Найбольш прываблівае і нават бярэ ў палон дбайнасць, з якою аўтар вырабіў сваю малафарматку. Трохрадкоўі выштукаваныя, анічога выпадковага a-ля “можа быць, а можа і не быць”. І да кожнага, — так, да кожнага! — тэкста падабраныя сэнсава роднасны мастацкі малюнак, графіка або нават аллейная карцінка такога самага малога фармату, які маюць вершы хайку, або хоку.
Дык што, “Амяльчук напісаў небеларускія вершы? ” Гэта і так, і не так.
Не так. “О, суседзкі двор!\\ Там зусім па-іншаму\\ Заходзіць сонца”.
Гэта ж, на падножным матэрыяле, высокі патрыятызм, а ён не можа быць іншым за беларускі.
Або вось гэта. “Пяцьдзясят гадоў.\\Пяцьдзясят на пяцьдзясят. \\ Палова? Мякі…”
Гэтая шарада толькі для знаўцаў мовы, якія мысляць гульнямоўна. Бо недапісанае “мякіна” ёсць сінонімам другога значэння слова “палова” (рэдкаўжывальнае, дарэчы, — у сэнсе: “полая ад зерня маса, збожжавая труха”). Але мог і памыліцца ў разуменні.
Выглядае па-майстэрску, калі аўтар, аперуючы амаль найменшым моўным мінімумам (менш — гэта пакуль толькі да Алеся Разанава), выклікае належны для хайку аб’ёмны план асацыяцый, спёрты на штатны процілеглы па сэнсу першай частцы другі полюс верша. У футболе гэта называецца “абвесці ўсю каманду на насоўцы”; у хакеі гэтая насоўка нават акрэсленая і называецца “пятачок”, — дык вось, выдае на тое, што наш зямляк ў сваіх хайку выкваліфікаваўся ў добрага майстра паэтычнага такога “хакею”, ці як гэта назваць. Кожны раз новымі сродкамі — а інакш няма паэзіі — стварае браму, “пятачок” перад ёй, нейкім новым фінтом распраўляецца з тэмай, і мы разумеем — зноў гол і зноў прыгожы, прыгажэнны, а бываюць і шалёна прыгожыя.
Сярод іх чытача новай кніжкі Сяргея Амяльчука чакае і прыемная, пасля бясполай савбеллітры, знаходка — эратычныя хоку. “Ува мне — праца, \\ А ў табе — асалода.\\ Не разьмінуцца!”
Наогул, жанчыны ну надта не пашкадуюць, прачытаўшы філігранку Амяльчука — падкрэслю — да канца. Бо яны… ну, самі даведаецеся.
Ёсць у новай кніжыцы Амяльчука і хайку з частковым або поўным выхадам за беларускае поле: “Берасьце ў фарбах\\ Садоў. На поўначы – сьнег.\\ Не інакш Фудзі”. Або: “На Санта Крочэ\\ Кенатаф адзін пусты:\\ Дантэ шчэ жыве.”
Але па-мойму, найбольш небеларускае вось што. Адна мая знаёмая, якую надта паважаю, заўважыла неяк, што беларусы прызвычаіліся амаль усё рабіць, як быццам гной на воз накідаюць. “Давай, давай налягай…Хутчэй! Паехалі!”. Гэта значыць: у працалюбстве адмовіць нельга, нават ва ўлегласці ў працу, але … Гляньце: у паэзіі гэтая мерка хіба не спрацоўвае? Пішуць многа, вершы вялікія, кнігі перагружаныя, бы той воз, рэдактура (скіданне з возу лішняга) слабая. А вось гэтая кніжыца…
Ёсць у мяне кніжкі-малюткі з дзве запалкавых каробкі велічынёй. “У вянок Адаму Міцкевічу”, AVE MARIA (Максім Танк), Кандрат Крапіва… Цяпер да іх пакладу кніжыцу Сяргея Амяльчука. Не па прыкмеце фармату. Па прыкмеце “вялікае ў малым”.
Ответить