Два ўніверсітэты
У польскім Любліне, куды ездзіла берасцейская моладзь, некалькі ўніверсітэтаў, але найстарэйшымі і найбольш папулярнымі сярод студэнтаў з’яўляюцца два – Люблінскі каталіцкі Яна Паўла ІІ і ўніверсітэт Марыі Кюры-Складоўскай. Каталіцкі ўніверсітэт, нягледзячы на назву, рыхтуе спецыялістаў не толькі духоўнай, але і свецкай сферы, хоць пэўны адбітак рэлігійнасці захоўвае ўся ўстанова. Напрыклад, кожны студэнт незалежна ад кірунку навучання мусіць здаць іспыт на веданне Бібліі, а рэктарам можа быць толькі ксёндз. Універсітэт цалкам упісаны ў агульнаеўрапейскі кантэкст. Узяць хоць бы побытавае: калі нашы студэнты натоўпам стаялі ля помніка папы Яна Паўла ІІ, да іх падышоў выкладчык у ксяндзоўскай вопратцы і па-англійску прапанаваў іх сфатаграфаваць. Спецыялістаў, што не валодаюць, як тут кажуць, агульнай мовай, у польскіх ВНУ проста няма. На многіх факультэтах ёсць групы, дзе навучанне вядзецца выключна па-англійску, і выкладаюць там тыя ж выкладчыкі, што і ў звычайных групах.
Універсітэт Марыі Кюры-Складоўскай з’яўляецца звычайнай альма-матэр еўрапейскага тыпу, з ухілам на спецыяльнасці гуманітарнага накірунку. Нормы Балонскага працэсу ў такім “універсальным” універсітэце рэалізоўваць прасцей, а студэнтаў тут навучаецца ў разы болей. Адказны за імпліментацыю агульнаеўрапейскай навучальнай сістэмы ў гэтай канкрэтнай установе прафесар Януш Рачкоўскі.
Працэс эвалюцыйны
Януш Рачкоўскі ўжо 10 год займаецца каардынацыяй Балонскага працэсу ў сваім універсітэце, пры гэтым аб’ектыўна гаворыць як пра станоўчыя бакі, так і пра хібы агульнаеўрапейскай вышэйшай адукацыі.
У якасці станоўчага боку ў першую чаргу называе акадэмічную мабільнасць, якая тычыцца як выкладчыкаў, так і студэнтаў. Ён сам аб’ездзіў многія еўрапейскія краіны, выкладаў у разнастайных універсітэтах. Кажа, што па вушы загружанаму ў родным універсітэце выкладчыку выязджаць не так і проста, і мабільнасцю найчасцей карыстаюцца маладзейшыя спецыялісты. Аднак сама па сабе магчымасць выезду ёсць ва ўсіх.
“Мабільнасць распаўсюджваецца і на тых, хто ёю непасрэдна не карыстаецца, — тлумачыць Януш Рачкоўскі. – Напрыклад, калі я папрацаваў у іншым універсітэце і набраўся новага досведу, то гэты досвед я непазбежна буду распаўсюджваць на ўсіх сваіх студэнтаў. І яшчэ адзін прыклад. Студэнт, які пакарыстаўся мабільнасцю ў Іспаніі, прыехаў сюды і мае зносіны з нашымі студэнтамі. Яны мусяць размаўляць з ім па-англійску і абменьвацца культурным досведам”. Практыка паказвае, што студэнту найлягчэй выбрацца за мяжу на другой ступені навучання – чацвёртым-пятым гадах універсітэта. Да гэтага часу ён амаль сфарміраваўся як спецыяліст у родным універсітэце і можа ўпарадкаваць свой час так, каб мяняць месца вучобы без шкоды для засваення матэрыялу. Ёсць і чыста практычны бок: студэнта, што, скажам, праходзіў практыку ў Германіі на апошнім курсе, могуць пакінуць там на працу. Польскія адукатары лічаць працоўную міграцыю нармальнай справай і не панікуюць з нагоды адтоку маладых спецыялістаў. Тым больш што абавязковага размеркавання там няма, і многім выпускнікам ВНУ пасля яе заканчэння праблематычна ўладкавацца на працу без вопыту.
Каардынатар Балонскага працэсу ва ўніверсітэце Марыі Кюры-Складоўскай называе ўвядзенне гэтага працэсу палітычным рашэннем: Еўропа хоча мець сістэму вышэйшай адукацыі, што магла б канкурыраваць з універсітэтамі ЗША і Японіі. “Паглядзіце на спіс нобелеўскіх лаўрэатаў апошніх гадоў. Ледзь не ўсе яны выпускнікі амерыканскіх ці японскіх устаноў. Гэта гаворыць пра тое, што пакуль іх універсітэты лепшыя”, — кажа Януш Рачкоўскі. Да пабочных эфектаў агульнаеўрапейскай сістэмы вышэйшага навучання ён адносіць высокую ступень бюракратыі ў дакументах і часам штучны падзел тэрміну навучання на ступені. Хаця такія спецыяльнасці, як медыцына ці фармакалогія, усё адно вывучаюцца адзіным цыклам, бо стаць урачом усяго толькі пасля першых трох год навучання немагчыма.
