У студзені, калі на адкрыцці праекта “Вясковы рэнесанс” яго каардынатар Ларыса Быцко казала пра свята вёскі, якой ужо фактычна няма, цяжка было ўявіць, што людзі здалёк паедуць у гэтую глуш. Аказалася ж, што пры вялікім жаданні няма нічога немагчымага, і Стойлы напоўніліся як ураджэнцамі і нашчадкамі ўраджэнцаў, так і жыхарамі суседніх вёсак. Гэтую аўдыторыю разбавілі журналісты, раённае начальства, удзельнікі калектываў і проста цікаўныя людзі, што даўно марылі пазнаёміцца з народным майстрам Мікалаем Тарасюком, але не маглі прыдумаць для гэтага нагоды. Так што ў выніку пад кожным дрэвам у пушчанскіх Стойлах ад спякотнага травеньскага сонца ратавалася большая ці меншая кампанія.
На свяце
Фэст “Я родам са Стойлаў” меў стройную праграму, але госці адчувалі сябе дастаткова вольна, каб за ёй не сачыць. Самым шматлюдным першпапачаткова быў двор самога Тарасюка, дзе анансавалася экскурсія па музеі “Успаміны Бацькаўшчыны”. Але дзед пасля няўдалай касавіцы трохі занямог, а малы будынак музея фізічна не мог змясціць адначасова хоць чвэрць гасцей. Таму экскурсія перафарматавалася ў свабодны агляд драўляных фігурак, а з Мікалаем Тарасюком можна было пагутарыць проста на вуліцы.
Пасля інтарэс публікі пераскочыў на асвячэнне стойлаўскіх крыжоў, дзеля чаго сюды прыехаў праваслаўны святар. Першым асвяцілі крыж работы дзеда Тарасюка, усталяваны каля яго сядзібы. Фігура ўкрыжаванага Ісуса Хрыста выканана ў тыповай манеры народнага разьбяра, над Хрыстом дзедава ўяўленне падказала прымацаваць фігуркі чорных птушак і словы з песні пра ворана, які ўецца над галавой, але не дачакаецца здабычы.
Другі крыж належыць рукам разьбяроў Уладзіміра Чыквіна і Вячаслава Дароцькі. Яго ўсталявалі на супрацьлеглым канцы вёскі і выразалі на ім характэрныя Стойлам прозвішчы. Так што вёсцы, дзе жыве ўсяго адзін чалавек, цяпер мусіць зайздросціць уся ваколіца, бо рэдка дзе знойдзецца хоць бы адзін такі мастацкі крыж-абярэг, а тут іх ажно два.
Але калі пра крыжы пасля іх асвячэння дружна забыліся, то стэнд з картай Стойлаў сярэдзіны 50-х гадоў аўтарства мастачкі Марыі Радзько стаўся літаральна месцам паломніцтва. І выпадковым людзям, і былым жыхарам вёскі было аднолькава цікава разглядаць, хто дзе жыў, якія хаты захаваліся, а якіх ужо няма, як называліся па-мясцоваму навакольныя ўрочышчы. З другога боку стэнда змясцілі старыя фотаздымкі былых жыхароў, і ля іх таксама падоўгу затрымліваліся групкі людзей. Стэнд стацыянарны, ён застанецца, як і крыжы, у Стойлах назаўжды. Таму змешчаная на ім інфармацыя перакладзена таксама на англійскую мову для замежных турыстаў, што час ад часу наведваюць музей Тарасюка.
Цікавосткай апошняйга складніка свята – этнаканцэрта – сталася фінальная яго частка. Незадоўга да заканчэння канцэрта сонца нарэшце схавалася за аблокі і некалькі разоў нават пагрозліва грымнуў гром. У гэты момант на імправізаваную травяную сцэну выйшаў дзед Тарасюк, і менавіта ад яго імя і з яго подпісам актыўным удзельнікам праекта “Вясковы рэнесанс” раздалі падзякі. Задуму ацанілі як калектывы, так і госці. Хтосьці з мясцовых з гонарам назваў дзеда прэзідэнтам Стойлаў. Прэзідэнт, якому, на жаль, за пару гадзін да ўрачыстага моманту нават выклікалі “хуткую дапамогу”, даволі бадзёра паціскаў руку і абдымаў пераважна маладых жанчын.
Да свята
Зразумела, што большасць гасцей так і не звязала фэст з праектам “Вясковы рэнесанс”, які ажыццяўляўся ў межах шырэйшага праекта “Гісторыя майго краю” пры падтрымцы Інстытута міжнароднай супрацы “Саюза нямецкіх народных універсітэтаў”. Але свята насамрэч – толькі вяршыня айсберга, хоць і самая эфектная.
Асноўная праца праходзіла ў экспедыцыях, сустрэчах з ураджэнцамі Стойлаў, што цяпер жывуць у іншых месцах. Толькі дзякуючы сабранаму ў гэтых экспедыцыях матэрыялу стала магчымай карта вёскі мінулага стагоддзя і крыж з родавымі прозвішчамі.
Адначасова прыкладаліся намаганні, каб паспрыяць захаванню вялікай спадчыны Мікалая Тарасюка. Яго драўляныя фігуркі, што з’яўляюцца нематэрыяльнай каштоўнасцю Беларусі, банальна еў шашаль. Каб хоць крыху спыніць гэты працэс, валанцёры праекта апрацавалі спецыяльнымі сродкамі літаральна кожную фігурку, заадно пачысціўшы экспанаты ад пылу. А незадоўга да свята раённыя ўлады далі каманду пафарбаваць сам музей.
У выніку ж праект “Вясковы рэнесанс” выканаў не толькі тактычныя задачы тыпу стварэння карты, усталёўкі крыжа і кансервавання музейных экспанатаў, але і стратэгічную, якая пры іншых абставінах магла так і застацца марай каардынатара Ларысы Быцко – абуджэнне цікавасці ўраджэнцаў Стойлаў да сваёй малой радзімы і разам з тым зацікаўленне іншых людзей тымі куткамі, адкуль яны родам.
А дзед Тарасюк, звычайна самотны, у гэты дзень быў з усіх бакоў аточаны дзецьмі-ўнукамі і перыядычна змахваў сентыментальную слязу з вачэй. Яго драўляны народ зрабіў сваю справу – не даў Стойлам памерці.
Ответить