Прасціна са стрэлкамі
“Не падумайце, што я хачу сябе праславіць. Мне проста хочацца пераканаць людзей, наколькі гэта цікава – займацца даследаваннем сваіх каранёў”. Да мяне даносяцца словы госці рэдакцыі, але ўвагу цалкам займае разгорнуты ёю на стале рукапіс. Ён склеены з многіх лістоў, мае фармат прыкладна метр на паўтара і ўвесь распісаны прозвішчамі, датамі ды стрэлкамі. Але Валянціна Паўлаўна запэўнівае, што “гэта так сабе” – даўно неактуальныя запісы, якія не даюць поўнай карціны.
Абменьваемся тэлефонамі, і праз нейкі час я на ровары еду ў Брэсцкі раён на лецішча патэнцыйнай гераіні. Там яна не толькі займаецца агародам і кветнікам (што амаль тое самае), але і друкуе на падораным дзецьмі кампутары эпічны варыянт радавога дрэва.
“Гэта не толькі мне – гэта дзецям маім патрэбна. Нядаўна я выпадкова выдаліла з кампутара ўсе свае запісы, дык гэта быў для ўсіх шок. Унучка першая знайшла словы ды падбадзёрыла: “Бабуля, ты яшчэ лепш напішаш”.
Пачалося з Фэдуна
Былой настаўніцы з Бярозаўскага раёна цяжка прыгадаць, калі канкрэтна яна пачала цікавіцца сямейнай біяграфіяй. Напэўна, з самага дзяцінства, калі, разглядаючы старыя фотаздымкі, запытвалася: “Баба, а хто гэта?” Нешматслоўная бабуля толькі і адказвала: “Фэдун”, а ў галаве ўнучкі роем працягвалі віцца пытанні.
Пасля нарадзіліся ды пайшлі ў школу свае дзеці. Калі малым давалі заданне напісаць сачыненне пра кагосьці з сям’і, маці ахвотна прыходзіла на дапамогу, заадно пашыраючы і свае веды пра ўласную радзіну. Ужо тады з’явілася разуменне, што трэба абавязкова запісваць вынікі сваіх пошукаў, але зацягвала звычайная вясковая праца.
З новай актыўнасцю Валянціна Паўлаўна прыступіла да запісаў недзе 10 год таму, пасля смерці маці і падчас уласнай цяжкай хваробы. Проста ў бальніцы на туалетнай паперы (іншай не было пад рукой) яна напісала артыкул пра маці для раённай газеты, які адразу ж і апублікавалі.
А неўзабаве знайшліся сілы і на даследчую працу, на якую яна і дагэтуль звычайна ахвяруе зімовыя месяцы, калі няма сельскагаспадарчых работ на лецішчы.
Асноўныя крыніцы новых звестак – гэта царкоўныя запісы, успаміны старажылаў ды праца ў архіве – самы растратны пункт даследчай дзейнасці для аматара, бо апошні раз у Нацыянальным архіве з Валянціны Дабрынінай запытвалі 900 тысяч рублёў. Звесткі, атрыманыя з архіва, заўсёды дакладныя, але гэта таксама іх слабы бок, бо гераіні мала проста намаляваць генеалагічнае дрэва ды паставіць даты жыцця далёкіх сваякоў – ёй важна ажывіць іх, расказаць, дзе яны жылі, чым займаліся, якія мелі характары. Царкоўныя запісы таксама скупыя, але часам утрымліваюць даволі нечаканыя звесткі. Аказваецца, да сярэдзіны ХХ стагоддзя бацюшкі запісвалі, калі чалавек апошні раз быў на споведзі, колькі яму год, колькі грошай ахвяраваў на царкву, а калі не ахвяраваў, то па якой прычыне. Сярод прычын былі такія, напрыклад, як “безбожник” ці “неполноумный”.
Скрыжаванне “дрэваў”
За гады пошукаў Валянціна Паўлаўна назбірала безліч сямейных легендаў і быляў, а таксама сваякоў, якія раней гэтак жа не падазравалі пра яе існаванне, як і яна пра іх. Генеалагічныя стрэлкі завялі на Украіну, у Польшчу, у Расію і нават Канаду ды Францыю. Адшукаць родзічаў дзядулі ў Польшчы дапамог консул Рэспублікі Беларусь у Беластоку.
У Расіі аказалася вялікае адгалінаванне роду бярозаўчанкі, бо туды эміграваў той самы дзядзька Фэдун. У Екацерынбургу жыве адна з яго дачок, якая таксама займаецца вывучэннем свайго генеалагічнага дрэва. Пошукі ў супольным накірунку звялі раней незнаёмых людзей і зблізілі галінкі, якія да гэтага натуральным чынам разышліся. Цяпер расійская сваячка часта прыязджае ў Беларусь, адкуль пайшоў яе род.
“Да Канады пакуль не магу дабрацца, бо на гэта трэба шмат грошай. Таму проста ведаю, што і там недзе ёсць мае родзічы”, — кажа Валянціна Дабрыніна.
Стратэгічна важна
“Чаму раней беларусы не вывучалі сваю радаслоўную? Бо баяліся шукаць. А раптам там знойдзецца чалавек, “неугодный власти”? Яго ў ГУЛАГ, можа, саслалі, то не дай бог мець адносіны да такога чалавека! Гэты страх уеўся ў нас на генным узроўні,” – разважае дзівосная жанчына.
“Я занава вучу гіторыю. Бо тое, што ты вучыў у школе… На працягу толькі майго жыцця колькі разоў гісторыя ў падручніках перапісвалася! То пры Сталіне, то пры Хрушчове, то яшчэ пры кім. І ўсё пад кагосьці гэтую гісторыю пішуць! А цяпер я па-іншаму на ўсё гляджу, праз жыццё маіх продкаў. На іх прыкладзе знаходжу такія факты, якіх ні ў якіх падручніках не знойдзеш”.
Чытаць манаграфію Валянціны Дабрынінай было цікава нават мне, не звязанаму з яе сям’ёй чалавеку. У форме размовы з нашчадкамі яна то на рускай, то на беларускай, то на бярозаўскай мове выкладае не толькі гісторыю роду, але і гістарычныя варункі, на фоне якіх род развіваўся. Валянціна Паўлаўна часам называе зусім не хрэстаматыйныя гістарычныя факты, напрыклад, факт з гісторыі барацьбы царквы з п’янствам, якая выявілася ў забароне гандляваць алкаголем на тэрыторыі храма. У рукапісе вялікі этнаграфічны матэрыял з апісаннем некаторых абрадаў, вясковых прымхаў і нават народных медыцынскіх рэцэптаў, якія гераіня прыгадала, калі апісвала сваю бабулю Агапу, што ніколі не хадзіла да лекараў. Дзеці і ўнукі даследчыцы атрымаюць у спадчыну цэлы клад.
Але дарыць такую спадчыну, кажа Валянціна Паўлаўна, таксама прыемна: “Вы не ўяўляеце, наколькі гэта цікава — вывучаць гісторыю свайго роду. Варта толькі пачаць. Пачынайце!”
Давайце пачынаць.
Ответить