“У межах кампаніі мы плануем стварэнне эскізаў сучасных якасных прадуктаў на тэму берасцейскай спадчыны. Гэта будуць выявы для інфармацыйнай і сувенірнай прадукцыі, заснаваныя на нейкіх канкрэтных культурных падзеях, асобах, археалагічных артэфактах, помніках архітэктуры, знешні выгляд якіх можна аднавіць па дакументах. Будзем працаваць над мультымедыйнымі прадуктамі і новымі турыстычнымі маршрутамі”, – кажа адзін з ініцыятараў кампаніі Віктар Клімус.
Даследаванне рынку культурных прадуктаў Берасця, што праводзілася актывістамі, мінулым месяцам, выявіла досыць глабальную праблему: для паўнавартаснага культурнага і турыстычнага аблічча сучаснаму Брэсту катастрафічна не хапае культурных прадуктаў, якія б асновываліся на сюжэтах і зместах гісторыка-культурнай спадчаны, старэйшых за апошнія 150 год (http://news.tut.by/society/359921.html).
Сітуацыя, безумоўна, зразумелая: у горадзе не засталося самых трывалых — архітэктурных помнікаў ранейшых эпох. Час, вайсковыя ліхалецці, гістарычныя катаклізмы не пашкадавалі і іншыя шматлікія здабыткі берасцейцаў. Маенавіта таму, па словах Віктара Клімуса, для развіцця культурнага і турыстычнага аблічча амаль 1000-гадовага гораду пытанне аднаўлення і рэканструкцыі спадчыны Брэста зараз стаіць вельмі востра.
Актывісты “Берасця старадаўняга” ўжо папрацавалі над самым старажытным з зафіксаваных перыядам гісторыі гораду – 12-13 стагоддзе. Яны выбралі з археалагічных знаходак гэтага перыяду самыя цікавыя і унікальныя, і паспрабавалі на базе гэтых аб’ектаў зрабіць самы папулярны сувенірны прадукт – магніцік на лядоўню, з невялічкімі інфармацыйнымі ўкладышамі. Атрымаліся стылізаваныя выявы са старэйшай на ўсходнеславянскіх землях азбукай – самшытавым грэбнем, і мясцовай разной фігуркай шахматнага караля.
Таксама былі выпушчаны інфармацыйныя буклеты, якія жыхары гораду маглі пабачыць акурат.
У самых бліжэйшых планах выпусціць серыю паштовак з 3-D макетамі страчаных архітэктурных помнікаў Берасця.
Арганізатары кампаніі гатовы падзяліцца сваімі напрацоўкамі з любымі зацікаўленымі асобамі: рамеснікамі, вытворцамі і выдаўцамі, установамі культуры і турызму, якія на базе напрацовак змогуць стварыць новы інфармацыйны, прома ці турыстычны прадукт. «Усіх, хто падзяляе нашы погляды на сітуацыю з культурнымі прадуктамі гораду і хоча яе палепшыць, каму ёсць што сказаць на гэтую тэму, мы запрашаем далучыцца да кампаніі “Берасце старажытнае”. Хай пульс стагоддзяў чуецца ў сэрцы кожнага берасцейца!», – заклікае Віктар.
Выбар даты для старта актывісты лічаць сімвалічным: «15 жніўня Берасце першае сярод сучасных беларускіх гарадоў атрымала магдэбургскае права – прывілей на самакіраванне. Падобнае права могуць атрымаць толькі тыя гарады, дзе ёсць актыўныя і ініцыятыўныя гараджане – якія шчыра клапоцяцца пра тое месца дзе яны нарадзіліся, жывуць, дзе будуць жыць яны самі і іхныя дзеці. Якія не баяцца адстойваць свае інтарэсы і быць першымі», – сцвярждаецца ў прэс-рэлізе да гэтай падзеі.
0 комментариев
Цапков Валерий
21.08.2013 в 20:56Ihar Baranouski
21.08.2013 в 20:56У цэлым ідэя цікавая і варта ўхваленьня. Варта, каб ініцыятары яшчэ і кансультацыямі і парадамі прафесіяналаў ад архітэктуры і мастацтвазнаства ня грэбавалі пры выданьні сваёй прадукцыі.
І яшчэ аўтарам кампаніі самім варта найперш добра разабрацца, якую гісторыка-культурную спадчыну яны намераны адраджаць і прапагандаваць: Брэста ці Берасьця.
Бо сама штучная, скалькаваная і пакалечаная праз польскую і расейскую мову назва гораду як «Брэст» (або «Бярэсце») — яскравы прыклад поўнай руіны мясцовай гісторыі і традыцыі, без аднаўленьня САПРАЎДНАГА аблічча якой немагчыма гаварыць пра паўнавартаснае адраджэньне нашай спадчыны.
Ihar Baranouski
21.08.2013 в 21:26Лагатып кампаніі з выкарыстаньнем элементу герба Берасьця выглядае цікавым, толькі ТАКОЕ выкарыстаньне — гэта прафанацыя самой ідэі (прапаганда гістарычных ведаў), дзеля якой праект задуманы.
Аўтары ўводзяць узман і заблытваюць людзей праз стылізаваны вобраз герба, які падаецца гістарычна недаставерным, бо страла накіраваная НЯ ЎГОРУ, як на берасьцейскім гербу, але ўправа.
Выбачайце, дызайн — дызайнам, але ён не павінен несьці непраўдзівую інфармацыю!
Берасцеец
23.08.2013 в 12:48Ігар, па-мойму з назвы дакладна вынікае, якую спадчыну збіраюцца прапагандаваць, і якую назву лічаць самай «старадаўняй». А тое, што зараз горад называецца Брэст — ад гэтага нікуды не збегчы.
І яшчэ — не блятайце герб гораду з лагатыпам кампаніі. Лога — па вызначэнню — новая графічная выява, якая мусіць асацыявацца выключна з суб’ектам (фірмай, рухам, кампаніяй, арганізацыяй). Герб гораду ў сваім дакладным выглядзе не можа быць лагатыпам, толькі таму, што гэта герб гораду.