Сёлета “Бардаўская восень” прайшла ўжо 20-ы раз. Звычайна фестываль утрымлівае конкурсную праграму для маладых выканаўцаў і святочны канцэрт з удзелам вопытных аўтараў. Гэтым разам конкурс адмянялі, цалкам аддаўшыся ўспамінам.
У першы дзень фестывалю ў Бельску Падлляшскім выступілі такія легенды бардаўскага жанру як Кася Камоцкая, Алесь Камоцкі, Віктар Шалкевіч, Алег Кабзар. З імі раздзялілі сцэну малавядомыя ў Беларусі Альжбета Бэзюк і гурт “Белы сон”, а таксама Дарафей Фіёнік, якога мы тут добра ведаем як фалькларыста, але нават не здагадваемся, што некалі ён спяваў песні на вершы класікаў. Добрая палова з пералічаных выступоўцаў даўно не выступае і зрабіла выключэнне толькі з нагоды юбілею фестывалю.
На другі дзень “Бардаўскай восені” таксама настальгавалі, але ўжо не так глыбока – спявалі адносна нядаўнія пераможцы Тамаш Суліма, Bosae Sonca, Re1ikt, Яўген Барышнікаў, гурт “Гэліса”, апошні пераможца фестывалю гурт “Нельга забыць” і ўсеагульна вядомы Зміцер Вайцюшкевіч са сваім аркестрам “Усход-Захад”.
На трэці дзень юбілейныя ўрачыстасці пераехалі ў сталіцу Падляшскага ваяводства – Беласток, каб у новым будынку оперы сумясціць выступы розных пакаленняў “Бардаўскай восені”. Равесніца фестывалю Паліна Рэспубліка суседнічала ў выступе з Алесем Камоцкім, а патрыярх падляшскай беларускамоўнай песні “Белы сон” – з адносна маладым гуртом Ilo&friends, які зусім нядаўна наводзіў масты з берасцейскай публікай на фестывалі Men’s Fest.
Ужо па складзе юбілейнай праграмы бачна, што арганізатары хацелі згарманізаваць усё, што можна. З аднаго боку – розныя пакаленні выканаўцаў, з другога боку – іх геаграфію. Ці атрымалася апошняе – факт спрэчны. Беласточчыну на сцэне прадстаўляла амаль столькі ж выканаўцаў, колькі і ўсю Беларусь, што міжволі пасадзейнічала таму, што на сцэне часам з’яўляліся слабаватыя для фестывалю такога ўзроўню выступоўцы. Але паколькі ўсе яны паходзяць з Беласточчыны, адкуль паходзіць і глядач “Бардаўскай восені”, то іх таксама цёпла сустракалі. І не думайце – не з-за местачковасці і банальнай ахвоты падтрымаць сваё, а проста таму, што кожны з гэтых выступоўцаў сапраўды шмат значыць у выспе пад назвай “Беларусы Падляшша”. Напрыклад, гурт “Гэліса” з прафесійнага гледзішча лепш не ацэньваць, затое ён цікавы як дэманстрацыя такой рэдкай з’явы, як беларускамоўная песня ў выкананні спаланізаванай моладзі.
У астатнім таксама ўсё зроблена для таго, каб “Бардаўскую восень” на Падляшшы і ў самім Беластоку чакалі – суправаджальныя канцэрты ў асноўных асяродках беларускай культуры, добрая прамоцыя, прамая трансляцыя на Радыё Рацыя, стыльны дызайн усіх фестывальных дробязяў за аўтарствам Міхала Анемпадыстава.
“Бардаўскай восені” не перашкаджае нават тое, што сама бардаўская песня паступова сыходзіць у нябыт. Фестываль навучыўся выкручвацца, і выкананне ўласнага верша пад гітару даўно перастала быць тут эталонам накірунку. На “Бардах” спяваюць гурты і сольныя выканаўцы, спяваюць акапэльна і пад цэлы аркестр інструментаў. Такая палітыка зрабіла сваю справу, таму перспектывы праіснаваць яшчэ 20 год у фестываля хутчэй ёсць, чым няма.
У рэшце рэшт, што мы тут, у Беларусі, будзем рабіць без “Бардаўскай восені”, гэтаксама, як і без “Басовішча”? Зусім страцім магчымасць паслухаць музыкаў з “чорных спісаў”. Але галоўнае – згубім гэтае адчуванне, калі не існуе межаў.
Ответить