“Бо я перакладаў у тым ліку класікаў венгерскай літаратуры. Некаторыя творы напісаныя на старавенгерскай мове, а ў яе свая спецыфіка”, — патлумачыў перакладчык. Венгерскую частку сваёй стостаронкавай кнігі “Такая тонкая размовы ніць” спадар Аляхновіч рабіў пад час стажыроўкі ў Будапешцкім універсітэце ўжо ладна часу таму назад. Уедлівы навуковец знайшоў у Венгрыі і пераклаў нават іхняга Коласа: праўда, не Якуба, а Ласла. Потым напісанае адлежвалася, шліфавалася, перапісвалася, — часам па некалькі разоў.
Са студэнтамі, калегамі і гасцямі ў Цэнтры імя Калесніка, што пры філфаку мясцовага ўніверсітэта, аўтар падзяліўся нявер’ем у дакладнасць слова “пераклад” (“перанос, нават пераўвасабленне — так бы вызначыў гэтую працу”). І пацвердзіў, апіраючыся на досвед з Будапешта: “Венгерская, або вугорская мова — гэта зусім іншы лад, бо належыць да фіна-вугорскай групы моў. Там няма прыназоўнікаў, да словаў ззаду прыстаўляюцца часцінкі-значэнні. Націск зусім іншы, гучанне абрывістае — як мне ўдалося захаваць памер арыгіналу, сам не ведаю”.
У адрозненне ад беларускіх савецкіх пісьменнікаў, якія падвізаліся ў якасці перакладчыкаў, амаль пагалоўна не ведаючы замежных моў, — перакладалі з рускага перакладу, — спадар Аляхновіч мовы, з якіх пераўвасабляў вершы, ведае. Тамму ганарова надрукаваў у кнізе і белтэкст, і арыгінал. І мог з лёгкім сэрцам і заслужанай гордасцю чытаць аўдыторыі абрывістыя вугорскія словы. “Арыгіналы ў сваю кніжку ўлучыў адмыслова, каб яна змагла быць дапаможнікам для студэнтаў-філолагаў новага часу па тэорыі перакладу”, — падкрэсліў Мікола Аляхновіч.
Чытачоў газеты венгерскім тэкстам крыўдзіць не буду, зразумела. Але адзін з перакладаў не паўстрымаюся, каб не працытаваць.
Чорны раяль
Дзіва з дзіў інструмент: плача, ржэ і гудзе —
Захмялее любы без віна.
Гэта чорны раяль.
Апантана маэстра сляпы да жыцця
Вырывае мелодыю з небыцця.
Гэта чорны раяль.
Галава аж гудзе, поўна слёз у вачах,
Развітальны жаданняў баль.
Гэта ўсё, гэта ўсё — той раяль.
Сэрца дзіўнага, хмельнага кроў
Льецца ў рытмах яго зноў і зноў.
Гэта чорны гучыць раяль.
Вялікае ўражанне на аўтара зрабілі чытанні яго перакладаў у Будапешце. “Чалавек запрасіў у такі літаратурны салон. У яго доме вялікі пакой, туды збіраюцца перыядычна людзі. Праз аб’явы ва ўніверсітэце, проста адзін ад аднаго перадаюць інфармацыю. Дык прыйшлі студэнты-філолагі, проста заангажаваныя ў культуру людзі. Слухалі мяне дзве гадзіны, хоць беларускую мову перакладу ніхто не разумее. Слухалі мелодыю слоў, задавалі пытанні… У нас такое…”.
У кнізе Аляхновіча знайшлося месца таксама ўкраінскім, польскім і расійскім вершам, — з арыгіналамі inclusive. Падбор стракаты. Як сказаў аўтар: “Ніколі не перакладаў, што не падабалася”. Так што выйшаў прынцып музычнай складанкі. А яна, як вядома, мае той плюс, што ўлучаныя спрэс хіты (з меркавання ўкладальніка). Затое вялікі стылёвы разнабой. А вось альбомы дык, пры іх аднастылёвасці, як правіла, улучаюць рэчы эксперыментальныя. Таму ў рарытэтнай кнізе (наклад 50 асобнікаў, бо друкавалася на аўтарскія грошы), знойдзеце такі хіт, як праграмны верш Фёдара Цютчава. Над ім перакладчык шчыраваў асабліва доўга. Прывяду першы слупок і арыгінала, і пераўвасаблення:
Над этой темною толпою Ці ўбачыш ты калі, натоўп,
Непробужденного народа Што хоча спраўдзіцца народам,
Взойдешь ли ты когда, Свобода, Прамень іскрыстае Свабоды?
Блеснет ли луч твой золотой? Ці блісне ён праз тло гадоў?
Як кажуць, без каментарыяў…
Яўген БЯЛАСІН
Ответить