Пытанне гэтае зусім немалаважнае ў тым кантэксце, што мы часцей і часцей хварэем на алергіі, звязаныя, па меркаванні вучоных, з накапленнем у арганізме шкодных хімічных рэчываў, якія трапляюць у яго ў тым ліку з ежай.
Экалогія – у тым ліку і гуманнасць
“Ногі” экалагічных прадуктаў растуць з арганічнага гаспадарання. Як тлумачыць эксперт “Цэнтра экалагічных рашэнняў” Наталля Парэчына, арганічная сельская гаспадарка – гэта такі від вытворчасці, дзе ўлічваюцца інтарэсы глебы, экасістэмы і здароўя чалавека. Тут існуе катэгарычная забарона на выкарыстанне сінтэтычных угнаенняў, хімічных сродкаў падкормкі раслін, мадэфікаваных арганізмаў. Што тычыцца жывёлагадоўлі, то тут нельга выкарыстоўваць антыбіётыкі ў прафілактычных мэтах – што цяпер паўсюдна практыкуецца і праз што пакупнік атрымлівае мяса ці малочны прадукт, напічканы лекамі, — а самі жывёлы павінны знаходзіцца ў такіх умовах, якіх патрабуе іх фізіялогія. Напрыклад, свіння не можа стаяць на бетоне, бо яна, згодна са сваёй канстытуцыяй, мае патрэбу рыць зямлю. Ніякіх клетак для курэй, ніякіх брудных, пазбаўленых травы загонаў для кароў. “Гэта такая вытворчасць, якая накіравана на будучыню, на адзінства між чалавекам і навакольным асяроддзем”, — падкрэслівае Наталля Парэчына.
“Так фермер і расказаў, чым ён палівае памідоры і чым корміць свіней,” – можаце сказаць вы. Раскажа і пакажа, калі захоча ўзяць за тавар удвая больш, чым канкурэнт, які не прытрымліваецца прынцыпаў арганічнага гаспадарання.
Зялёны ліст ды сертыфікат
Але пытанне, наколькі правамоцна фермер называе сваю прадукцыю экалагічнай, усё адно паўстае. У Беларусі няма арганізацыі, якая б вызначала сумленнасць вытворцаў у гэтым рэчышчы. Калі яны працуюць на абмежаванае кола кліентаў, якія ім давяраюць, адна справа. Але як толькі такі фермер захоча заваяваць больш шырокі рынак ці нават сунуць нос са сваім таварам у Еўропу, то прыдзецца паказваць адмысловы сертыфікат з эмблемай экапрадукта (лісток з белых зорачак на зялёным фоне).
Сертыфікаваннем арганічных гаспадарак займаюцца акрэдытаваныя экспертныя цэнтры з-за мяжы, якія робяць гэта на прафесійнай аснове і за немалыя грошы. Фермер Зміцер Крылоў, які разводзіць пад Мінскам коз, пакуль сертыфікаваў толькі зямлю. Нямецкія эксперты прасілі за такую паслугу 4,5 тысячы еўра. Але браты-ўкраінцы, што разлічваюць атрымаць беларускі рынак надалей, правялі сертыфікацыю за тысячу. На другім этапе Крылову патрэбна сертыфікаваць і жывёлагадоўлю – асноўны накірунак яго дзейнасці. Яго козы ўжо пасуцца на чыстых землях, але зерне для іх падкормкі ён яшчэ купляе ў звычайных гаспадарках – і гэта адразу робіць яго тавар на вялікім рынку экалагічных прадуктаў неканкурэнтным.
У Беларусі на сёння існуе толькі 4 фермерскія гаспадаркі, якія прайшлі еўрапейскую сертыфікацыю. Адна з іх знаходзіцца ў Брэсцкай вобласці і займаецца вытворчасцю прадуктаў з маліны. Сёлета заяўку на сертыфікацыю падалі яшчэ 8 гаспадароў. Тут жа ўлічым, што ёсць пэўная колькасць дробных аднаасобнікаў, якія вядуць гаспадарку па экалагічных стандартах, але задаволены сённяшнім сваім прыбыткам, не збіраюцца пашырацца, і праводзіць дарагую сертыфікацыю не бачаць сэнсу.
