«ARCHE Пачатак» — беларускі незалежны навуковы, навукова-папулярны, грамадска-палітычны і літаратурна-мастацкі часопіс, у якім публікуюцца беларускія інтэлектуалы. Часопіс з’яўляецца адным з двух беларускіх выданняў, запрошаных у сетку еўрапейскіх інтэлектуальных часопісаў «Eurozine».
З прэзентацыяй музей-сядзібу «Пружанскі палацык» наведалі прадстаўнікі рэдакцыі часопіса «ARCHE». Уступнае слова ўзяў галоўны рэдактар часопіса – Валер Булгакаў. Ён распавёў пра руплівую працу над фарміраваннем часопіса і пазнаёміў прысутных са зместам апошніх нумароў.
Шэф-рэдактар – Аляксандр Пашкевіч прэзентаваў новы нумар «ARCHE»: Беларусь у цяні Палесся (№ 4 за 2013 год), прысвечаны гісторыі і культуры Палескага рэгіёна. Вышэй названы нумар працягвае традыцыю выдання тэматычных нумароў, прысвечаных гэтаму спецыфічнаму беларускаму рэгіёну. Аляксандр Пашкевіч пазнаёміў прысутных з артыкуламі, змешчанымі ў дадзеным нумары, і, таксама, звярнуў увагу на найбольш цікавыя моманты. Шэф-рэдактар не абыйшоў увагай і той факт, што ў дадзеным нумары быў надрукаваны яго артыкул, над якім ён дасканала працаваў апошнія гады.
Сярод матэрыялаў аб’ёмнага (640 старонак) нумара можна адзначыць наступныя: артыкул Аляксандра Пашкевіча «Нацыянальныя працэсы ў Палескім ваяводстве ў 1920-я гг. праз прызму вынікаў выбарчых кампаній у польскі парламент»; артыкул Андрэя Кіштымава «Рэчыцкі хранограф канца XVIII — пачатку ХХ ст.»; навукова-папулярнае даследаванне Валера Кісяля «Мястэчка Гарадная: ад майдэборыі да сельсавету»; грунтоўнае; пераклад на беларускую мову чарговай працы славутага польскага этнасацыёлага, міжваеннага даследчыка Палесся Юзафа Абрэмбскага «Сённяшнія людзі Палесся».
Але найбольшую зацікаўленасць у пружанскай аўдыторыі выклікала эканамічнае і сацыяльнае даследаванне Піліпа Засіма «Шані, вёска Пружанскага павета». Піліп Засім – ураджэнец в. Шані, які ў міжваенны час быў даволі прыкметнай асобай у палітыцы, журналістыцы і краязнаўстве Заходняй Беларусі. Яго навуковая праца адлюстроўвае ўсю палітру эканамічнага, сацыяльнага і культурнага жыцця палескай вёскі міжваеннага часу. Праца была напісана з выкарыстаннем не толькі матэрыялаў віленскіх архіваў, але і на аснове фактычнага матэрыялу, сабранага аўтарам непасрэдна ў роднай вёсцы.
Прадстаўленая друкаваная прадукцыя выклікала непадробную цікавасць у прысутных. Напрыканцы мерапрыемства прадстаўнікі рэдакцыі адказалі на шматлікія пытанні аўдыторыі. Пасля чаго ў кожнага жадаючага была магчымасць набыць любы нумар часопіса ў сваю бібліятэку.
Крысціна ГЛУШКО,
ст. навуковы супрацоўнік музея-сядзібы “Пружанскі палацык”
Ответить