Асоба як рухавік гісторыі
У сучаснай гісторыі Беларусі сёлета два юбілеі, і абодва “персанальныя”, звязаныя з імем першага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, – у чэрвені 20-годдзе яго прэзідэнцтва, а ў жніўні – 60-годдзе нараджэння.
У савецка-пралетарскую эпоху бальшавікі былі не толькі таленавітымі агітатарамі і прапагандыстамі марксавага камунізму праз кнігі, прэсу і трыбуну, але і здольнымі майстрамі па арганізацыі масавых святаў-відовішчаў, прысвечаных Кастрычніцкай рэвалюцыі, “трыумфальнаму” шэсцю савецкай улады, вайсковым перамогам, юбілеям Леніна-Сталіна-Хрушчова-Брэжнева, што дазваляла нашай роднай партыі абуджаць і падтрымліваць у савецкім народзе высокі патрыятызм, камуністычную свядомасць і высокі працоўны энтузіязм, без чаго нельга было дасягнуць зіхоткіх вяршынь камунізму: людзям плацілі мала, і зарплата слаба ўзбуджала працавітасць пралетарыяў і калгаснікаў.
70-годдзе Восіпа Сталіна ў снежні 1949 года пачыналі святкаваць пампезнымі ўрачыстасцямі ў Крамлі – узнёслымі прамовамі, одамі, музыкай і бубнамі, а затым газета “Правда” на працягу трох (!) гадоў у кожным нумары друкавала на адной паласе прывітанні працоўных калектываў таварышу Сталіну з нагоды яго юбілея, з падзякай за шчаслівае і заможнае жыццё.
Беларусь – маладая дзяржава, яна толькі вучыцца жыць самастойна і незалежна і пакуль не мае аніякага вопыту па арганізацыі святаў і юбілеяў, і гэтую ненармальнасць трэба выпраўляць. Як? Спачатку для пробы – праз асобу прэзідэнта, праз яго юбілеі. Нейкі агульны стрыжань гэтых юбілеяў знайсці будзе няпроста. Віна тут не столькі грамадства, колькі юбіляра, яго рэзанансна-супастатнага стылю кіравання: яго імкненне браць верх над усімі і ісці да пастаўленай мэты сваёй дарогай, не зважаючы на перашкоды і не азіраючыся па баках, на суседзяў і на сусветную грамадскую думку. Правільна будзе знайсці сярэдзіну, адзначыць, што ўдалося юбіляру зрабіць добрага, светлага, запамінальнага для народа, а што не ўдалося, і чаму не ўдалося – па яго няправільных паводзінах ці па знешніх абставінах, якія ён не браў пад увагу з-за сваёй маладосці і нявопытнасці: дырэктар саўгаса адразу ўзнёсся ў высокае крэсла прэзідэнта.
Як гэта пачыналася
Неўзабаве пасля трыумфальнай перамогі ў час выбараў вясной 1994 года над Кебічам, Шушкевічам, Пазняком і першым сакратаром адноўленай кампартыі Беларусі Новікавым першая жонка Лукашэнкі Галіна Радзівонаўна нібыта дзесьці сказала, што яе муж не затрымаецца на гэтай пасадзе – ён не любіць працаваць доўга на адным месцы. Але, як бачыце, яе прароцтва не спраўдзілася: яе мужу так прыйшлася па душы высокая пасада і вялікая ўлада, што ён яшчэ тры разы запар выйграваў з ашаламляльнай перавагай пасаду прэзідэнта, а сваіх некаторых супернікаў пераследаваў, нават саджаў за краты.
Час бяжыць імкліва, і неўзабаве беларускі электарат адзначыць юбілей Аляксандра Рыгоравіча – рэкардсмена. Па працягласці вярхоўнай улады яму няма аналагаў у Еўропе, а на постсавецкай прасторы ёсць – гэта сярэднеазіяцкія аксакалы: казах Назарбаеў і ўзбек Карымаў, былыя першыя сакратары кампартый.
Першы прэзідэнт Беларусі (ужо беспартыйны пасля выбараў) сеў у Чырвоным Доме ў тое ж крэсла, у якім сядзелі першыя сакратары ЦК КПБ Панамарэнка, Гусараў, Патолічаў, Мазураў, Машэраў, і ўпэўнена, напорыста стаў кіраваць “ад імя народа і для народа”, якому ён неўзабаве пасля выбараў паведаміў, што “не павядзе яго па цывілізаваным шляху” капіталізму, а павядзе дарогай “рынкавага сацыялізму”. Языкаты “старшы брат”, што жыве на ўсходзе, назваў палітыку нашага прэзідэнта “лукашэнканізацыяй”, а яго ідэалогію – “лукашызмам”. Аляксандр Рыгоравіч не застаўся ў даўгу і сказаў: “Беларусы – гэта тыя ж рускія, толькі са знакам якасці”.