З боку фермераў гэта даволі адказны і рызыкоўны крок – пераводзіць “традыцыйную” гаспадарку на арганічную. Той жа Зміцер Крылоў, які мае 100 гектараў зямлі, прызнаецца, што згубіў ураджайнасць адразу ў два разы, як толькі адмовіўся ад хіміі. Кукурузу ў мінулым годзе не ўдалося вырасціць зусім – яна проста загінула ў пустазеллі. Прыкладна тая ж сітуацыя адбылася і з зерневымі культурамі. “Мы проста не знаёмыя з тэхналогіямі, якія дазваляюць вырошчваць культурныя расліны без тых угнаенняў, да якіх нас прывучылі”, — агучвае самую балючую для беларускіх арганічных фермераў праблему Крылоў. Аднак ён даўно прыняў рашэнне і адступаць назад не збіраецца. Яго гаспарадка цяпер уяўляе сабой нешта тыпу даследчага ўчастка, куды прыязджаюць замежныя калегі і дзеляцца вопытам, а пасля едуць беларусы і вопыт пераймаюць.
Дзяржаўны інтарэс
Эксперт па экалагічнай сертыфікацыі Зміцер Лутаеў не сумняваецца, што арганічная гаспадарка будзе толькі нарошчваць тэмпы развіцця ў Беларусі. На гэта ёсць попыт з боку прасунутых спажыўцоў, якія гатовыя плаціць больш за здаровую ежу, таму і прапанова не прымушае сябе чакаць.
Пакуль у гэты бізнэс прыходзяць толькі дробныя і сярэднія фермеры, якія мабільна рэагуць на змяненні рыначнай кан’юнктуры, але, думаецца, дзяржава таксама была б не супраць нарэшце адкрыць для сябе заходні вектар збыту сельскагаспадарчай і жывёлагадоўчай прадукцыі.
У многім таму нашы чыноўнікі і глядзяць паблажліва на замежных сертыфікатараў, якія па сутнасці ўрываюцца ў іх сферы дзейнасці і выклікаюць прафесійную рэўнасць. Міністэрскі люд спадзяецца: калі еўрапеец сам паставіць штамп “Экалагічна”, то ёсць шанец, што сам жа пасля гэты тавар ахвотней купіць. Падобным чынам дзейнічае Малдова, у якой пад арганічнае землекарыстанне выдзелена ўжо 35 тысяч гектараў зямлі. 90% (!) усіх экалагічных прадуктаў харчавання малдаване прадаюць у Еўропу. Выдатна гандлюе такімі прадуктамі і Польшча, дзе абарот ад арганічнай сельскай гаспадаркі складае недзе 100 мільёнаў еўра ў год.
Наша дзяржава – хоць і сельскагаспадарчая, але па-савецку непаваротлівая – так хутка ўключыцца ў гульню не можа, таму пакуль проста назірае за дробнымі фермерамі, а тыя дзякуюць, што яна не моцна ім перашкаджае. І ўсё ж, па меркаванні вучоных ад сельскай гаспадаркі, пры сур’ёзнай размове пра экалагічную ежу Беларусі прыдзецца прыняць некаторыя меры па спрыянню “экалагічным” гаспадарам. Фермеры чакаюць ад дзяржавы найперш фінансавай падтрымкі ў пераходны перыяд – калі ўраджай рэзка скараціўся ад дэхімізацыі, але прадукцыя яшчэ не лічыцца арганічнай і прадаецца па старым кошце. Але эксперты да гэтага дадаюць і больш стратэгічныя ўмовы для развіцця ўнутранага арганічнага рынку. Сярод іх – прыняцце закона “Аб арганічным землекарыстанні”, развіццё навуковай базы, папулярызацыя экалагічнай прадукцыі, інфармацыйнае забеспячэнне вытворцаў, развіццё сетак для рэалізацыі аргпрадукцыі. Зрэшты, апошнім не абавязкова павінна займацца дзяржава. У Беларусі ўжо ёсць 2 інтэрнэт-крамы, якія спецыялізуюцца на продажы экапрадуктаў. Абедзве абслугоўваюць сталіцу, таму берасцейскія прадпрымальныя голавы павінны задумацца.
На сёння вопыт развітых краін, якія раней за ўсіх затравілі сябе хіміяй і раней зразумелі свае памылкі, паказвае, што арганічная гаспадарка можа быць эканамічна дзеездольнай. Значыць, можа быць такой яна і ў Беларусі, дзе землі пакуль сур’ёзна хіміяй не змішчаны.
Кошты на экапрадукцыю ў Мінску*
Казіны ягурт – 48 000 бел.руб./л
Смятана – 76 000 бел.руб./л
Курыныя тушкі – 100 – 160 000 бел.руб./кг
Свініна – 100 000 бел.руб./кг
Яйкі курыныя – 30 – 45 000 бел.руб./дзясятак
Памідоры – 30 000 бел.руб./кг
Гуркі – 20 000 бел.руб./кг
*Паводле сайта ecaeja.by.
Ответить