Лелікава – адзін з тых 1485 населеных пунктаў — нешчасліўчыкаў, якія знаходзяцца ў памежнай зоне Беларусі. Гэта значыць, што проста так паглядзець на тэнісны корт ні замежнік, ні грамадзянін краіны не можа, папярэдне не заплаціўшы дзяржаўную пошліну. Далёка не кожная краіна можна пахваліцца такой выдумкай, так што хоць у нечым мы наперадзе ўсяго свету.
Імянны аўтобус
Штука яшчэ і ў тым, што дзяржаўная мяжа з украінскага боку ахоўваецца больш пільна, чым з польскага. Калі ў многія памежныя вёскі Камянецкага ці Берасцейскага раёнаў я звычайна даязджаю без усякіх прыгод, то сунуць нос на беларуска-ўкраінскую мяжу па адчуваннях як прымераць на сабе ролю шпіёна: на аўтавакзале білет да патрэбнага прыпынку не прадаюць, на аўтамабілі, калі заўважаць, разварочваюць. Можна падумаць, што едзеш на саму мяжу, а не ў вёску, што знаходзіцца ад яе за 8-10 кіламетраў і дзе жывуць твае суграмадзяне. Мясцовыя, канешне, ведаюць, як абысці гэтую неразумную сістэму, і ахвотна даюць кансультацыі – так што ў рэшце рэшт я ў Лелікава трапляю.
Першая адметнасць, што кідаецца ў вочы, — гэта дзіўны рэйсавы аўтобус “Кобрын – Замосце”, на борце якога вялікімі літарамі па-руску напісана “Владимир Шепетюк”. Ад лелікаўскай бібліятэкаркі я даведваюся, што гэта не ўласнік маршрутнага транспартнага сродку, як можна падумаць, а мясцовы герой, які загінуў у Афганістане. “Калі я яшчэ вучылася ў школе, мы збіралі металалом і макулатуру, каб да нас пусцілі аўтобус. Тады ж і назвалі яго імем Уладзіміра Шапяцюка. Праўда, той аўтобус згарэў, цяпер ходзіць новы, але назву перанеслі і на яго”, — распавядае загадчыца бібліятэкі.
Аўтобус з Кобрына звязвае Лелікава са знешнім светам двойчы на дзень, і ён, трэба сказаць, даволі папулярны. Да самога Кобрыня (тут ужываюць старую назву горада) адсюль мала хто ездзіць, затое многіх вядзе патрэба ў цэнтр сельсавета Дывін.
У сувязі з аўтобусам яшчэ варта сказаць пра блытаніну, якую ў галаве нетутэйшага турыста выклікае назва яго канечнага пункта “Замосце”. Вёскі з такой назвай на мапе Кобрынскага раёна не існуе, таму кіроўцу аўтобуса вельмі лёгка жартаваць з навічкамі на тэму “А я праз Лелікава не еду”. Насамрэч Замосце – гэта частка Лелікава, размешчаная за мастом праз Арэхаўскі канал. Пра гэта расказвае другая цікавостка памежнай вёскі – самабытны паэт Пётр Шапяцюк, што піша вершы на сваёй гаворцы.
“Міністр культуры”
Так Пятра Шапяцюка, які доўгі час працаваў дырэктарам Лелікаўскага дома культуры, жартам называюць некаторыя аднавяскоўцы. Але трывала замацавалася за ім яшчэ бацькава мянушка “Чычык”, якой ён нават падпісвае творы. Бацьку ж так назваў не хто чужы, а ўласная жонка – за тое, што пасля шабашак на Украіне стаў вымаўляць “чы” замест мясцовага “цы” (адпаведнік літаратурнаму злучніку “ці”).
Паэт ужо на пенсіі і цяпер займае толькі грамадскую неаплочвальную пасаду старасты вёскі. Гаворачы пра гэта, задае ў паветра рытарычнае пытанне “Яно мне трэба?”, але насамрэч да сваіх абавязкаў адносіцца сур’ёзна. Варта толькі паназіраць, з якой любоўю ён паказвае кожны закуток Лелікава і яго ваколіц.
Запрогшы старога каня Васю, Шапяцюк спачатку скіроўвае яго ў бок тэніснага корта. Сам па сабе корт не вельмі вялікая атракцыя для гараджаніна, але знаходжанне яго ў глухой мясцовасці выглядае досыць экзатычна. Уваход, як і напісана ў аб’яўках на турыстычных форумах, бясплатны, таму мы без перашкод заходзім у двор прыгожай драўлянай сядзібы з лэндартавымі аздобамі. Пакуль я аглядаюся, стараста распавядае пра алігарха Івана Панасюка, што паходзіць з Лелікава, таму час ад часу ўкладае сюды грошы. Корт пабудаваны на яго грошы, размяшчаецца ў двары яго ўласнай сядзібы, і ён зрэдчас прыязджае сюды на адпачынак. Нягледзячы на гэта, на тэрыторыі няма вялікай аховы, а прыглядчык сядзібы нават не выходзіць з дамка, пакуль мы блукаем каля корта. Сам аб’ект спартыўнай гордасці лелікаўцаў выглядае досыць пустынна, хоць урокі ў школе ўжо закончыліся. Бібліятэчны кампутар, дзе можна пайграць у гульні, карыстаецца большай папулярнасцю.
