Таго, што здольны вырабляць Цыклёп…
Ў. Г. Одэн, “Жнівень 1968-га”
Што ж, вось яна, падзея нашых жыцьцяў,
дзеля якой мы зроджаны бацькамі,
«апошні бой» з «Інтэрнацыяналу»,
які мы так бясконца адкладалі,
што пра яго забыліся памалу
і толькі ў нырках прыхавалі камень,
і вось глядзім аднекуль з-за мяжы ці
з фэйсбуку на забітых на Майдане.
Імпэрыя вяртае ўдар, з разьлікам,
нанесены яшчэ пры нас, пры сьведках.
Вяртае ўласна з самых дзевяностых
палёніем, напалмам, нафтай, газам –
так Гулівэр, усёй малечы пострах,
на нейкі час утаймаваны сеткай,
зноў паўстае, зноў чуецца вялікім,
і топча ўсіх – як ураздроб, так разам.
Ягоная любоў да чалавецтва
абстрактная й ня тычыць маларослых.
Той нос казыча, іншы лезе ў дупу
бяз мыла – хай гуляюць, ды ня цьвеляць.
Усякія чухонцы, маларосы –
ён іх глыне, як муху ў лыжцы супу!
Хіба ёй адарваць галоўку – зьверства?
Нашто лічыць забітых – гэта ж «челядь».
Шрыфт іхных кніг – ну нейкі надта дробны,
і песьні іх катуюць вушы піскам…
Жыве аднабаковае братэрства!
Што Аляксандру да «брехни Тараса»?
А ліліпуты – шчэ і русафобы,
з акцэнтам дзікім, інтэлектам нізкім,
і множацца па целе, як зараза!
І тайна практыкуюць людажэрства!
…Лепшыя з нас – у гэтай бітве самі.
Астатнія глядзяць алімпіяду
і хаваюць, што насэрвіравана –
у Кіеве ж ваююць не за Прагу,
адно хіба тутэйшаму зладзюгу
трагедыя – нагода для піяру.
Дзе зброяй бразгаюць, дзе – мэдалямі.
На кожным, кроўю: “За разгон Майдана”.
Не, не Майдан – апошні Рым праводзіць
глухую кругавую абарону,
то бок у іхным разуменьні – наступ,
загульвае з вайной, любімай цацкай,
размахвае нагайкаю казацкай,
дрыжыць, як цюцька, за сваю карону
«вора в законе», нафтасмокаў касту,
пра свой разгром фальшуючы аповесьць.
…Ах, сорамна пісаць такія вершы!
Забойствы – ну хіба гэта нагода?
Дзе ж густ мастацкі, ці хоць аб’ектыўнасьць?
У вас казаць за ўсіх – правы якія?
Зірні з акна, шаноўны аднагодак:
навокал, дастаткова вокам кінуць,
ня люты – жнівень, дзевяноста першы,
Парыж і пляц Бастыліі, ня Кіеў.
19-20.02.2014, Прага.
Ответить