Артыкул працягвае цыкл назіранняў за рознымі аспектамі жыцця заходніх суседзяў, занатаваных падчас тыднёвай працы ў рэдакцыі польскай газеты “Кур’ер падляскі”.
Нагода для цікавасці
Журналісты – гэта людзі, якія заўсёды ўмеюць і ў белым убачыць чорнае. Таму неяк я пацікавілася ў польскіх калег: а якія праблемы існуюць у вашай адукацыі? Калегі сумленна пералічылі, усяляк напружваючы мозг. Нават не памятаю тых праблем дакладна – настолькі падаліся яны дробязнымі, але, здаецца, самая галоўная была звязана з празмернымі правамі настаўнікаў, якія маюць настолькі моцны прафсаюз, што звольніць педагога практычна немагчыма. Называлі яшчэ нешта прыватнае, датычнае асобных школ.
Актуалізавала цікавасць да польскай адукацыі пасяджэнне рады гміны Драгічын, на якім выпадкова ўдалося папрысутнічаць. На ім між іншым прымаўся план па захаванні ў гміне 3 малакамплектных школ. Як шапнула на вуха калега з “Кур’еру падляскага”, у адной з такіх школ усяго каля 20 вучняў. Як такое можа быць, што ў краіне, якую ў нашай прэсе прыводзяць як прыклад для актыўнага закрыцця малакамплектак, можа існаваць школа з 20 вучнямі?
Прыйшлося дапытвацца пра гэта бурмістра Драгічына Войцаха Божыма і ўвогуле бліжэй знаёміцца з польскай школай.
Канкурэнцыя
Структура польскай адукацыі амаль такая ж, як і нашай: дзіцячы сад, пачатковая школа, гімназія, прафесійная школа/ліцэй, вышэйшая школа. Цікавае тут іншае. Прыватнымі могуць быць не толькі ўніверсітэты, а ўсе элементы адукацыі, нават пачатковыя школы, ліцэі і гімназіі. І калі ў прыватную школу паступае дзіця, гэта не значыць, што ўся аплата кладзецца на плечы бацькоў. Дзяржава пералічыць школе грошы, якія выдаткавала б на навучанне таго ж дзіцяці і ў звычайнай школе – у сярэднім 7 500 злотых (2,5 тысяч далляраў) штогод. Таму ўсе навучальныя ўстановы незалежна ад формы ўласнасці існуюць у стане канкурэнцыі, павінны быць зацікаўленымі ў добрым падборы кадраў і ў паляпшэнні матэрыяльнай базы. Чым больш дзяцей прыйдзе ў школу, тым больш грошай школа атрымае ад дзяржавы.
Але па той жа самай прычыне праблемы ўзнікаюць у маленькіх школах, дзе атрыманых грошай не хапае на заробак настаўнікам. Сярэдні заробак –тысяча даляраў пры нагрузцы 18 гадзін у тыдзень.
Вырашаць праблему кожны павет і кожная гміна можа па-свойму, паколькі пры колькасці вучняў менш за 70 школу можна закрыць без дазволу тамтэйшага міністэрства адукацыі. Напэўна, мноства малакамлектных школ такім чынам і закрылі, забяспечыўшы падвоз вучняў у буйнейшыя ўстановы.
Аднак не толькі беларускія, але і польскія бацькі не ў захапленні ад таго, што іх дзеці мусяць вырывацца з прывычнага асяроддзя. Таму самыя актыўныя з іх знайшлі спосаб захаваць школы ў Драгічынскай гміне, карыстаючыся падтрымкай свайго бурмістра. Цяпер усе грошы, якіх не хапае для функцыянавання школы, даплочваюць грамадскія аб’яднанні — здабываюць праз гранты. Заўважу, што грант – гэта слова не з жаргону злачынцаў, як думае наша грамадства пасля адпаведнай прапаганды, а звычайная ў Польшчы сістэма фінансавання разнастайных грамадсказначных праектаў, у тым ліку культурных і адукацыйных.
“На колькі часу разлічана падтрыманне гэтых трох школ?” – пытаю ў бурмістра. “Пакуль там будуць дзеці”.