Не ўсё тое, што абяцае Лукашэнка перад выбарамі, ён выконвае, але дзеля праўды трэба прызнаць, што яму ўдалося трохі палепшыць жыццё падкантрольных яму беларусаў у параўнанні з тым, што было да яго. Харчаванне стала больш збалансаваным, разнастайным і якасным. Здароўе умацавалася, зменшылася смяротнасць ад хвароб. Узрасла працягласць жыцця. Жыллёвыя ўмовы палепшыліся ў гарадах і вёсках. У крамах пашырыўся асартымент тавараў. Аўтамабілі ўжо не раскоша, а патрэба. Гарады і вёскі папрыгажэлі, умацавалі сваю інфраструктуру. Прыведзены ў парадак аўтамабільныя дарогі і чыгунка. Здавальняюча працуюць установы асветы, медыцыны, культуры і спорту. Дар’я Домрачава феерычна выступіла на Алімпіядзе і стала першай жанчынай – Героем Беларусі.
Параўнанне з суседзямі
Пры Саветах у нас была “жалезная заслона”, якая ахоўвала саўкоў ад пранікнення ў іх свядомасць буржуазных ідэй Захаду. Цяпер – свабода, едзь, куды хочаш, і людзі ездзяць па свеце ды бачаць, што капіталізм квітнее насуперак прадказанням Маркса і Леніна. У беларусаў капіталізм пад бокам, за Бугам, і яны туды ездзяць кожны дзень – за таварамі, якіх у Брэсце няма, а калі і ёсць, то даражэйшыя і не такія якасныя. Хросным бацькам польскага капіталізму з’яўляецца пан Бальцаровіч, эканаміст, які прыдумаў шокавую прыватызацыю дзяржаўных прадпрыемстваў, якія з-за бюракратычнага стылю кіравання не маглі наладзіць выраб высокаякаснай прадукцыі. Палякі склаліся грашыма і выкупілі ў польскага жонду маёмасць, а стаўшы яе гаспадарамі, рушылі наперад так, што сёння нашых заходніх братоў-католікаў называюць еўрапейскімі тыграмі. Сусветны эканамічны крызіс крыху падкасіў стары капіталізм Захаду, а новы польскі – не, ён рвецца наперад, не ведае стомы, дэпрэсіі і стагнацыі.
Чвэрць стагоддзя таму ІІІ Рэч Паспалітая была часткай сацыялістычнага лагера, і яе эканамічны патэнцыял саступаў патэнцыялу БССР у разліку на аднаго чалавека, а сёння сярэднестатыстычны паляк кладзе ў сваю кішэню больш за тысячу долараў, а беларус – у два разы менш, трэць беларусаў намнога менш.
У нашых паўночных суседзяў – Літве і Латвіі — і ва ўсходняй Расіі капіталізм набыў незваротную інерцыю, і жыццёвы ўзровень народа таксама вышэй, чым у сінявокай Беларусі. А як ён можа павышацца, калі не павышае свой рост эканоміка? Два гады таму ў навагоднім віншаванні Аляксандр Рыгоравіч заявіў, што “наступны 2012 год стане пераломным для эканомікі. У нас няма іншага выбару”. А ён не пераламаў сітуацыю, эканоміка не паслухалася “Бацьку” – замест планавых 8% росту прыбавіла каля аднаго працэнта, і тое з нацяжкай. Летась планавалі павысіць на 8,5%, аднак ніводная вобласць не ўзяла такую планку. Раней білі ў фанфары, прынародна выхваляліся, калі эканоміка жыла ростам, была на ўздыме, а сёння Белстат, які прэзідэнт вывеў з падпарадкавання Ураду і падпарадкаваў сабе, неахвотна друкуе паказчыкі працоўных калектываў: няма чым хваліцца і радаваць грамадскую думку.
Прыватызацыя непазбежная?
Апошнім часам прэзідэнт, які кіруе аўтарытарным стылем – дырэктывамі і ўказамі, усё больш схіляецца да эканамічных рэформ. Прайшла інфармацыя, што рыхтуецца продаж Мінскага трактарнага завода, пабудаванага пасля вайны па ўказанні самога Сталіна. Прыватызацыя непазбежная. Прэзідэнт няўхільна дрэйфуе ад “рынкавага сацыялізму” да класічнага капіталізму, спрабуе крочыць цывілізаваным шляхам. У гэтага дрэйфа шмат падводных камянёў. Як вядома, дурань вучыцца на сваіх памылках, а разумны на чужых. Беларусам варта скарыстацца з вопыту суседзяў пры змене форм уласнасці, каб найлепшым чынам справіцца з падводнымі камянямі. Шокавая прыватызацыя нам не патрэбна – абыдземся без яе. Мінскі трактарны завод – уласнасць народа, і народ павінен па праву ўласніка ведаць, каму прэзідэнт хоча яго прадаць, за якія грошы, хто пакупнік. Усё трэба рабіць празрыста, публічна, сумленна. Кажуць, што найбольш верагодным пакупніком з’яўляецца Юрый Чыж, родам з Берасцейшчыны, які выбіўся ў алігархі ў гады праўлення Аляксандра Рыгоравіча.
