Тысяча і адзін беларускі студэнт
Што беларусаў у Польшчы шмат, можна меркаваць хаця б па тым, колькі туды мігравала дзеля навучання берасцейцаў. У кожнага чытача знойдзецца знаёмы, а то і не адзін, які ці то вучыцца, ці то адвучыўся, ці то марыць вучыцца ў Польшчы. Ды і па дадзеных фонду “Адукацыйная перспектыва”, беларусы разам з украінцамі – колькасныя лідары сярод прыезджых студэнтаў Польшчы. Найчасцей яны выбіраюць гуманітарныя накірункі: эканоміку, менеджмент ды замежныя мовы.
Аднак наша гераіня Аня Масюк атрымлівае спецыяльнасць кухара-дыетолага. Знайсці ВНУ ёй дапамагла рэпетытар польскай мовы. Без рэпетытара ці без моўных курсаў у Польшчу можна паступаць хіба па праграме абмену Erasmus Mundus, ва ўсіх астатніх выпадках пры паступленні патрабуюць веданне мовы.
Перад паступленнем Аня ведала толькі дзве рэчы: што яна хоча быць кухарам і што не хоча вучыцца ў Беларусі. Рэпетытар падказала ёй прэстыжную школу ў Гданьску – прыватную Вышэйшую школу гасцінічнага турызму і бізнэсу. Туды Аня і паступіла. Акрамя ведання польскай мовы, з абітурыенткі спыталі атэстат, анкету і некаторыя дакументы. Уступных экзаменаў не было. “А навошта? – кажа Аня Масюк. – Калі хто хоча вучыцца, той будзе. А калі не хоча – ён не затрымаецца”.
Аня разам з некалькімі сяброўкамі былі першымі студэнткамі з Беларусі ў гэтай школе, таму адчувалі на сабе асаблівую апеку кіраўніцтва, а таксама дапамогу аднакурснікаў. “Я ведаю, што ў некаторых варшаўскіх універсітэтах ёсць трохі грэблівае стаўленне да беларусаў. Дык вось у нас усё было зусім па-іншаму. Студэнты дзяліліся з намі шпаргалкамі, а некаторыя настаўнікі маглі нават паставіць на паўбала-бал вышэй адзнаку, калі даведваліся, што мы з Беларусі”.
Але навучанне спадабалася не толькі з-за дабрадушнай атмасферы. На тое быў шэраг аб’ектыўных прычын.
А па пятніцах фітнэс
Калі Аня наязджала ў Брэст і размаўляла з былымі аднакласнікамі, то толькі радавалася, што выбрала вышэйшую школу балонскай мадэлі. “З мяне дастаткова, што ўсе скардзяцца на загружанасць, вялікую колькасць пар, а ў мяне такога не было. Мне было вучыцца лёгка і нават весела”. У Анінай школе толькі чатыры навучальныя дні, а па пятніцах у раскладзе стаіць фітнэс, на які дастаткова адхадзіць палову заняткаў. Гэта не нашая фізкультура са штосеместравым залікам, без якога не дапусцяць да сесіі.
Пра сваіх выкладчыкаў Аня і ўвогуле гаворыць доўга і эмацыйна. “У нас няма такога, што раз ты вучань, то ты – ніхто. Вучань і настаўнік абсалютна раўнапраўныя. І адзін і другі можа прыйсці на ўрок з кавай, і адзін і другі можа адлучыцца па сваіх справах. Мы часта прыходзілі з кампутарамі і кніжкамі на пары, і ніхто не рабіў нам заўваг. Галоўнае, не шумець і не перашкаджаць іншым. Адным словам, мы псіхалагічна не напружваліся”, — рэзюмуе Аня. Але што яшчэ больш важна – студэнт тут можа зрабіць заўвагу выкладчыку наконт стылю і зместу яго выкладання. Гэта і лагічна, калі абодва бакі зацікаўленыя ў якасці навучання, калі абодва з’яўляюцца суб’ектамі гэтага самага навучання.
Ганарыцца Аня Масюк і ўзроўнем выкладання яе спецыяльнасці. Да студэнтаў прыходзяць рэстаранныя кухары з майстар-класамі, а практыкі адбываюцца ў гатэлях. Практычныя заняткі па кулінарыі вымагаюць вялікай колькасці прадуктаў і інструментаў, але студэнты ўсім забяспечваюцца.
Заўважым, што нават у гэтай прыватнай установе, якая жыве за кошт аказання адукацыйных паслуг, ёсць свая сістэма бонусаў. Пры сярэднім бале 4,5 можна атрымліваць стыпендыю, а палякі могуць разлічваць на разнастайныя сацыяльныя выплаты.
