Мяжа
Беларускія вёскі вельмі розныя: у кожнай свой выгляд, характар, свае легенды, забабоны і свае адносіны да чужых людзей. Калі вёска стаіць далёка ад шашы і звычайна ў яе заязджаюць толькі “дзеці з горада”, то пра вас будуць ведаць у кожнай хаце, нават калі вы паспелі пагутарыць толькі з адным чалавекам. На наступным парозе вам проста няма патрэбы называць сябе і казаць, навошта вы прыехалі.
А ля мяжы да чужынцаў ставяцца не толькі з цікаўнасцю, але і з асцярогай. Памежнікі, з якімі тубыльцы заўсёды ў добрых стасунках, ужо даўно завербавалі нават 100-гадовых бабуль у ахоўнікі непарушнасці дзяржаўных межаў. Ледзь падазроны індывід з’яўляецца на гарызонце, яны адразу набіраюць на памяць завучаны тэлефон часткі.
Вёска Б., якая на гэты раз з’яўляецца маёй мэтай, таксама прымежная.
Арыентацыя на мясцовасці
Еду з раніцы аўтобусам, каб увечары гэтым жа аўтобусам вярнуцца. Да патрэбнага прыпынку са мной даязджаюць некалькі чалавек. Хоць на іх тварах яўныя адзнакі злоўжывання алкаголем, а гэта, як вядома, заўсёды дэзарыентуе ў вызначэнні ўзросту, рызыкну сказаць, што ім каля 30. Жанчына, мужчына і з імі двое дзяцей малодшага школьнага ўзросту. З алкаголікаў вядома якія рэспандэнты, але для сучаснай вёскі гэта звычайныя персанажы, з якімі тым больш трэба лічыцца, калі населены пункт нешматлюдны.
А што Б. нешматлюдная, гэта мякка сказана. Ад парачкі даведваюся, што жыве тут усяго чалавек пяць. Жанчына з дзецьмі асядае ў адным з дамоў, а мужчына праводзіць мяне да маладзейшай з бабулек.
Баба Ліда – пенсіянерка, але яшчэ спраўная. Трымае карову і вялікую гаспадарку. У якасці мовы камунікацыі са мной выбірае рускую, хоць я ўсяляк схіляю яе да мясцовай. Баба Ліда гаворыць, што доўга жыла ў Расіі, вярнулася толькі перад распадам Саюза. Насамрэч гаварыць па-мясцоваму ўмее, але хоча стварыць уражанне адукаванай і дасведчанай. Дзеля гэтага яна распавядае і пра свой удзел у розных супрацьперабежчыцкіх акцыях, калі яна, дзякуючы сваёй пільнасці, перапыняла незаконны пераход мяжы шляхам званка на памежную заставу. Мясцовы каларыт – гэта заўсёды добра, таму я падбадзёрваю бабу Ліду да такіх гісторый.
Але затрымлівацца тут няма асаблівага рэзону. Спасцігнуць душу Б. з дапамогай бабы Ліды не вельмі ўдаецца. Не садзейнічае гэтаму ні яе псеўдаруская гаворка, ні той факт, што па прасторах Расіі яна ў значнай ступені растрэсла сваю мясцовую ідэнтычнасць. Сама баба Ліда накіроўвае мяне да сваёй 95-гадовай суседкі.
Вось тут адчуваю сябе, як дома. Шчырая, адкрытая бабулька па першым часе думае, што я нейкая яе далёкая сваячаніца. Намагаецца мяне пазнаць, але не можа, таму пасля пачастунку яблыкамі ўсё ж пытаецца, хто я. Спрошчана расказваю. Бабулька не вельмі разумее, але я ёй падабаюся, таму яна з энтузіязмам пачынае выведваць, дзе я жыву, ці замужам, ці ёсць дзеці, дае парады, як жыць з мужам мірна. Гэта звычайная працэдура. У вёсцы найчасцей так і адбываецца: перад тым, як ты паспяваеш задаць хоць адно пытанне па тэме, субяседнік ужо разведае пра цябе ўсё, што зможа. Правілы гульні, што пытанні задае толькі журналіст, тут не дзейнічаюць, але могуць быць змененыя. Калі ты шчыра расказаў усе падрабязнасці свайго сямейнага жыцця, то можаш прэтэндаваць на шчырасць у адказ.