Але найбольшым непаразуменнем менавіта ў Польшчы Януш Рачкоўскі лічыць трэцюю ступень вышэйшай адукацыі — дактарантуру. Справа ў тым, што дактарант у польскім універсітэце – гэта маргінал, які не мае вызначанай нішы. З аднаго боку, ён студэнт, які павінен наведваць заняткі і выконваць вучэбную праграму, з другога – выкладчык, бо для атрымання стыпендыі ён мусіць сам чытаць лекцыі студэнтам першых двух ступеняў. Акрамя таго, ён мусіць весці навуковыя даследаванні па сваёй тэме і за чатыры гады абараніць доктарскую дысертацыю. Усё гэта сумясціць вельмі складана, таму, на думку прафесара, Польшча ад эвалюцыі ў сістэме вышэйшай школы ідзе да дэструкцыі. Аднак гэта не перашкаджае прафесару аптымістычна глядзець на будучыню краіны ў Балонскім працэсе, называючы і саму Балонь працэсам эвалюцыйным. “Мы ўсё зробім як мае быць – абы палітыкі нам не перашкаджалі”, — падсумоўвае прафесар.
Нічога пра студэнтаў без студэнтаў
Адна з прычын, чаму беларуская мадэль вышэйшай адукацыі не адпавядае стандартам Балонскага працэсу, — гэта адсутнасць студэнцкага самакіравання. Каб даведацца, якімі паўнамоцтвамі валодаюць навучэнцы польскіх універсітэтаў, вернемся ў Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт Яна Паўла ІІ.
Студэнцкія самаўрады ёсць ва ўсіх універсітэтах Польшчы – гэта прадугледжана заканадаўствам, — але ў кожнай канкрэтнай альма-матэр кіраўніцтва можа ствараць больш ці менш спрыяльныя ўмовы для гэтых урадаў. Студэнты КУЛю кажуць, што працуюць у добрых умовах.
Па статуце ўніверсітэта ўсе студэнты па змоўчанні з’яўляюцца ўдзельнікамі самакіравання, але ў кіраўнічы орган – студэнцкую раду – уваходзяць толькі тыя людзі, якіх выбралі на факультэтах. Выбары праходзяць амаль як у парламент: кожны факультэт мае пэўную колькасць мандатаў у залежнасці ад агульнай колькасці навучэнцаў. Кандыдатур можа быць больш, чым мандатаў, – у такім выпадку праходзяць тыя з іх, хто набраў найбольш галасоў на выбарах. Тэрмін дзеяння рады аднаго склікання – два гады, пасля чаго аб’яўляюцца новыя выбары.
Абавязкі ў студэнцкай рады самыя разнастайныя, але галоўныя з іх, бадай, зводзяцца да прадстаўніцтва студэнцкіх інтарэсаў, а таксама арганізацыі вольнага часу студэнтаў. Па словах сакратара рады па правах студэнтаў Паўла Куля, без удзелу самакіравання кіраўніцтва ўніверсітэта не мае права вырашыць ніводнага датычнага студэнтаў пытання – у тым ліку пытання кадравага. У савет універсітэта студэнцкі самаўрад накіроўвае 6 сваіх прадстаўнікоў, а ў саветы факультэтаў мусіць уваходзіць не менш за 20 адсоткаў студэнтаў.
Самакіраванне, на зайздрасць нашым студэнтам, мае свой бюджэт, які складае больш за 150 тысяч даляраў на год. Гэтыя грошы ляжаць на рахунку ўніверсітэта, з якога па безнаяўным разліку аплочваюцца выдаткі на навуковую дзейнасць, паездкі, забаўляльныя мерапрыемствы. Дарэчы, усе люблінскія ўніверсітэты маюць звычку ў траўні праводзіць студэнцкі фестываль, што доўжыцца цэлы тыдзень. Ён з’яўляецца аб’ектам гонару самаўрада кожнага ўніверсітэта, своеасаблівым спаборніцтвам між установамі, таму ўвагі і часу яму надзяляюць шмат.
Увогуле ж польскім актыўным студэнтам надзвычай цяжка адказаць на пытанне, што дае ім самакіраванне. Яны прывыклі да яго, гэтак жа як да Балонскага працэсу ў цэлым, і ўжо не ўяўляюць, як можна вучыцца іначай.
Ответить