Такое рыцарска-сяброўскае памкненне крытык Генадзь Праневіч у прадмове апраўдаў і патлумачыў “непадробнай, з самых глыбінь душы вызваленай любоўю да свайго палескага краю, якая цесна знітавала і перапляла іх жыццёвыя і творчыя біяграфіі з духоўнай гісторыяй і лёсам роднай зямлі”.
Дзякуй, выснова падаецца сутнаснай хаця б у тым, што ў сваім паэтычным раздзеле “Літары на літоўцы” М.Пракаповіч па думцы, па нерву душы акумулюе і ўласцівае вершам “сааўтараў”. Кранае гама пачуццяў, з якімі ён асэнсоўвае сённяшні ўласны маральна-псіхалагічны стан і стан краіны, народа. Пераважаюць характэрныя для цяперашняй беларускай паэзіі расчараванні, сумненні, трывогі. Паэтам-берасцейцам яны выказваюцца надзвычай абвострана, без ценю ўпоты, як, напрыклад, у радках пра адноўленую святыню Еўфрасінні Полацкай: “Крыж закляты — ён вяртаецца ў свой храм. Ці вернуцца душы, каб адрадзіць Радзіму?..” У іншых радках, аднак жа, скрозь боль і роспач прабіваюцца пробліскі спадзеву і трывання: “Не зламацца… Хапіла б сілы дачакацца зоркі сваёй, — і з крыжа вырастаюць крылы, каб узняць цябе над зямлёй”.
Самы пранізлівы, як на маё ўспрыманне, у Пракаповічавых “Літарах на літоўцы” верш пра радзінны кут, першакрыніцу жыцця. Такой шчымлівай танальнасці, здаецца, не сустракаў у сябра ніколі раней:
Знікае адзінае, што яшчэ маю, —
сядзіба радзінная над небакраем…
Куды я ступлю са світальнага ганку,
калі ты забрала з сабой калыханку,
дзяцінства грыбное, пякучыя росы, слядок мой, безабаронны і босы?
Ды ўжо сам зварот да непазбыўнага, самага святога хіба не здольны мацаваць дух, асушваць чуллівую слязу? Яно ж было. Яно і ёсць — у сэрцы і памяці.
Міколаў бацька быў працаўніком завода, балазе вёска Пугачова лічылася прыгарадам Брэста, а неўзабаве ягонай “задымленай вуліцай з імем Суворава стала”. Зацяты руплівец і маўчун, бацька мала ўмешваўся ў сынаву школьную вучобу ды ў ягоныя захапленні. “Папраўлялі” іншыя, не менш зычлівыя людзі. “Пішы па-беларуску”, — параіў пачаткоўцу добры знаёмы, пасля і сябар, рускі паэт Дзмітрый Васільеў. Намацваў Мікола свае нацыянальныя карані і самастойна — праз “ліцвінства” тутэйшых жыхароў, праз непаўторную прыроду, урокі, няхай і рэдкія, беларускасці ў школе, нарэшце праз сваю генетычную повязь. Ягоны дзед Ілья (Гальяш) са Слонімшчыны слыў майстрам не толькі пілы і сякеры, з якімі хадзіў у заробкі, але і скрыпкі. Не адзін верш прысвяціў яму ўнук-паэт. Менавіта такім вершам адкрываецца першы самастойны зборнік М. Пракаповіча “Неад’емнае” (1982):
Здаваўся бязважкім кляновы смычок
Натруджаным пальцам ягоным,
А скрыпку лагодна прымала плячо,
І хата сціхала ўтрапёна.
Рыхтык малюнак з майго маленства! Скрыпка была адна на ўсю вялікую вёску і рэдка паяўлялася на вяселлях. Калі ж уключалася ў невялічкі аркестр, дык рабілася галоўнаю, засланяла і гармонік, і бубен. Зачароўваў усіх шчымлівы напеў, што зыходзіў, здавалася, з самой музыкавай душы, заўсёды з адценнем журбы, нават калі гучала бадзёрая мелодыя для скокаў. Ці не перш за ўсё яна, скрыпка, увасабленне-сімвал і музыкі, і паэзіі, і мастацтва наогул?..
Гэтае, суб’ектыўнае, успрыманне пераношу на блізкую мне паэзію майго сябра. Так, у вершах Міколы Пракаповіча гучаць “эпічныя” дуда і ліра, зазыўная труба і вячысты звон, аднак яны чаргуюцца, а мінорны голас скрыпкі чуецца найчасцей, водгук яго ўлоўліваеш і ў інтымнай лірыцы, і ў творах грамадзянскіх, публіцыстычных. Яскравы кантрапункт, напрыклад, у такіх радках: “Ты апошні ў мяне – не знікай, астравок неспаганенай веры!” — і тут жа: “Быццам выйшаў адзін з цягніка часам золкім і шэрым”.
