Карагод, прысвечаны Сёмусе і ўвогуле веснавому цыклу сялянскага календара, праходзіў у межах серыі этнаканцэртаў “Рух зямлі”. Раней канцэрты праходзілі ў памяшканні абласнога грамадска-культурнага цэнтра, а гэтым разам арганізатары вырашылі памяняць форму працы ды выйсці на новую аўдыторыю – і ператварылі ў выступоўную пляцоўку палову вуліцы Савецкай. Спярша калектывы – а гэта “Лабчанка” са Столінскага раёна, калектыў сясцёр Лук’яновіч з Драгічынскага, “Хмелеўскія валацугі” і “Дараносіца” з Жабінкаўскага раёна, рыжскі калектыў “Ільінская пятніца” – прайшлі з песнямі ад канца вуліцы да выставачнай залы, а пасля на яе прыступках далі паўнацэнны канцэрт. У той момант, калі выступленні набылі форму, больш-менш прывычную для берасцейцаў, нарэшце пачала збірацца аўдыторыя. Нейкія мы занадта закрытыя для чагосьці новага, здольныя ўспрымаць прадукт толькі ў знаёмай абгортцы. Што, зрэшты, знак і для ўладкавальнікаў гарадскіх мерапрыемстваў – трэба праводзіць вулічныя імпрэзы часцей.
Некалькі слоў варта сказаць пра далёкіх гасцей канцэрта. Гурт “Ільінская пятніца” складаецца з этнічных рускіх, што жывуць у Латвіі. Яны ўжо збіраліся прыехаць на беларускае Палессе некалькі год таму, але не знайшлі для гэтага сродкаў. Цяпер, відаць, усё зраслося, хоць калектыў прыехаў ва ўсечаным выглядзе: акрамя кіраўніка Сяргея Алёнкіна, яшчэ тры дзяўчаткі-школьніцы. Яны і заварожвалі мінакоў шыкоўнымі распрацаванымі галасамі, спяваючы не толькі рускія, але і беларускія песні.
“Казкі маёй бабулі”
У гэты ж дзень, 9 чэрвеня, аддзел традыцыйнай культуры ГКЦ публічна заявіў пра выданне кніжкі “Казкі маёй бабулі”. Гэта зборнік народных і аўтарскіх казак, надрукаваных на мове апавядальніка і ілюстраваных Марыяй Радзько. “Можэ, коло ліса, а можэ, у лісы на поляны стояла хата діда Івана, діда старого, а нэ якого пана”, — пачынаецца казка “Про діда і его дочку”, запісаная ад знакамітай казачніцы і апавядальніцы Настассі Якавец з Лунінецкага раёна. А вось казка на блізкай да літаратурнай ляхавіцкай гаворцы: “Вяртаўся неяк пан з гасцей. Было гэта позна ўночы. Дарога йшла праз балота. Удруг выляцеў з балота чорт, спыніў каней і загадаў пану заплаціць аброк за праезд, бо балота гэта яго” (запісана ад Таццяны Рабцэвіч). І так увесь зборнік, які налічвае 37 казак, у тым ліку вершаваную казку самабытнага паэта Кобрыншчыны Пятра Шапяцюка.
Адзінае пытанне, якое павісае над гэтым цікавым праектам, — наколькі дакладна перададзеная ў казках мова арыгінала. Многія гаворкі, напрыклад, маюць дыфтонгі ці гукі, аналагаў якім няма ў літаратурнай мове. А паколькі да зборніка не прыкладаецца дыск, то праверыць, ці правільна ты вымаўляеш напісанае, немагчыма.
З другога боку, “Казкі маёй бабулі” арыентуюцца на шырокую аўдыторыю, а не на вузкае кола філолагаў. Кніг на дыялекце ў нас настолькі мала, што кожная становцца адразу на вагу золата. Асабліва пры тыражы ў 80 экзэмпляраў.
Ответить