У пятніцу 20 верасня Беларусь адзначала дзень народзінаў светлага чалавека — 70-гадовы юбілей славутай паэткі, перакладчыцы, грамадскай дзеячкі з Белаазёрска Ніны Язэпаўны МАЦЯШ.
На ўжо традыцыйнае (у чацвёрты раз) штогадовае літаратурнае свята “Бабіна лета з Нінай Мацяш у Белаазёрску” (гэту прастору бабінага лета Ніна Мацяш у свой час стварыла сама) прыехала шмат літаратараў-калег з Мінска, Брэста, Бярозы і іншых регіёнаў Беларусі, работнікаў абласной і раённых бібліятэк, якіх гасцінна сустракала загадчыца бібліятэкі імя Н. Мацяш у Доме культуры Тамара Кузняцова.
Пасля наведвання кватэры паэткі, дзе яна жыла апошнія гады, бацькоўскай хаты, дзе шмат гаварыла пра сястру Алена Язэпаўна, літаратары і брэсцкія студэнты двух вузаў паехалі ў мясцовую царкву, пасля — да магілы Ніны Мацяш, усклалі кветкі, выступілі з добрымі словамі…
Асноўнае мерапрыемства – паэтычныя чытанні — праходзіла ў гарадскім Доме культуры, якія адкрыў першы намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення ідэалогіі, культуры і спраў моладзі Брэсцкага аблвыканкама Ігар Гетман, які перадаў прывітанне ад губернатара вобласці Канстанціна Сумара і адзначыў важнасць гэтай падзеі – святкавання юбілейнай даты славутай паэткі – не толькі для калег-літаратараў, аматараў літаратуры, але асабліва для школьнікаў і моладзі..
Сяброўка Ніны Мацяш, настаўніца Галіна Скарына сказала свае шчырыя словы пра паэтку, у творчасці якой праходзіць матыў любові да бацькоў. Светлым анёлам вёў па жыцці Ніну Язэпаўну яе бацька. Яна вучылася ў яго любові да зямлі.
Марыя Новік у выступленні выказала клопат пра стварэнне музея ў кватэры Ніны Мацяш, у якім бы жыло беларускае слова, беларуская культура (у свой час там часта бывалі Янка Брыль, Ніл Гілевіч, Уладзімір Калеснік, Данута Бічэль і іншыя славутыя літаратары Беларусі).
Сталічныя літаратары Анатоль Вярцінскі, Васіль Жуковіч, Усевалад Сцебурака гаварылі пра вялікі талент паэткі і перакладчыцы Ніны Мацяш, пра яе высокамаральную паэзію, пра ўплыў на душы людзей, на моладзь. Ізноў жа звярталі ўвагу на так патрэбнае выданне яе выбраных твораў, на стварэнне музея, помніка, бо памяць паэткі павінна ўмацоўвацца, яе вершы павінны жыць сярод нас!
Берасцейцы – калегі паэткі — Алесь Каско, Іван Мельнічук, Алесь Паплаўскі, Сяргей Амяльчук, Валянціна Осіпава, Ярына Дашына — чыталі свае вершы, гаварылі словы падзякі арганізатарам мерапрыемства. Мастак-паэт Лявон Валасюк падарыў бібліятэцы імя Н. Мацяш жывапісны твор “Бацькоўская хата Ніны Мацяш”.
Напрыканцы ў запісы прагучалі словы Народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча, мясцовыя спевакі выканалі песні на словы Ніны Мацяш, а школьнікі падаравалі слухачам цэлую вершаваную кампазіцыю.
Дажджлівае надвор’е не перашкодзіла правядзенню чарговага “Бабінага лета”. Запоўненая зала белаазёрскага Дома культуры была сведчаннем вялікай павагі і любові да славутай паэткі Ніны Мацяш, якая з экрана гаварыла:”Усім, каго люблю, хай вам светла будзе…”
Р.S. У Мінску ў Выдавецкім доме “Звязда” менавіта ў пятніцу 20 верасня, у дзень народзінаў паэткі, пабачыў свет зборнік перакладаў Ніны Мацяш “Гарнуся душою да слова”.
Леанід ФЁДАРАЎ
Наша даведка
Ніна Мацяш нарадзілася ў вёсцы Нівы Бярозаўскага раёна. Скончыла Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў. Яна з’яўлялася лаўрэатам фестывалю “Берасцейская зорка-98”, Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова, Заслужанай дзеячкай мастацтваў Беларусі. Аўтар зборнікаў паэзіі “Агонь” (1970), “Удзячнасць” (1973), “Ралля суровая” (1976), “Прыручэнне вясны” (1979), “Поўны келіх” (1982), “Шчаслівай долю назаві” (1990), “Богава дрэва”(2004), “У прыгаршчах ветру” (2009) і іншых. Выдала 15 кніг перакладаў з нямецкай, французскай, польскай, украінскай моў (найбольш значныя пераклады: “Свет, варты вяртання” (1991) і “Хвіля” (2005), творы Віславы Шымборскай – польскай Нобелеўскай лаўрэаткі 1996 года, “Маленькі прынц” і “Планета людзей” А. дэ С.-Экзюперы, раман у вершах “Маруся Чурай” Ліны Кастэнка і інш. Паасобныя творы выдаваліся за мяжой. Многія вершы перакладзены на музыку. Да некаторых з іх Ніна Мацяш пісала музыку сама. Памерла 19 снежня 2008 года ў Белаазёрску.
Ответить