Конкурс “Дэбют” штогод праходзіць пры арганізацыі адзінай беларускамоўнай газеты ў Беластоку “Ніва” і Саюза беларусаў Польшчы. Літаратурныя працы на яго дасылаюць не толькі вучні гэтак званых беларускіх класаў (усё навучанне там вядзецца па-польску, але ў праграме ёсць таксама беларуская мова і літаратура), але і старэйшыя людзі. Сёлета, калі падводзілі вынікі 16-га па ліку “Дэбюту” давялося, напрыклад, пачуць такі дыялог:
− Міра, а хіба тая жанчына старэйшая за мяне?
− Так, яна з 1936 года.
− Ну вось… А я думаў, што я тут найстарэйшы.
Мужчыне, які прэтэндаваў на найстарэйшасць, таксама год не так і мала – 72, піша на конкурс рэгулярна, як кажа згаданая Міра. Гэта душа конкурса, паэтка і карэспандэнт “Нівы” Міра Лукша.
У старэйшай катэгорыі ўдзельнікаў конкурса ёсць і настаўнікі, якія выкладалі беларускую мову ў школах. Мова іх твораў часта мяшаецца з польскай – ад гэтага тут, на жаль, нікуды не схавацца. Старэйшае пакаленне ведае мову яшчэ больш-менш, а вось моладзь мае сапраўдныя праблемы. Некаторыя спачатку пішуць па-польску, а пасля перакладаюць твор на беларускую спецыяльна дзеля конкурса. Выйграць у конкурсе “Дэбют” дастаткова прэстыжна і прыемна – усе творы друкуюцца ў “Ніве”, а іх аўтары атрымліваюць падарункі, у тым ліку кніжныя, прывезеныя з Беларусі.
Мэта конкурса відавочная – прыцягнуць у беларускую літаратуру Беласточчыны новых дзейных асоб. Бо хоць дыяспара і без таго мае вядомыя на ўвесь літаратурны свет імёны тыпу Надзеі Артымовіч, Міхала Андрасюка і іншых, не дбаць пра будучыню ва ўмовах паскоранай асіміляцыі было б самазабойствам.
− Калі з тых, каго мы сёлета ўзнагароджваем, хоць нехта адзін застанецца ў беларускай літаратуры, то мы ўжо будзем шчаслівыя, — гаворыць старшыня Саюза беларусаў Польшчы і галоўны рэдактар “Нівы” Яўген Вапа.
Вынікам папярэдніх конкурсаў з’яўляецца тое, што тры “дэбютанты” цяпер з’яўляюцца сябрамі літаратурнага аб’яднання “Белавежа” на чале з прафесарам Янам Чыквінам.
Звычайна “Дэбют” па часе прымыкае да іншай імпрэзы – літаратурнага семінара “Бязмежжа”, у якім нязменна ўдзельнічаюць як мясцовыя пісьменнікі, так і літаратары з нашага боку мяжы. Зроблена гэта для таго, каб беларускія пісьменнікі маглі папрысутнічаць на ўзнагароджанні пераможцаў конкурса і натхніць іх такім чынам на працяг творчай дзейнасці. Гэтым разам, праўда, рэзідэнты Беларусі раней паехалі займаць доўгую чаргу на мяжы, таму натхніць нікога не паспелі.
Затое функцыю не толькі натхнення, але і перасцярогі выканаў Ян Чыквін, які ў сваім звароце да маладых “дэбютантаў” сказаў: “Нацыя жыве ў культуры. Не старайцеся перабегчы ў іншыя нацыі, бо ім таго не трэба”.
Беларускія праблемы, аказваецца, не маюць дзяржаўных межаў.
0 комментариев
Цапков Валерий
03.04.2014 в 12:49