Ад тэніснага корта мы няспешна едзем да былой уніяцкай царквы XVIII стагоддзя, аточанай металічнай агароджай таксама за кошт сібірскага алігарха. У камуністычныя часы царква Святога Дзмітрыя Салунскага была зачыненая, а ўсё яе начынне выкінутае на вуліцу. У лік непатрэбшчыны для новай улады трапіў царкоўны летапіс, значная частка якога, кажучы словамі Пятра Шапяцюка, пайшла з ветрам. Летапіс вёў тутэйшы бацюшка ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, падрабязна апісваючы людзей, іх норавы, звычаі, легенды. Чытаецца аповед вельмі лёгка, і яго абрыў выклікае вялікае шкадаванне па страчаным дакуменце мясцовай гісторыі.
На змучаным Васі мы аб’язджаем усё Лелікава ды Замосце і вяртаемся ў гасцінны дом Шапяцюкоў, дзе мяне яшчэ чакае прымерка знакамітага касцюма свахі пад кіраўніцтвам гаспадыні Настассі Шапяцюк і аўтарскія чытанні вершаў яе мужа. Творы Пятра Чычыка, канешне, лепш слухаць, чым чытаць, але не ўтрымаюся, каб не працытаваць з апошняга:
Купэв Петя ноутбука,
Шчоб од часу ны одстатэ,
Шчэро взевся за навуку,
Шчоб навчэтысь друковатэ.
Тэкав пальцямэ по буквах,
Ныбэ грав на піаніно…
То була такая мука –
Петя ліпш кусэв бэ сіно!
Аўтар піша па-беларуску і па-руску, але лепшыя вершы напісаны ўсё ж дзедавай мовай, да захавання якой ён усяляк заклікае сваіх аднавяскоўцаў.
Носьбіты тараканскай гаворкі
Лелікава – адзіная вёска Кобрыншчыны, мова якой адносіцца да гэтак званых тараканскіх гаворак, названых так акадэмічным мовазнаўцам Фёдарам Клімчуком па назве вёскі Таракань Драгічынскага раёна (цяпер пераназвана ў Імянін), дзе ён упершыню запісаў іх.
Паколькі населеныя пункты ў гэтай частцы Кобрыншчыны размешчаны адзін ад аднаго на вялікай адлегласці, а раней былі адмежаваны яшчэ і балотамі, то гэтая мясцовасць – класічны ўзор сцвярджэння, што на Палессі “што ні сяло, то іншая мова”. На падставе гэтага паміж вёскамі з’явіліся цікавыя дражнілкі, што абапіраюцца на характэрныя асаблівасці той ці іншай гаворкі. Напрыклад, дывінцы склалі пра лелікаўцаў такую показку: “Лелікавец пабыў у Расіі і вярнуўся на пабыўку. Але гаворыць выключна па-руску, нібыта развучыўся казаць па-свойму. І толькі калі добра выпіў і забыўся на сваю моўную палітыку, то звярнуўся да маці: “Ма, а да тая варба, шо бура варха зламала?”.
З пранікненнем у Лелікава цывілізацыі і з развіццём шляхоў зносін мясцовая мова пачынае асімілявацца і губляць сваю непаўторнасць. Сваіх дзяцей тубыльцы і ўвогуле стараюцца прывучаць толькі да рускай мовы, апраўдваючы такую мядзвежую паслугу жаданнем спрасціць тым жыццё. Але аўтэнтычнасць мовы можна яшчэ адчуць у размове са старэйшымі людзьмі, такімі як Марыя Трубчык і Ніна Шкурская. Хаця і гэтыя жанчыны не жылі тут бязвыезна – вёска жыла бедна, і ледзь не кожны лелікавец вымушаны быў ездзіць на заробкі. Тым не менш на мужаву заўвагу, каб са мной размаўляла па-руску, Марыя Трубчык адказвае, што не ўмее. А Ніна Шкурская ў маладосці нават паспела пабыць замужам за рускім, але таксама гаворыць выключна па-свойму, ды яшчэ так сакавіта, што і настроенае на дыялекты вуха не ўсё можа разабраць. Асабліва гэта тычыцца старых песняў. Гэта, відаць, апошняе пакаленне беларусаў, каму руская мова сапраўды чужая.
У цэлым Лелікава – адна з тых мясцін, дзе занава пачынаеш спасцігаць сваю беларускую ўнікальнасць. Новае ўпэўнена зайшло сюды ў форме тэніснага корта, інтэрнэта, сайдынгу на дамах, але і старое з яго вышыванкамі, тканым палатном і “варбой, што варха зламала” не адпускае заваяваных традыцый. Хаця адпусціць, на жаль, прыдзецца. Нягледзячы на памежную зону, што ізалюе свет ад яе насельнікаў.
0 комментариев
Глеб Александров
24.06.2014 в 19:21Настасся
24.06.2014 в 19:21Цудоўны артыкул!