Напачатку, вядома, пра гатовыя прадукты.
Паэт Анатоль Дэбіш пасля 20-гадовага маўчання выдаў 220-старонкавую кнігу з фаўстаўскім назовам “Зірні ў люстэрка”. Акрамя вершаў, у кнізе містэрыя “Уваскрэсенне Іуды”. Кніжка чакана адметная. Аўтар аддаў нейкую даніну лірыцы, але ў кнізе больш жорсткіх такіх вершаў-назіранняў, вершаў-рэфлексій. Яны вянчаюцца вершаванай п’есай, якая, на маё перакананне, будзе нялёгкім заданнем для рэжысёраў.
Як зацеміў на прэзентацыі ў пятніцу 28 лютага вядучы Алесь Каско, Анатоль у параўнанні са старэйшым за яго на паўгадзіны братам Васілём больш філасафічны паэт, – эпік. Усчалася нават невялічкая дыскусія з цытаваннем дваццацігадовай даўніны, выходзіць, верша Анатоля Дэбіша пра дажджавога чарвяка, які капае агарод. Сышліся на тым, што верш класічны і нават дзесьці беларускі народны, калі ўжо йдзецца пра ўскопванне градаў і спадарожныя акалічнасці, і яго цытуюць на памяць.
Са свайго боку, не адмяжоўваючыся, бо сам адтуль родам, заўважу: нешта свіслацкія (са Свіслацкага раёна) звышсціплыя. Аж да знікомага. Напісаў жа філосаф Валянцін Акудовіч эсэ “Мяне няма”. І нават літаратурную прэмію за яго атрымаў. Вось і Анатоль Дэбіш туды сама:
Мяне няма… Не існуе.\\ Я толькі сцень, нябачны зроку. \\ Ужо даўно сляды мае \\ Змыў дождж…\\ Не будзяць рэха крокі.
Ці то гэта ад таго, што згаданы раён мае сціплы індэкс развіцця (на 108-м месцы ў краіне за мінулы год, паводле статыстыкі), ці то ціхае пераседжванне сапраўды “мае месца быць” як архетыпная рыса беларусаў…
Але бачылася, вычувалася і іншае. Перачытваючы кнігу Анатоля Дэбіша дома ўжо, некалькі разоў лавіў сябе на думцы, што мабыць неяк так напісаў бы Максім Багдановіч, каб пажыў больш за свой кароткі век.
Варта адзначыць і прыстойнае графічнае афармленне кнігі, выдадзенай пры падтрымцы Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Прэзентацыя прайшла ў люксавай, не пабаюся сказаць, зале гарадской бібліятэкі імя Пушкіна (гэта на бульвары Шаўчэнкі, не блытаць з дзіцячай непадалёку).
А ўжо праз якую гадзіну ў другім канцы горада, у грэка-каталіцкай царкве на вуліцы Дворнікава, зусім іншая публіка слухала выдаўцоў гістарычна-культурніцкага часопіса “АРХЭ”. Пад’ехаўшы, на афішы пабачыў, што будзе Алесь Пашкевіч. Вось, падумалася, маторны чалавек. Намеснік старшыні СБП, толькі што выступаў там…
Гісторык Пашкевіч прэзентуе Палескі нумар “АРХЭ”
Але аказалася, што Алесь Пашкевіч ад “АРХЭ” — гэта іншы чалавек, дыпламаваны гісторык з абароненай дысертацыяй, наш зямляк са Століншчыны. Разам з рэдактарам Валерам Булгакавым ён прадставіў прысутным Палескі нумар часопіса, у якім ён з’яўляецца адным з асноўных аўтараў.
Цікаўныя не памясціліся ў малой зале, так што размаўлялі там, дзе ідзе казань. Прысутныя даведаліся, што гэта ўжо другі нумар, прысвечаны Палессю. Мяркую, што зраблю правільна, калі скажу яшчэ тры рэчы. Першая: на гэты часопіс, які часта прыводзіць унікальныя звесткі, можна падпісацца. Другая: ён ёсць у сеціве. Трэцяя: наш горад, як заўважылі госці, “пераўзыйшоў Гродна па колькасці выніковых наведнікаў”.
Леанід Несцярчук распавядае пра дакумент з Італіі
Гэтыя дзве прэзентацыі былі падобныя яшчэ ў адным кампаненце: і тут і там была песенная частка. Песні на словы Анатоля Дэбіша a capello выканала адна з аматарак ягонай творчасці, а ў царкве дзве прыхаджанкі заспявалі “для разагрэву” народныя песні. Гэта добры еўрапейскі знак.
На палову прэзентацыі замахнуўся і аўтар гэтага артыкула. Пасля выступу каманды “АРХЭ” я коратка прадставіў прысутным свой 40-старонкавы пераклад падарожнага дзённіка нямецкага класіка Гайнрыха Гайнэ “Пра Польшчу”. Яго атрымалася выдаць літаральна нядаўна. Частка накладу з удзячнасцю была перададзена Ігару Бараноўскаму, рэдактару газеты “Царква”, які падрыхтаваў тэкст да друку гадоў з 15 таму назад. Тады нам не хапіла грошай на вокладку…
Так што месца, як кажуць, абавязвала не сыйсці моўчкі. Больш шырока хачу распавесці пра гэты мала знаны, але многа значны для гісторыі Беларусі твор нямецкага паэта крыху пазней.
І апошняя няхай не поўнамаштабная, але вартая згадкі падзея. У чацвер 27 лютага Леанід Несцярчук у абласной бібліятэцы паказаў прысутным некалькі дакументаў, прывезеных ім з архіваў Ватыкана, Фларэнцыі, Масквы і Пецярбурга. Даследчык рыхтуе чарговую манаграфію – і хоча выдаць яе налета, “прысвяціўшы сваё 70-годдзе 250-годдзю з дня народзінаў Агінскага”.
Нагадаем: Міхал Клеафас Агінскі, аўтар сусветна вядомых паланезаў, быў (прынамсі, лічыў сябе сам, як падкрэсліў Леанід Несцярчук) найперш палітыкам – паслом Сойму Рэчы Паспалітай, адной з важных асобаў паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Пазней атрымаў ад расійскага цара дараванне і шматлікія пасады. Дарэчы, быў расійскім сенатарам. Падаў цару праект аб узнаўленні Вялікага Княства Літоўскага. Паколькі яго дзейнасць на карысць радзімы не прынесла плёну, выехаў у эміграцыю. Ягоны 250-ы юбілей будзе святкавацца ў 2015 годзе.
У архіве Ватыкана Несцярчуку, з яго словаў, “пашчасціла знайсці хадайніцтва дзеда славутага палітыка і кампазітара Францішка Агінскага да Папы аб адкрыцці ў Мінску і Вільні езуіцкіх калегіумаў”. У Нацыянальным архіве ў Фларэнцыі знойдзены яшчэ не ўведзеныя ва ўжытак матэрыялы аб адпяванні і пахаванні Міхала Клеафаса Агінскага, у прыватнасці, картка-спавешчанне пра ягоную смерць, напісаная рукою ягонай дачкі. А ў Маскве знайшоўся ўнікальны асабісты архіў Агінскага, вывезены адсюль у свой час. “Там усё – і партсігары, і асабістыя карціны”, – спакусіў на рэстытуцыю Леанід Міхайлавіч.
Яўген БЯЛАСІН (фота аўтара)
Ответить