Вось і баба Маня пачала гаварыць. Пакуль што не пра мінулае вёскі Б., а пра сваю суседку Ліду. Па версіі бабы Мані, яна мяне сплавіла, бо да яе ходзяць калгаснікі па самагонку. А навошта ёй сведкі? – рэзонна заўважае баба Маня.
“А хто яшчэ жыве ў Б.?” – імкнуся перавесці размову на патрэбную мне тэму. Баба Маня пачынае называць, але словам зачапляецца за свайго суседа-алкаголіка, з якім жыла яе дачка. Забыўшыся пра пералік вяскоўцаў, баба Маня пачынае пераказваць драматычную сямейную гісторыю, калі дачка ўзяла прымака, а той спіўся ды ператварыў хату ў прытон. У выніку дачка пераехала ў другую вёску, пакінуўшы былога каханка ў Б.
“А дзе вы працавалі раней?” – чарговы раз спрабую вывесці бабульку на расповед, які спатрэбіцца ў рэпартажы. Не пра сямейныя ж калізіі пасля людзям расказваць. Баба Маня часова забывае на дачку і суседа-алкаголіка і пачынае прыпамінаць, хто чым у Б. займаўся ў дасавецкі і савецкі час. Не паспяваю парадавацца гэтаму, як на двары чуюцца мужчынскія галасы, якія неўзабаве гучаць у сенцах. У адчыненых дзвярах з’яўляюцца дзве постаці – мой праваднік з аўтобуса, Воўчык, і сусед, пра якога так шмат распавядала баба Маня, – Коля.
Кавалеры
Ад хлопцаў рэзка цягне гарэлкай, і яны хіхікаюць з выключна ім самім зразумелых жартаў. Відаць, Воўчык пасля таго, як адвёў мяне да бабы Ліды, дадому не вяртаўся.
Коля высвятляе маю асобу, называючыся дружыннікам памежнай службы. Дваццаць бясцэнных хвілін праходзяць у ідыёцкіх пытаннях, несур’ёзных пагрозах, пошлых жартах і высвятленні майго сямейнага статуса. Коля намякае: Воўчык у нас жаніх ого-го-го, і Воўчык падсядае ўсё бліжэй і бліжэй.
Сцэна пачынае раздражняць. Пытанні паўтараюцца, і сыходзіць кавалер са сватам яўна не збіраюцца. Намякаю, што ў нас размова з бабай Маняй. Згаджаюцца, але не сыходзяць. Маўляў, ну і гаварыце сабе.
Тут падключаецца і баба Маня: “Коля, нашчо ты ёго прывів? Думаетэ, вуна дывка? А вуна замужом!”. Не дзейнічае, але баба Маня не здаецца: “Коля, нашчо ты ёго прывів? Вуна замужом і мае двух дыток!” – мая біяграфія абрастае новымі падрабязнасцямі. Коля зацікавіўся. “Правда?”. Я не ведаю, што павінна адказаць, але баба Маня зноў выручае: “Правда. То ж муя свуячка, я відаю”.
Коля калі і верыць, то пачутая інфармацыя на яго асабліва ніяк не дзейнічае.
Дом Колі
Бачу, што працы ўсё адно не атрымліваецца, і згаджаюся зазірнуць на 10 хвілін у госці да Колі. Тым больш ён абяцае расказаць нешта цікавае. Пад цікавым разумее, напэўна, свой фотаальбом з войска. Даглядзець прыходзіцца да канца: Коля пільна сочыць, каб не прагарнула дзве старонкі замест адной. Падрабязна расказвае пра кожнага таварыша.
Нарэшце азіраюся. У хаце жудасны вэрхал і бруд. Ён перахоплівае мой позірк і пачынае скардзіцца на адсутнасць гаспадыні. Ведама, лёс не склаўся, грошы зарабляць умею, траціць няма на каго, а ў мяне тут харомы, а ты магла б быць гаспадыняй. Такім чынам у мяне намячаецца другі жаніх.