Польшча ў якасці ўзору для закрыцця школ нам больш не падыходзіць.
Умовы працы
Дзяржаўныя школы на тым баку Буга часта аб’ядноўваюць у гэтак званыя гурты, на чале якіх стаіць адзін дырэктар. Гэта эканомна, бо пры малой колькасці вучняў у адным будынку можна трымаць і дзіцячы садок, і пачатковую школу і школы вышэйшых узроўняў. На ўсіх патрэбная толькі адна спартыўная зала, адна бібліятэка, адзін басейн. Драгічынскі гурт школ аб’ядноўвае ажно 4 установы, кожная з якіх захоўвае сваю арыгінальную назву. Кіруе ўсімі імі Дарота Кавальчук.
Пані дырэктар з задавальненнем дэманструе нам вучэбныя класы, некаторыя з якіх абсталяваныя па апошнім слове тэхнікі. Цяжка нават уявіць, колькі каштуе хоць адзін з дзесяці школьных праектараў, на экране якога можна не толькі нешта глядзець, але і пісаць, і рабіць практыкаванні. І гэта ў гарадку, дзе жыве 1,5 тысячы народу!
У асноўным заняткі закончыліся, але дзе-нідзе мы сваёй экскурсіяй усё ж перашкаджаем вучэбнаму працэсу. Рэакцыя на нас настаўнікаў таксама выклікае культурны шок – яны не ўскокваюць, пабачыўшы дырэктара, іх вочы не напаўняюцца страхам, яны ўсміхаюцца і з задавальненнем пачынаюць з намі размаўляць. Новыя людзі на ўроку не асацыююцца з праверкай. Гэта, па-мойму, фантастычна.
Нечакана знаёмімся з настаўніцай англійскай мовы, берасцейкай Таццянай. Гэтая мілая і ўсмешлівая жанчына гаворыць пра тое, што “такіх умоў для настаўніка, як у Польшчы, няма нідзе”. Расказвае, што займала пост намесніка дырэктара ў адной з брэсцкіх школ, але своечасова зразумела, што гэта небяспечна для здароўя. “Яшчэ паўгода, і мяне з той школы вынеслі б уперад нагамі”, — гаворыць Таццяна.
Я цікаўлюся ў настаўніцы, ці не робіць яна рамонт у класе і ці не збірае грошы з бацькоў. Таццяна смяецца і перакладае мой жарт на польскую для дырэктаркі. Абедзьве ўспрымаюць пытанне менавіта як жарт.
Умовы вучобы
Каб у польскай школе пабываў наш шкаляр, ён пасля напэўна пераказваў бы сваім беларускім аднакласнікам вось што.
Па-першае, тут ёсць два абеды. Кіраўніцтва заўважыла, што дзеці не з’ядаюць усяго запар і вырашыла падзяліць абед на два прыёмы. На адным перапынку яны ядуць суп, на другім – другую страву. За абед плацяць бацькі, за выключэннем маламаёмасных сем’яў.
Па-другое, на ўсёй тэрыторыі школы ёсць бясплатны вай-фай. Але падчас урокаў ён адключаецца, і доступ да яго маюць толькі настаўнікі.
Па-трэцяе, для выпускнікоў ёсць дадатковыя заняткі па тых дысцыплінах, якія ім трэба здаваць у ліцэях ці вышэйшых школах. Заняткі гэтыя бясплатныя.
А яшчэ польская школа даволі моцна рэлігіязавана. У кожным класе гурта школ у Драгічыне, напрыклад, вісіць каталіцкі крыж. Наша калега, мама двух дзяцей, Ганна Кандрацюк кажа, што яна асабіста супраць умяшання царквы ў справы школы. У праграме ёсць нават дзве гадзіны рэлігіі на тыдзень, якія праводзіць каталіцкі ці праваслаўны святар. Заняткі, праўда, можна пры жаданні бацькоў замяніць этыкай ці ўвогуле дзяцей ад іх вызваліць.
Гэта, аднак, мала хто робіць. Бо і ў Польшчы, як і ў Беларусі, бацькі не хочуць, каб іх дзеці выглядалі белымі варонамі.
Ответить