Справа ў тым, што Яўген Мазоль, жыхар вуліцы Луцкай, звярнуўся не толькі ў СМІ, але і непасрэдна да гарадскіх улад. Да ліста з апісаннем праблемы ён не паленаваўся прыкласці нават фотаздымкі дарожкі, якая вядзе ад прыпынку “Луцкая” да школы-садка №1 і школ №№30, 35. Зварот быў калектыўным – да просьбы далучыліся 97 падпісантаў.
А нядаўна Яўген Мікалаевіч атрымаў адказ з гарвыканкама, дзе прызнаецца нездавальняльны стан дарожнага пакрыцця і гаворыцца, што “камунальнай службе горада даручана да верасня бягучага года выканаць работы па збудаванні новай дарожкі з асфальтабетону”. Праўда, у асвятленні дарожкі жыхарам мікрараёну пакуль адмовілі, спаслаўшыся на тое, што зроблена яно можа быць толькі пры агульным добраўпарадкаванні квартала. Таму людзі падрыхтавалі новы зварот – на гэты раз у аблвыканкам – з просьбай усё ж вырашыць пытанне.
“Цяпер дарожка асвятляецца толькі за кошт вокан жылога дома, а гэтага недастаткова. Просім улічыць, што тут увесь час рухаюцца не толькі дарослыя, але і дзеці, пра бяспеку якіх неабходна дбаць. Тым больш што першапачаткова, пры забудове раёна, у праекце вуліцы прысутнічала асвятленне гэтага ўчастку”, — гаворыцца ў звароце.
Што да пакрыцця дарожкі, то будаўнікі ўжо прыступілі да яго замены.
Ответить