Сваіх дамарослых ротшыльдаў у нас нямнога, можа, з паўтузіна, а следам за трактарным настане чарга Мінскага аўтазавода “БелАЗ”, Гомсельмаша, двух нафтазаводаў, Гродзенскага азотна-тукавага камбіната, “Беларуськалія” і мноства меншых прадпрыемстваў агульнанароднай уласнасці. Хто іх купіць? У каго ёсць грошы – замежнікі!
Сялянскае пытанне таксама на слыху: што будзе з вёскай? Пасля таго як у 30-я гады мінулага стагоддзя ў сялян адабралі зямлю і аб’ядналі ў калгасы (у народзе: “прыгоннае права бальшавікоў”), савецкая вёска трапіла ў нерат хранічнага крызісу, які працягваецца і сёння. Нягледзячы на пільную ўвагу прэзідэнта да вёскі, велізарныя грошы з бюджэту, асабліва на мадэрнізацыю жывёлагадоўлі, — ленінская кааперацыя, як і ўся савецкая сістэма, -неэфектыўная, сяляне працуюць многа, а карысці мала. Малака дояць шмат, прадаюць яго за мяжу, пераважна ў Расію, на 8-10 мільярдаў долараў у год. А калі ўсё палічаць – корм, догляд за жывёламі, перапрацоўку малака, перавозку, грошай атрымліваецца з гульчын нос. А раслінаводства савецкае заўсёды было нерэнтабельным, таму калгаснае сялянства найменш грашавітае. Аляксандр Рыгоравіч не аднойчы папярэджваў аграрнае кіраўніцтва, каб яно разлічвала на свае сілы, не чакала грошы з бюджэту, а шукала іх розумам. І кіраўніцтва знайшло грошы: старшыні калгасаў сталі павышаць кошты на свой тавар так, як і гараджане павышаюць на свой. Пакуль прэзідэнт не адхіліў ад улады ніводнага старшыню калгаса за тое, што ён дзейнічае рынкавымі метадамі. Вось і нядаўна цэны на малочную прадукцыю падскочылі ў крамах на 10%. Па галапіраванні цэн беларусы ідуць у авангардзе СНД – спадкаеміцы СССР.
Абстрагіраваўшыся ад сённяшняй коштавай кан’юнктуры, важна падкрэсліць прынцыпова: не могуць быць карыснымі дзве формы ўласнасці ў адной дзяржаве. Як і два супрацьлеглых сацыяльна-палітычных ўклада – капіталістычнай прыватна-ўласніцкай прамысловасці і сацыялістычнай сельскай гаспадаркі. Па логіцы класавай барацьбы такое глыбіннае супрацьстаянне выбухова небяспечнае, і яго трэба папярэдзіць шляхам прыватызацыі прадукцыйных сіл вёскі, найперш зямлі – галоўнага багацця сялян.
Пры святле публічнасці
Юбілеі Лукашэнкі – аператыўная нагода для таго, каб шырока, усебакова, спакойна і канструктыўна падсумаваць вынікі мінулага прэзідэнцкага 20-годдзя і вызначыць стратэгічныя накірункі на будучыню.
Аляксандр Рыгоравіч дасканала засвоіў і палюбіў тэлевізійныя прэс-канферэнцыі са сваімі і расійскімі журналістамі, а са сваімі выбаршчыкамі, простым народам, у каго па Канстытуцыі Вярхоўная Улада, ён ніколі не размаўляў у эфіры, не слухаў, што скажа народ, і не адказваў яму, хоць з тэлевізара прэзідэнт не вылазіць. Такую канферэнцыю з народам Лукашэнку трэба ўчыніць у свае юбілеі, а затым тэлевізійныя веча павінны праводзіцца рэгулярна, хоць бы раз на год.
Прэзідэнт атрымлівае мноства пісьмаў. Калі не сам прэзідэнт, то яго Адміністрацыя абавязана інфармаваць грамадскасць, пра што пішуць беларусы свайму прэзідэнту і як ён рэагуе. Галоснасць, публічнасць – вельмі эфектыўныя мікстуры для вылечвання хранічнай хваробы – бюракратызму, аздараўлення ўлады і больш шпаркага руху наперад.
Ответить