Калі казаць глабальна, дык і справы агульнай не існуе, усё гэта толькі прыгожыя словы. Але часам узнікае патрэба аб’яднацца дзеля нейкай мэты. Аб’яднацца часова, але эфектыўна. І тут у нас усіх яўныя праблемы. Вось свежае назіранне.
17 кастрычніка ў абласной бібліятэцы адбылася літаратурная сустрэча, прысвечаная 70-годдзю Ніны Мацяш. Саюз беларускіх пісьменнікаў прэзентаваў адразу два выданні, звязаныя з імем знакамітай паэткі. Па-першае, чытацкай аўдыторыі прадставілі кнігу перакладаў Ніны Мацяш з украінскай мовы “Гарнуся душою да слова”, якую пасля грунтоўнай працы з архівамі і рукапісамі падрыхтавалі Святлана Варонік, Марыя Новік і Галіна Скарына. Па-другое, свет пабачыў пяты нумар альманаха “Жырандоля” – парастак ад зерня, таксама кінутага ў глебу Нінай Мацяш. Па танальнасці гэтыя прэзентацыі адрозніваліся адна ад другой, прасіліся быць асобнымі імпрэзамі, але абедзьве выявілі праблемы ў пісьменніцкай арганізацыі. Яны паказалі, што нават у такой дробязі, як падрыхтоўка невялікага мерапрыемства, нашыя пісьменнікі гатовыя падзяліцца не тое што на 2, а на 20 саюзаў. І ўсе саюзы будуць між сабой варагаваць.
Самі ўявіце наступную карціну. Кнігу “Гарнуся душою да слова” прэзентуе адна з ўкладальніц Святлана Варонік. Гаворыць у сваёй звычайнай манеры – прыгожая і мілагучная мова, суцэльныя эпітэты ды метафары. Камусьці падабаецца, камусьці падаецца занадта лірычным. Праходзіць зусім мала часу, і некаторыя пісьменнікі пачынаюць перашэптвацца і касавурыцца на вядучую. Яны ўжо вызначыліся, падабаецца ім ці не, і спяшаюцца падзяліцца з суседзямі. Тыя, каму не падабаецца, асабліва актыўнічаюць. Гучнасць каментаў паціху ўзмацняецца, і вось ужо папрокі і заўвагі можна расчуць як мае быць. Практычнага значэння для агульнай справы яны не нясуць ніякага, такім чынам проста выказваецца ні з чым не прымірымая грамадзянская пазіцыя. Увогуле па гулу залы на працягу ўсёй імпрэзы можна было вызначыць, хто каму сімпатычны, хто каму не вельмі.
Да моманту прэзентацыі альманаха разждражненне пісьменнікаў адзін да аднаго проста выбухае і скіроўвае іх у бок ад запланаванай праграмы. Гэта нават дае пазітыўны плён, паколькі пісьменнікі нарэшце адкрыта, а не за спінамі адзін аднаго, гавораць пра тое, што іх здаўна хвалюе. У гэты момант яны нібыта забываюць пра выпадковую публіку і абмяркоўваюць альманах так, як гаварылі б пра яго ў вузкім коле.
Напрыклад, Алесь Каско, рэдактар паэтычнай часткі пятай “Жырандолі”, адразу гаворыць пра слабыя месцы і недарэчнасці нумара ды закранае самае балючае – памылак магло і не быць, каб працавалі супольна. А памылкі павыскоквалі непрыемныя – дзесьці з’елі апошнія радкі верша, а дзесьці забыліся назваць важную кнігу. У такім жа крытычным тоне выказваецца і галоўны рэдактар нумара Мікола Сянкевіч. Ён папракае калег у тым, што тыя не надта ахвотна нясуць у “Жырандолю” свае творы, з-за чаго яўна прасядае змест альманаха. “Ужо стала ледзь не добрым тонам – не надрукавацца ў “Жырандолі”, — напаўжартам, але больш усур’ёз кажа рэдактар і яшчэ дадае тое, пра што ніколі не казалі з трыбуны: антыпатыя пісьменнікаў адзін да аднаго настолькі моцная, што некаторыя адмаўляюцца друкавацца ў часопісе толькі таму, што там надрукаваўся непрыяцель. Гэта вельмі нагадвае прымаўку пра адно поле.
Фактычна, укладальнікі прызналіся, што часопіс даўно не адлюстроўвае, як задумвала Ніна Мацяш, лепшыя літаратурныя набыткі Берасцейшчыны, а толькі паказвае, хто з кім сябруе ці не сябруе. Літаратары зноў забыліся, у чым заключалася хоць часовая, але агульная справа.
Але хто іх возьмецца надта папракаць, калі такія мы ўсе. Няма на нас Ніны Мацяш, здольнай усіх прымірыць і павесці да дабрыні, любові, прыгажосці і да якасці. Таму і згадваем пра яе так часта. З настальгіяй.
Ответить