Былі на фэсце і заўсёдныя шляхціцы ды шляхцянкі (адмысловыя строі ў музеі напагатове). І нават дзве рускія барзыя выклікалі эфект дэжавю. Распытаўся: і сапраўды, памяць не падвяла. Гаспадары прывезлі іх з Бярозы не ўпершыню.
Пародзістым сабакам сёлета давялося пастаяць за сябе: іх праверылі на шчытнасць два мясцовых “двараніны”, якія туляліся дваром без прывязі, намордніка і гаспадара. Апынулася, што ў барзых характар даволі завадны і сварлівы, – сцярвозны. Доўга не маглі супакоіцца.
Прыемным сюрпрызам можна назваць выступ гурта “Стары Ольса”, які грае аўтэнтычную сярэднявечную музыку ды спявае стылізаваныя песні. Хлопцы і дзяўчына карыстаюцца традыцыйнымі “ліцвінскімі” інструментамі.
Невялікую і бадай што правільную навацыю зрабілі арганізатары, выставіўшы “харчблок” фэста з дзядзінца на футбольнае поле справа ад Палацавага комплекса. Асабіста мне атрымалася заўважыць унутры перыметра толькі аднаго п’янага, які мірна драмаў у крэсле перад сцэнай. Раней піва і шашлыкі спажывалі ўнутры перыметра, так што “чорная костка” фестывалю тырчэла ўнутры.
Не было сёлета дэльтапланаў. Што і чакалася, пры паветраных раскладках сёлетняй вясны.
На “Ружанскай браме” значна паменшала рамеснікаў. Як патлумачыў майстар пляцення з лазы Мікола, які нудзьгаваў у адным з шапікаў: “Працы багата, менш за сто тысяч апусціцца цяжка, а гэта для нашага пакупніка ўжо грошы. Я вось прыехаў, а калегі, хто раней быў, дык не – цяжка прадаць што”.
Аздобілі фэст кніжнікі. Былі і з Мінска, і нават брэсцкія. “Чым мы не народны промысел?” – дапытваўся па дарозе Сяргей Амяльчук. І на месцы атрымаў пацвярджэнне народа: ёсць кантакт!
Народнае прызнанне часам набывала самабытныя формы. Прыкладам, падыйшоў лейтэнант МНС. Распытваўся пра вершы. Потым пашкадаваў, што няма кніжак па псіхалогіі. Працягнуў 50 тысяч і кажа, што… кніжак не трэба. Пераканалі яго, што не па-беларуску гэта, не па-гаспадарску. “Бо ж можна не адну нават – дзве кніжкі ўзяць і падараваць. Адну жонцы, другую каханцы”. Падумаў і ўзяў адну. Акурат кішэннага фармату. Мы доўга абмяркоўвалі псіхалогію яго ўчынка. “Гэта ж літаратурная фабула. Мужчына адведзеную гадзіну гутарыць з жанчынай пра высокамаральныя розныя рэчы, потым плаціць належную пяцідзясятку і сыходзіць. Яны сябры”. — “А фармат чаму такі? Каб калегі не ўбачылі, не смяяліся, што змарнаваў грошы?” Яшчэ нейкая версія пачала плясціся. Але не вытрымаў, пайшоў і наўпрост спытаў лейтэнанта пра матывацыю ахвярнасці на карысць літаратуры. Адказ быў: “Афіцэрскі гонар”.
Гонар гонарам, а паркаваць аўтамабілі многім давялося далёка ад палаца Сапегаў. Дзесьці мо на пятай вуліцы. Прыкідачна, з’ехалася ў Ружаны каля паўтысячы аўто. Адмысловыя госці былі з Ваўкавыска, Гродна, Мінска. Так што свае тры тысячы фэст сабраў, нягледзячы на не надта спрыяльнае, бо халаднаватае і з перыядычнымі пырскамі зверху, надвор’е.
Увечары былі папсаваты, як на мой густ, гурт J:Морс і феерверк.
Напрыканцы крыху важнага будзённага, пра якое не прамінуў даведацца з нагодаю.
Адзін з мясцовых экспертаў сказаў, што цэнтральны будынак палацавага комплекса найверагодней злучаўся з флігелямі падземнымі пераходамі. Выдае на тое, што Народны праект “Падзямеллі Беларусі” з часам можа прырасці Ружанамі. Па-другое, ад дырэктара музея Ружанскага палацавага комплекса Сапегаў Руслана Кнігі даведаўся, што сёлета вылучаныя грошы на далейшую рэстаўрацыю комплекса (тры мільярды рублёў). Палова з іх пойдзе на правы флігель. Значыць, датрываў і ўжо не ўпадзе.
Брэст – Ружаны
0 комментариев
Глеб Александров
17.06.2014 в 02:52Siuzy
17.06.2014 в 02:52и это все, что Вы увидели на Ружанской браме??? Из 7 кривых фото — 2 про собак??? Содержательно….
Яўген
19.06.2014 в 01:49Не, SIUZV. Не ўсё. Было яшчэфота аўтамабіля МНС з забаўным надпісам порту прыпіскі \\\»Кобыловка\\\». Але рэдактар сайта яго выкінуў у сметніцу. Можа, так і правільна. Бо гэта не фотарэпартаж, як Вы не заўважылі. Гэта тэкст для папяровай газеты. Суб\\\’ектыўнае меркаванне аўтара такое…І калі ён напісаў, што няшмат памянялася ў параўнанні з тым, што было раней, то выходзіць, што можаце падняць за папярэднія гады. Або атрымаць насалоду ад непаўторнага (праграму адмыслова пісалі, за 1000 долараў) лазэрнага шоў — на іншых сайтах. Гэта ж газета, не задаволены дружа.