На котку, што жалобна мяўкала і не магла самастойна злезці з двухпавярховага дома, звярталі ўвагу мінакі. Яны, па словах Ірыны, званілі ў МНС, але ратаваць котку ніхто не спяшаўся. Спробы ж жыхара суседняга дома і валанцёркі грамадскага аб’яднання “Дабрыня” не закончыліся поспехам – котка ўцякала на самы грэбень даху, дзе людзі дастаць яе не маглі.
Ірына Сіняпкіна і сама званіла не толькі ў МНС, але і ў міліцыю, да дзяжурных “Камунальніка” і гарвыканкама, і нават па нумары 911. Там, куды атрымлівалася датэлефанавацца, адказвалі, што дадзеная служба не займаецца выратаваннем катоў. Адсюль у Ірыны Сіняпкінай паўстае заканамернае пытанне: а хто займаецца? Пытанне падмацоўвае яшчэ адна абаронца правоў жывёл Ірына Амельянчук. Яна прыгадвае, што на яе просьбу аб ратаванні ката з дрэва ў гарадскім парку МНС неяк адрэагавала, але з агаворкай, што гэта не абавязак міністэрства. Чый жа гэта абавязак?
Эколагі?
Найперш гэтае пытанне мы адрасавалі Брэсцкаму абласному камітэту Міністэрства прыродных рэсураў і аховы навакольнага асяроддзя. Намеснік старшыні камітэта Міхаіл Маслабоеў распавёў, што ў выратаванні жывёл, якія трапілі ў бяду, могуць удзельнічаць розныя службы ў межах сваёй кампетэнтнасці. Гэта прадугледжана адмысловым дакументам з доўгай назвай “Парадак узаемадзеяння пасадных асоб пры выяўленні на тэрыторыі населенага пункта, садаводніцкага таварыства ці дачнага кааператыва дзікай жывёлы, якая можа ўяўляць небяспеку жыццю і здароўю людзей ці знаходзіцца ў цяжкім становішчы”.
“Зразумела, — кажа Міхаіл Маслабоеў, — што эколагі не палезуць на дах. Нашыя людзі не праходзілі інструктаж па тэхніцы бяспекі, і ў іх няма сродкаў асабістай бяспекі. У такіх выпадках дапаможа толькі МНС”.
Дакумент, на які спасылаецца Міхаіл Маслабоеў, сапраўды ўтрымлівае звесткі пра тое, што адловам небяспечных і выратаваннем жывёл у крытычных сітуацыях займаюцца розныя ведамствы, для каардынацыі якіх пры мясцовых выканаўчых камітэтах існуюць ажно цэлыя пастаянна дзейсныя камісіі.
Пажарныя?
У такую камісію ўваходзіць і прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, як паведамляе прэс-сакратар абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Машноў. Разам з тым ён паведамляе, што выратаванне ката з даху – усё ж не справа пажарных, таму дыспетчарка службы мела рацыю, калі не прыняла выклік. “Наша асноўная задача – ратаванне людзей. Часам мы выязджаем і па такіх заяўках, але гэта выключныя выпадкі. Усім, што тычыцца жывёл, у нас у горадзе займаецца “Камунальнік”, — гаворыць прэс-сакратар МНС. Пераадрасацыю на “Камунальнік” Сяргей Машноў тлумачыць і тым, што прадпрыемства валодае тэхнічнымі сродкамі для адлову жывёл і месцам, дзе іх пасля можна ўтрымліваць.
Ката, праўда, гэта мала тычыцца.
Камунальнікі?
У выніку мы тэлефануем начальніку пітомніка для бяздомных жывёл Сяргею Пастухову, каб праверыць папярэднюю інфармацыю. Дзяржаўны работнік не аспрэчвае, што менавіта “Камунальнік” займаецца “жывёльнымі” пытаннямі, аднак на ўсякі выпадак удакладняе: але не ўсімі.
– А якімі не займаецеся?
– Розныя могуць быць сітуацыі. Хай мне тэлефануюць, а там паглядзім.
Прыгадвае Сяргей Пастухоў у якасці прыкладаў рэагавання “Камунальніка” выпадкі з бабрамі (аднаго знайшлі пад машынай, другі трапіў у пастку) і аленем у гарадскім парку.
Усё б добра, толькі ў “Камунальнік” Ірына Сіняпкіна званіла, і заяўку на выратаванне коткі ў яе не прынялі.
Таму, на жаль, пры наяўнасці дакумента з доўгай назвай Саўміна пытанне “Хто павінен ратаваць жывёл?” па-ранейшаму вісіць у паветры. На думку Ірыны Амельянчук, адказам на яго магло б быць стварэнне асобнай службы, якая б займалася гэтым не выбарачна, як “Камунальнік”, а рэгулярна і канкрэтна. “А калі такая служба не можа быць створана асобна, то як дадатак да нейкага ведамства, што ўжо існуе”, — кажа Ірына.
Ну, а котку ўдалося выратаваць сваімі сіламі. Нейкім чынам яна прабралася на застрэшак, адкуль яе дастаць было ўжо значна прасцей.
Ответить