Зрэшты, прыведзеныя радкі – з верша ўжо сталага паэта, аўтара зборніка з характэрнаю назваю “Мяжа надзеі” (1993), услед за якім паплылі матывы і зусім элегічныя, са скрыпкаю, што не спявае, а толькі “роспачная ўздыхае і слухае”. У гады ж, калі ствараліся “Неад’емнае” і “На кругі свае” (1986), ні час, ні свет, ні будучыня не здаваліся шэрымі, святло пераважала над ценямі, смутак быў у тым, што мы называем вядомым аксюмаранам “светлы сум” або, як М. Пракаповіч, “белай журбою”. Гэта былі гады маладосці, кахання, рамантыкі, якая ў студэнцтве паклікала паэта на сопкі ў Сібір, а пасля філфака брэсцкага педінстытута — углыб Палесся.
Настаўнічанне ў палескай глыбінцы, потым працяглая, аж дагэтуль, журналісцкая праца, пазнанне самабытнасці краю ў людзях, у прыродзе, сярод якой жывуць, у іх гісторыі і культуры моцна паўплывалі на творчасць паэта, узбуйнілі і паглыбілі яе. Найперш — духоўна ўзбагацілі самога аўтара. Таленавітасць народа не цуд, а неад’емная рыса, што складвалася і развівалася цягам многіх стагоддзяў, народнае мастацтва – яе праяўленне ў людзях найбольш здольных.Тое самае і з азначэннем паэзіі, калі без ідэалізацыі: гэта адна з формаў выказвання творчай асобы. Які ты ёсць у сваёй чалавечай сутнасці, такая твая паэзія. Ні больш, ні менш:
Язычнік я. Другой не маю веры.
І, заварожаны, гляджу,
Як тонкае лязо аеру
Блішчыць у кропельках дажджу…
…Тут шчырым быць я не баюся.
І як далёкі прашчур мой,
Я зноў надоўга застаюся
Сам-насам з небам і зямлёй.
Сёння язычніцтва, або паганства, з ягоным культам прыроды не рэлігійная вера, не светапогляд, аднак жа вялізны жыццядайны пласт мінуўшчыны, у якім нарадзілася столькі цудоўных вобразаў міфалогіі і фальклору, адкуль яны перайшлі ў прафесійную літаратуру і дасюль сілкуюць яе сюжэтамі, метафарамі і г.д. І калі сучасныя паэты, у тым ліку М. Пракаповіч, не цураюцца біблейскіх матываў, дык “індустрыяльнай” паэзіі ў нас так і няма, як бы ў нядаўнім мінулым ідэолагі ні заклікалі творцаў ісці ў нагу з “жалезным поступам сацыялізму”. Куды прывёў гэты поступ, мы добра ведаем… На бяздумную ды бяздушную меліярацыю, як і на чарнобыльскую бяду, берасцейскі паэт адгукнуўся адным з першых, і адразу ж трывога за будучыню роднай, такой любай яму зямлі стала скразною ў ягоных вершах і паэмах. Яна яшчэ больш абвастрыла погляд паэта-патрыёта на гістарычны лёс народа, на незлічоныя і шматгранныя праблемы сучаснасці. Добра, заўважу пры гэтым, што не ўмясцілася яна ў пракруставым горне публіцыстыкі, не шуганула толькі адкрытым, хай і палымяным, словам. Як лірык, М. Пракаповіч заўсёды дбаў пра глыбіню, вобразнасць і душэўнасць сваіх твораў, таму кранаюць сэрца чытача, напрыклад, паэма “Неад’емнае” са славутымі маналогамі, “Казкай пра чорта” ды іншымі раздзеламі, паэма “На кругі свае” з трапяткім вобразам белай птушкі — пракаветнага духу Айчыны, змястоўныя баладныя цыклы гістарычнай тэматыкі, многія самабытныя вершы пра мову, тую самую “старую, якая не хоча паміраць” (Н. Гілевіч). Ніхто, здаецца, так па-сучаснаму і так “па-свойму” не пісаў пра стаўленне да роднай мовы сённяшніх маладых спажыўцоў-пустадомкаў:
…І папыліць у горад,
між кумпякоў і бульбы, —
мазолістых рук набыткам, —
у торбах, у сумках модных,
каторы ўжо раз забытая
мова мая — боль мой.
А побач нараджаліся ўсё новыя вершы пра вернасць і нявернасць у сяброўстве, каханні, лірычныя або іранічныя замалёўкі… Вельмі шкада, вядома, што апошнім і немалым ужо часам ліра (скрыпка) М. Пракаповіча маўчыць ці зрэдзь апрабоўвае струны. Скончылася “мяжа надзеі” на адраджэнне Айчыны і духу народа? Або на шчодрасць сваіх лістападаў? І ўсё ж гэта не азначае, што схаладнела душа. Яна, цёплая і жывая, шчыміць адзінотаю і, як раней, цягнецца да палескай прыроды, астраўкі якой дзе-нідзе захаваліся, да мудрых і творчых людзей Палесся, хоць іх, на жаль, таксама ўсё менш, да нездрадлівых сяброў і сваіх вучняў-паслядоўнікаў, нарэшце да Слова — уласнага тэлеэфірнага і пісанага іншымі ў кніжках.
Алесь КАСКО
Ответить