаце насычанай праграмы – насыціце яе самі.
Выснова №5 – інфармацыйная
Гэтую кароценькую частку выдзяляю ў знак салідарнасці з людзьмі, якія бясконца пытаюцца ў мінакоў, дзе знаходзіцца вуліца 17 Верасня. Аб’яўка на аўтобусным прыпынку кажа, што аўтобусы будуць адпраўляцца менавіта з гэтай вуліцы. Але ніякіх указальнікаў, дзе яна знаходзіцца, і ніякіх намёкаў, у якой менавіта частцы вуліцы спыніцца аўтобус, няма. Я і сама знаходжу яе таму, што да гэтага падслухала тлумачэнне тубыльца на гэты конт.
Тая самая заўвага тычыцца і праграмных мерапрыемстваў. На вялікім шчыце аб’яўлена, што кулінарны майстар-клас адбудзецца ў школе №1, але шукаць гэтую школу ў мяне, напрыклад, жадання ўжо няма. Але ёсць жаданне паехаць дадому.
Выснова №6 – апошняя
У гэтай частцы мушу ўсё ж прызнаць, што большай колькасці людзей нават пры ўсіх апісаных момантах свята спадабалася. Само сабой мясцовым – ім вельмі важна адчуваць, што хаця б раз на год яны робяць шум на ўсю Беларусь. Звычайнаму люду, які не ездзіць па еўрапейскіх фестывалях і не можа параўнаць узровень арганізацыі. Моладзі, якой добра ўсюды, дзе ёсць вясёлая кампанія.
І нават інтэлектуалам з павышанымі патрабаваннямі лепш з’ездзіць на “Мотальскія прысмакі”, чым сядзець дома. Тут досыць смачна.
Ответить