Усё б нічога, каб не гэтыя настойлівыя запрашэнні выпіць. Калі я піць не хачу, хоць і пакрыўджу гэтым усіх прысутных, то тады мне давяраюць важную місію пасмажыць яечню на закуску. На маё шчасце, Воўчык аказваецца досыць чуйным джэнтльменам. Ён разумее, што я хачу нарэшце пайсці з гэтых гасцей, таму таксама адмаўляецца ад выпіўкі і кажа, што павядзе мяне да свайго родзіча. Коля вырывае з мяне абяцанне зайсці да яго яшчэ раз і папіць сырадою. Ненавіджу сырадой, але што толькі не паабяцаеш дзеля свабоды!
І гэтак далей…
Са сваяком Воўчыка мы гутарым досыць хутка і па-дзелавому. Паколькі ісці больш няма да каго, а наперадзе яшчэ гадзіны чатыры да аўтобуса, прымаю Воўчыкаву прапанову схадзіць у лес па грыбы. Усё лепш, чым зноў трапіць у распараджэнне Колі. Пры гэтым маю план заблудзіцца ў лесе і незаўважна вярнуцца да бабы Мані. У выніку губляюся па-сапраўднаму, але, на шчасце, досыць хутка знаходжу выйсце і крочу ў вёску. Шчаслівая, іду да бабы Мані, якая радасна сустракае і з натхненнем распавядае, як яна спрабавала вызваліць мяне ад жаніхоў. Як я і ведала, дзяцей мне яна прыпісала не ад маразму, а ад жаночай хітрасці. Але тут зноў прыходзіць Коля. У гэты момант канчаткова разумею, што мая місія ў Б. праваленая.
Астатак часу выслухоўваю прапановы быць мясцовай царыцай і п’ю каву з бруднага кубачка ў кампаніі той жанчыны з аўтобуса, якую я бачыла раніцай з дзецьмі. Яна перастрэла нас, калі Коля чарговы раз мяне некуды цягнуў. Па-гаспадарску пастанавіла, што я павінна зайсці і да яе ў госці. Яна аказваецца роднай сястрой Воўчыка, былой жонкай майго апошняга рэспандэнта, які раней вельмі піў і біў яе. Яна ў адказ, гаворачы словамі бабы Мані, падняла хваста і пайшла. Муж піць кінуў, таму яна прыязджае і дапамагае яму па гаспадарцы. Але, як паведамляе надзейная крыніца ў асобе бабы Мані, ён яе вяртання не хоча.
На аўтобус я ішла ў атачэнні Воўчыка, яго сястры з дзецьмі (яны вярталіся назад у цэнтр сельсавета) і, канешне ж, Колі. З бабай Маняй развіталіся ў яе хаце, я паслухала яшчэ раз яе настаўленні на мірнае сямейнае жыццё і яшчэ колькі кранальных сентэнцый. Коля запрашае прыехаць летам на тыдзень. Да гэтага часу ён ужо перастаў падбіваць кліны, і мы вельмі нават прыязна развітваемся.
А Воўчык да самага прыпынку яшчэ распавядае пра цяжкія варункі свайго жыцця. Як жыў у Казахстане і як у пачатку 90-х там прэсавалі рускамоўных. Расказвае пра бацькоў, пра сваю працу. Пра сябе. Як і ўсе жыхары Б.
Застаўшыся ўрэшце сам-насам, чамусьці ўсміхаюся. Хоць зусім не ведаю, з чаго буду рабіць рэпартаж пра памежную вёску Б.
0 комментариев
Цапков Валерий
19.03.2014 в 14:10ну і ну
19.03.2014 в 14:10Чым Вам, шаноўная Іна, не падабаецца слова «рэпарцёр», што Вы прыдумалі нейкага «рэпартажыста»? На мой погляд, каструбавата, штучна.
11
22.03.2014 в 15:42жуд і жах. Вось да чаго дажыліся — да поўнага прапойства, да поўнай дэградацыі. А журналістцы дзякуй за праўдзівы рэпартаж.