Думаю, у літаратуразнаўчым свеце тое самае: за адзін намер выдання манаграфіі пра няпростага паэта Алеся Разанава навукоўцу можна лічыць героем.
Здзейсніў гэты намер прафесар Гомельскага ўніверсітэта Іван Штэйнер, які разам з аб’ектам сваіх навуковых разважанняў наведаў абласную бібліятэку імя М. Горкага 10 красавіка. Сустрэчу з навукоўцам і паэтам таленавіта мадэраваў загадчык кафедры беларускага літаратуразнаўства Уладзімір Сенькавец. У многім дзякуючы яму сустрэча прайшла хутка і цікава. Адчувалася, што самім героям займальна адказваць на правакацыйныя пытанні, а публіцы цікава сачыць за іх вынаходлівасцю ў адказах. Разанаўскае “гавары, хто хочаш – гэта і будзе адказ” якраз з гэтай оперы.
Пра кнігу. Яна прысутнічала на прэзентацыі ў некалькіх экзэмплярах і не прадавалася. Таму меркаваць пра яе прысутныя, акрамя калег Івана Штэйнера, маглі выключна ад выступоўцаў. З іх слоў, часам жартаўлівых, можна зразумець, што “Уводзіны ў невымоўнае: філасофія паэзіі Алеся Разанава” – не столькі навуковая манаграфія, колькі літаратурна-мастацкае выданне. Не столькі крытычны матэрыял, колькі аўтарскае запрашэнне далучыцца да паэзіі Разанава, аўтарскі каментар першатэксту.
“Уводзіны ў невымоўнае” – гэта таксама прыкмета паслядоўнасці Івана Штэйнера, бо яшчэ на першым курсе БДУ, калі Алесь Разанаў быў на пятым курсе, ён паабяцаў, што напіша пра яго кнігу. Невялікую кніжку колькі гадоў таму ён сапраўды напісаў, але на рускай мове, што выклікала знак пытання ў аб’екта яго навуковых пошукаў. Цяпер кніга ў іншым фармаце і ў іншым аб’ёме з’явілася на мове паэзіі Разанава. Свае матывы ў звароце да буйнога жанру пры інтэрпрытацыі разанаўскай творчасці Іван Штэйнер тлумачыць так: “Калі з’яўляліся асобныя зборнікі, яны мяне ўражвалі, але не да такой ступені. Калі іх стала шмат, я ўбачыў што колькасць перарасла ў якасць. Я быў начытаны ў славянскіх літаратурах і адразу адчуў, што новага Разанаў уносіць не толькі ў беларускую традыцыю, але і ў еўрапейскую. Пра гэта і захацелася расказаць”.
Сам Разанаў падзяліўся ўражаннямі пра манаграфію з уласцівай паэтам вобразнасцю і двухсэнсоўнасцю: “Асаблівасць яго почырку – ён хваля. Я возера, ён гоніць па гэтым возеры хвалю. Ён паказае, наколькі ён дасведчаны, наколькі ён глыбокі, наколькі ён моцны. У ім спалучаецца навуковы досвед і імправізацыя. Таму кніжка не толькі выключна літаратуразнаўчая, часам ён гаворыць нейкую ерась. Гаворыць, што я фараон. Я не згаджаюся ўнутрана, бо думаю, што фараон – гэта ён”.
А вось назва кнігі падаецца вельмі сугучнай з разанаўскай філасофіяй. Працэс нараджэння паэзіі па ім – гэта пераход ад інтуітыўнага імпульсу, ад невымоўнага да апранутай ў слова думкі. Але хоць яна і апранута, ты, як чытач, успрымаеш яе зноў інтуітыўна і шукаеш свае словы, каб яна перастала быць невымоўнай персанальна для цябе. Па сутнасці, на гэтым грунтуецца не толькі літаратура, але і пазнанне свету: мы ўвесь час падбіраем словы да невымоўнага. Калі стамляемся гэта рабіць, то ўжываем шаблоны ды калькі, і жыццё становіцца шэрым і нецікавым. З яго знікае паэзія.
Іна ХОМІЧ, фота аўтара
Ответить