Асабіста да мяне ён дайшоў два гады таму ў апошнім вашым зборніку “Беларусь мая, родная, мілая”. Шчыра шкадую, што не чытаў першага, які нават назваю сцвярджае: “У жыцці для мяне ўсё не проста”.
Пасля азнаямлення падалося, што найбольш турбуе паэта, які жыве на блаславёнай Музаю Ганцавіцкай зямлі, няўмольны бег часу, хуткаплыннасць, нават імгненнасць нашага грэшнага, з пункту гледжання нашай паляшуцкай, сярмяжнай маралі, разбэрсанага “бытия”.
Здаецца, і вокам не міргнулася, як праляцелі два гады ад таго снежня, калі абзэмкаватага складу з пяшчотаю валошкавага блакіту ўваччу дзядзька Галаскок падараваў дзеду Філатаву з двухгадоваю ягонаю ўнучкаю Чкалёнкам два аўтографы з пажаданнямі “расці прыгожай і шчаслівай” унучцы і “тройчы здароўя” дзеду. Валерыя мая – па-дзедаваму Чкалёнак—расце прыгожанькай, а вось шчасця і здароўя, як дзеду Лявону , шукаць трэба.
Так, чалавеча, усё няпроста ў жыцці для нас — усіх тых, хто за Іванам Лагвіновічам “позна ўвечары за маркотаю рушыў у заснежаны свет” шукаць усё тое ж шчасце, збіраць яго па драбку ў свой паэтычны плецак.
У нядаўнім мінулым старшы афіцэр-ракетчык, уганараваны дзевяццю ордэнамі і медалямі, “служка Айчыне, бацька салдатам”, а сёння сейбіт—паэт з двума інфарктамі ў сэрцы, ваявода ганцавіцкай паэтычнай харугвы Аляксей Галаскок збіраў, збірае, зрэдзь знаходзіць у прамозглай кругаверці завей і віхур маразму беспрасветных “застояў, перабудоў і аддзельна ўзятых пуцей” дабрыню, ласку, шчырасць, цеплыню сэрцаў, чысціню душ, неўміручасць нашых ласкавага гумару і самаіроніі. Бо такая яна, наша “родная, мілая Беларусь”, бо такія мы, беларусы — нас “крыжуюць з веку ў век новымі здзекамі”, а мы “ношку няспынна нясем на плячах і спераду”.
Алясей ГАЛАСКОК
Абеліск
Тут, на Палессі, дзе жыта кусціцца,
Побач з таполяй стаіць абеліск.
Сэрцу матулі старэнькай не спіцца,
Птушкай трапеча, да сына ляціць.
Звон над зямлёю гудзе вечаровы,
З неба сплывае ўрачыста у ніз.
Плача матуля пад шэпт тапалёвы:
У горы маўкліва стаіць абеліск.
Міхасю Рудкоўскаму
“Дзень добры, шаноўны Міхась!”—
Ніколі табе не казаў,
Бо я ў недалёкі той час
Не ля вас свае сцежкі таптаў.
Чаму не дазволіў мне лёс
З табою хоць раз павітацца,
І ў вёсцы, дзе жыў ты і рос,
Па-брацку, сардэчна абняцца?
Мясціны ты б мне паказаў,
Адзінец, дзе зубр уладарыў,
Той ельнік, дзе ён паміраў
Сярод Востравецкіх абшараў.
А потым з пахучых кублоў
Мы б сала з табой каштавалі.
Зарана з жыцця ты пайшоў
Ад нас у адвечныя далі.
“Дзень добры, шаноўны Міхась!”—
Вітаю цябе я з паклонам,
А ты мяне кожан раз
Радкамі “Залатазвона”.
Ответить