Едзь, куды хочаш
Польшча ў Балонскім працэсе ад самага пачатку, таму, натуральна, у Анінай ВНУ прасочваюцца усе спецыфічныя рысы еўрапейскай адукацыі, пачынаючы ад трохступеннага навучання і заканчваючы інтэрнацыяналізацыяй універсітэтаў. Арыгінальнай школа застаецца хіба ў ацэнцы ведаў студэнтаў – тут няма традыцыйнай для Еўропы крэдытнай сістэмы, затое ёсць пяцібальная.
Але гэта не перашкаджае развіццю студэнцкай мабільнасці. Напрыклад, Аня, якая пасля трох год вучобы ў верасні атрымае ступень бакалаўра, цяпер сур’ёзна ламае галаву, што рабіць далей. Можна працягнуць навучанне ў Гданьску, а можна паспрабаваць свае сілы ў іншай ВНУ, і нават па іншай спецыяльнасці.
Да студэнцкай мабільнасці адносяцца таксама і вучэбна-вытворчыя практыкі, якія ў польскіх універсітэтах можна адпрацоўваць па-за межамі краіны. “На першым курсе мы падавалі заяўку на практыку ў Швейцарыю, але не здалі іспыт па англійскай мове”, — распавядае Аня. Можна было такім жа чынам пабачыць Швецыю, Германію, Канаду… Аднак дзяўчына пасля няўдачы са Швейцарыяй вырашыла быць бліжэй да дома, і летнія практыкі адпрацоўвала ў берасцейскім гатэлі. Вынікі такой практыкі лёгка залічваліся, нягледзячы на тое, што Беларусь – адзіная краіна еўрапейскага кантыненту, дзе дагэтуль не працуе Балонскі працэс.
Гэта мяняе светапогляд
Пагутарыўшы з Аняй, мы звярнуліся да нашага ўжо добра знаёмага эксперта Беларускага балонскага камітэта Алега Граблеўскага, каб спытаць абагульнена: чым усё-такі прывабліваюць беларусаў польскія ВНУ? Адказ нас не здзівіў: “Польшча прыцягвае наступнымі фактарамі: дыплом прызнаецца як у краінах ЕС, так і СНД; адносна невысокі кошт навучання – у сярэднім 800 еўра на год; шмат у якіх універсітэтах адсутнічаюць уступныя іспыты і дакументы прымаюць да кастрычніка; разнастайнасць у выбары мовы навучання; геаграфічная блізкасць. З іншага боку большасць абітурыентаў з’язджаюць не таму, што там усё так добра, а таму, што тут усё дрэнна”.
На жаль, тое, што ў беларускай вышэйшай школе цяпер “усё дрэнна”, можа канстатаваць нават самы звычайны студэнт, калі ён пайшоў вучыцца не дзеля корачкі. Нашая сістэма адукацыі прагне здаровых перамен, якія б паўплывалі на якасць адукацыі і адначасова на імідж краіны ў вачах міжнароднай супольнасці. Выдатна, што моладзь самастойна шукае лепшыя ўніверсітэты ў іншых краінах, але яшчэ лепш было б, каб і беларусы маглі нешта прапанаваць на такім жа ўзроўні. У рэшце рэшт вышэйшая адукацыя – гэта таксама бізнэс, і большыя прыбыткі ад яго можна атрымаць, толькі калі прапануеш якасную паслугу і маеш шэраг партнёраў.
Серыю пра Балонскі працэс закончым рэальным дыялогам паміж студэнтам, які тры гады адвучыўся ў Польшчы, і яго маці.
Маці: Сынок, скажы, ці трэба адпраўляць у Еўропу тваю сястру?
Сын: Адпраўляй.
Маці: А што гэта дае?
Сын: Гэта мяняе светапогляд.
Можа, варта пачынаць мяняць светапогляд і ў сваёй краіне?
P.S. Больш інфармацыі пра сістэму вышэйшай адукацыі ў Беларусі і пра Балонскі працэс можна знайсці на сайце Грамадскага Балонскага камітэта http://bolognaby.org.
0 комментариев
Хоміч Іна Анатолеўна
29.08.2013 в 02:56Zigmund Kolosovski
29.08.2013 в 02:56Болонь родилась, как инструмент политической борьбы между Римским папой и королями.
Сейчас «балонь» также политизирована. Она по сути является инструментом по выкачиванию мозгов из Беларуси. Инне Хомич полезно было бы вообразить, что когда нибудь она станет пенсионеркой. Сейчас она агитирует за утечку мозгов и людей из Беларуси. Кто ей будет платить пенсию, когда она состарится?
Іна Хоміч
30.08.2013 в 09:16Ну так, ва ўставе працэса так і напісана: галоўная мэта выпампаваць мазгі з Беларусі. І ўвесь кантынент дзеля гэтай мэты аб’яднаўся. Вакол ворагі, як заўсёды
Станислав
30.08.2013 в 13:47В Польше шпаргалки? Ну-ну!