…І загасла “Чырвоная зорка”
Паехаў у Лелікава, да беларуска-украінскага памежжа, бо часам хочацца падацца куды-небудзь на край. Каб зразумець, што адбываецца.
Вёска у 30-ці з невялікім кіламетрах ад Кобрына. Па дарозе праехаў мястэчка Дзівін. Не ўтрымаўся, спыніўся, распытаўся, чаму дзве царквы зусім блізенька адна ад адной стаяць. Версія мясцовых: “Дык гэта ж ядро старога горада. Мы калісьці Магдэбургскае права мелі”. Пазасталыя 7 кіламетраў ехаў пад уражаннем ад гэтага.
“Лэлэка” гэта па-украінску наш “бусел”. Іх тут багата. Нават шыльду на ўездзе ў вёску трымаюць два буслы. Сустрэў мяне ў цэнтры, каля крамы, нейкі дзяцюк няпэўнага ўзросту. Папрасіў “на ма-ло-за-нае”. З мімікі, жэстаў зразумеў: вясковы паўдурак. Што дзіўнага? Амаль у кожнай вёсцы яны ёсць. Спачатку падумаў: дрэнны знак. А потым перанастроіўся. Бо куды гэтым нябогім падзецца? Хіба што калі прыхаваная форма, то… Як выключэнне можа з тузін такіх па краіне з родных месц ад’ехала. А так… Выедзе хто заўгодна, а яны на тату-маму як на цвічок павешаныя. І пры бязлюддзі выходзяць на пярэдні план.
Яшчэ насупраць крамы кінуўся ў вочы нерабочы будынак былой канторы калгаса. “Чырвоная зорка” называўся, — патлумачыла жанчына, злазячы з “Аиста” вытворчасці мінскага велазавода. — Далучылі да дзівінскага. Цяпер там кантора. Некаторых адсюль у Дзівін на працу возяць. А я дык на пенсіі”.
Яшчэ ў вёсцы ёсць пошта і ФАП. Некалькі рабочых месцаў. Выходзіць, найбольш іх дае школа.
Найбольшае прадпрыемства
Дырэктарка Таццяна Сакадын пацвердзіла маю здагадку. “І зарабляюць настаўнікі тут няблага. Некаторыя дык і зусім добра. Бо можна гадзін узяць, розныя прадметы. Беларуская, руская мовы, да прыкладу. Нямецкая мова – тры гадзіны на тыдзень. Або матэматычны цыкл. І фізрук у штаце малады, трэці год працуе, сыходзіць не хоча”.
Калі ішоў сюды ад крамы, звярнуў увагу на слуп з буслянкай перад школай. Пра тое, чаму “Лелікава”, дырэктарка мне па палічках расклала, бо сама тут нарадзілася: “Буслоў тых, “лэлэкаў”, штогод большае. Да Украіны ад нас — 3 кіламетры. Жонкі ў многіх з украінскіх вёсак”.
Дык ці годзяць буслы школе? Ці носяць дзяцей?
“Перспектывы, калі шчыра сказаць, не радуюць, — сказала дырэктарка. — 65 вучняў у нас. І ёсць тэндэнцыя да памяншэння. Пару гадоў таму было за 100, але шматдзетныя сем’і атрымалі крэдыты і выехалі ў горад. Першыя класы пакуль набіраем, а там… Цяпер маем не больш за 10 чалавек у класе. У першым класе 6, у шостым — 7, у сёмым — 6, у восьмым — тры чалавечкі… Налета 5 вучняў набіраем. Калі апусцімся ніжэй за 50 па колькасці, можа быць з намі тое, што са школай у аграгарадку Оса. Гэта таксама дзівінская зона. Дык там толькі базавая школа цяпер. А можа, і захаваем статус, калі далучаць да нас дзіцячы садок”.
Таццяна Мікалаеўна паказвае крыло двухпавярховага будынка, дзе хоць заўтра можна размясціць дзіцячы садок. Не дзіва: праект прадугледжвае дзве з паловай сотні вучняў.
Школа мае статус беларускай. Надпісы, праўда, спрэс па-руску. Але не магу не верыць: “Прадметы выкладаюцца на беларускай мове”. Ёсць і іншыя статуснасці. Дырэктарка паказвае мне музей — “Беларускую хатку”. Яна з палескім каларытам. Рабіў ураджэнец Лелікава, які працуе тут пасля вучобы ў Брэсце. “Сёлета двое нашых паступілі на гістарычны факультэт у Брэст, на бюджэт. Змог іх заахвоціць наш гісторык”, — плюсуе Таццяна Сакадын.
Падарожныя думкі
Па дарозе ў Брэст згадваю сваю родную школу, якая адзначыла 100-гадовы юбілей і налета зачынілася. Потым думка пераскоквае на ўражанне гэтай восені: некалькі дзясяткаў маладых туркменаў сядзяць ў адной з аўдыторый філалагічнага факультэта ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна на ўроку рускай мовы. А яшчэ – дзясятак руплівых кітайцаў ля раскладу на факультэце замежных моў. Агулам ва ўніверсітэце навучаюцца 434 замежнікі, збольшага туркмены.
Выплываюць перад унутраным вокам лічбы з прачытанай нядаўна параённай статыстыкі. Драгічынскі раён: з студзеня па верасень нарадзілася 314 чалавек, памёрла — 507. Пружанскі раён: за студзень–кастрычнік нарадзілася 473, а памерла 738. Дзе-нідзе лічбы трохі лепшыя. Акурат у Кобрынскім раёне, якім еду. Паводле даступнай статыстыкі, за студзень-красавік (за чатыры месяцы) тут нарадзілася 397, а памерла 400 чалавек. Пэўна, Кобрын выцягвае.
Што з намі будзе праз 5–10 гадоў? І чаму мы не пайшлі ўслед за немцамі? У тых аформілася некалькімільённая група так званых “ківачоў” — яны жывуць у вёсках і мястэчках, а “ківаюцца” на працу ў гарады. Жывуць, бо немцы выканалі адзін з запаветаў савецкага Кодэкса будаўніка камунізму – выраўнялі ўзровень жыцця паміж горадам і вёскай. Ды і не “ківачом” можна ў нямецкай “глыбінцы” жыць, таму што мясцовая ўлада рупіцца, як заахвоціць інвестараў, каб стваралі працоўныя месцы.
Вось Столінскі раён. Баланс нараджэнняў і смерцяў, як і на Кобрыншчыне — амаль нулявы. Але сёлета адтуль за дзевяць месяцаў “эмігрыравалі” 1143 чалавекі. Праўда, прыехалі каля 700. Цікава, хто прыехаў. Але пра гэта статыстыка маўчыць.
Страшна ўцяміць, але і з улікам гарадоў, нас меншае штогод… Эк-ка нас перакасабочыла… Як бы тых буслоў хоць куды залучыць, і каб не чужых…
Яўген БЯЛАСІН (фота аўтара)
Ответить